На карце Астравеччыны: вёска Пятрашышкі

Пятрашышкі – невялікая вёсачка сярод палёў і ўзгоркаў, у зелені садоў і квецені палісаднікаў. Нічым асаблівым не выдзяляецца, хіба што назвай, якую так і хочацца раздзяліць на дзве часткі і звязаць з іменем Пятра Вялікага. Але мясцовы краязнаўца Эдуард Балюцкіс расчараваў: Пётр I да Пятрашышак не мае ніякага дачынення, зрэшты, як і першы пасяленец. Тым не менш, назва вёскі, хутчэй за ўсё, паходзіць ад уласнага імені Пётр, які, трэба думаць, меў справу з шышкамі.


Гістарычная даведка

Пятрашышкі – вёска ў Міхалішкаўскім сельсавеце за 59 км ад Астраўца, 309 – ад Гродна. 

У 16 стагоддзі – сяло ў Трашчанскай воласці Быст­рыцкага староства Вялікага Княства Літоўскага. У 1568 годзе – уласнасць Бутрымовічаў у Віленскім ваяводстве. У 1782 годзе – у складзе маёнтка Трашчаны ва ўладанні графа Цыпрыяна Бжастоўскага. У 1783 годзе – уласнасць земскага суддзі Мінскага ваяводст­ва Феліцыяна Прушынскага ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе – у складзе Расійскай імперыі.

У 19-м стагоддзі вёска ў складзе казённага маёнтка Будраны ў Свянцянскім павеце Віленскай губерніі.

Паводле рэвізіі 1857 года ў вёсцы 36 сялян­скіх душ. Уваходзіла ў Аляксандраўскую акругу і адносілася да Будранскай сельскай грамады. 1899 год – 7 двароў, 59 католікаў. У 1903 годзе – засценак, 117 жыхароў. 1909 год – 9 двароў, 144 жыхары.

З верасня 1915 да снежня 1918 года вёска была акупі­равана войскамі кайзераўскай Германіі, з красавіка 1919 года да кастрычніка 1920 года – войскамі Поль­ш­чы. 

У 1938 годзе – у Жукойненскай гміне Свянцянскага павета Віленскага ваяводства: 24 двары, 109 жыхароў.

З лістапада 1939 года – у складзе БССР. З 12.10.1940 года –  у Клюшчанскім сельсавеце Свірскага раёна Вілейскай вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

З 20.09.1944 года – у Маладзечанскай воблас­ці, а з 03.04.1959 года – у Астравецкім раёне. З 20.01.1962 года – у Гродзенскай вобласці.

У 1959 годзе ў Пятрашышках 72 жыхары, у 1970-м – 59, 2004-м – 33. У 2014 годзе – 11 гас­падарак, 25 жыхароў.


Захавальнік мясцовай гісторыі

Мы прывыклі, што памяць пра сівую даўніну захоўваюць найперш старажылы. А вось пра гісторыю вёскі Пятра­шыш­кі мне распа­вёў малады эрудыраваны мужчына Эдуард Балюцкіс. Ён нарадзіўся і вырас у Пятрашышках і ўсім сэрцам любіць сваю маленькую радзіму: вёску, прыроду і людзей.

Пасля заканчэння Спон­даў­скай школы Эдуард паступіў у Ба­ры­саўскі дзяржаўны каледж, закончыў яго з дыпломам з адзнакай і вось ужо 25 гадоў працуе майстрам лесу ў Спон­даўскім лясніцтве. Справу сваю ведае і любіць – гэтак жа, як і гісторыю роднага краю: яго аповедамі можна заслухацца.

Шмат разоў, пачынаючы з «Купалаўскіх вакацый», яго запра­­шалі экскурсаводам у розныя тэлевізійныя праекты: «Тэрра інкогніта», «Беларусь – краіна азёраў», «Спадчына», каб паказаць і расказаць пра адметную прыроду і славутыя мясціны Спондаўшчыны. Даследуе ар­хівы: гісторыю сваіх продкаў «рас­капаў» да сёмага калена.

Эдуард Балюцкіс сцвярджае, што, згодна з архіўнымі даку­ментамі, першым пасяленцам у Пятрашышках быў панцырны баярын Стэльмах Валуевіч. 

Да ведама: панцырныя баяры – гэта прамеж­кавы слой паміж шляхтай і сяля­намі. Ім давалі зямлю, вызвалялі ад падаткаў за нясенне абавязковай воінскай службы, у цяж­каўзброенай конніцы (у пан­цыры) яны з сынамі і сваімі людзь­мі пры першай патрэбе павінны былі выступіць на абарону.

Ад Стэльмаха пайшлі ўсе Валуевічы ў акрузе. Гэта пацвярджаецца і звесткамі з касцёльнай кнігі за 1875 год: у той час у Пятрашышках было 14 гаспадарак і ўсе Валуевічы, акрамя аднаго Юхны – прымака.

Вайна і яе ахвяры

У Пятрашышках людзі жылі дружна. Аб гэтым сведчыць і той факт, што ў час вайны яны ўсёй вёскай хавалі ад немцаў яўрэя: па чарзе, як пастуха, кармілі па тыдню. Але ён вырашыў перабрацца ў Пабрадзе. Яго знайшлі забітым праз некаторы час у кус­тах паміж Будранамі і Баранямі.

Многа ў вайну здаралася неразгаданых гісторый.

У лесе былі сенажаці, якія так і зваліся – Пятрашышскія. Савец­кія войскі ўжо вызвалілі Беларусь, фронт адкаціўся далей. Вяскоўцы паехалі касіць свае надзелы і ўбачылі на сенажацях немца ў фор­ме і з карабінам, які хадзіў па перыметры. Ці яго пакінулі штосьці вартаваць ды забыліся зняць з паста, ці з галавой у чалавека нешта сталася – невядома. Жан­чыны баяліся ісці сенаваць, а мужчыны спрабавалі яго разгаварыць, ды зразумелі толькі адно слова «шпацыр». Праз некаторы час знайшлі яго, задушанага, пад соснамі.

Падобная гісторыя здарылася і з рускім салдатам Косцем, якога часта сустракалі ў лесе і добра ведалі. Ці ён адстаў ад сваіх, ці меў якое сакрэтнае заданне – невядома. Яго таксама знайшлі нежывога і пахавалі ў лесе на Козім хрыбце.

Адметнасці

У Пятрашышак ёсць свае ад­метнасці. Перш за ўсё кідаецца ў вочы, што па адным баку вясковай вуліцы хаты стаяць на гары, а на другім – у нізіне. А пасярод вёскі – балота, якое называюць Вольхі. 

Як і амаль ва ўсіх даваенных вёсках, стрэхі ў Пятрашышках былі саламяныя. У 1957 годзе здарыўся пажар з-за невядомай да гэтай пары прычыны. Выгарала амаль уся вёска: з 22-х хат засталося толькі 5.

Яшчэ адна адметнасць, я б сказала, мясцовая знакамітасць – цагельня: пра яе ў свой час пісала «Астравецкая праўда». Хоць і зна­ходзілася яна ў Пятра­шыш­ках, але называлася кіся­лёўскай: засна­вальнік яе пахо­дзіў з Кісялёў.

Працавітыя людзі 

Меліся ў вёсцы свае майстры: кавалі, шаўцы, краўцы, цесляры. 

Адмысловай швачкай была Ганна Ракоўская, якая сёлета адзначыла 100-гадовы юбілей. Юзэфа Ёч працавала швачкай, а Альдона Валуевіч – закройшчыцай і загадчыцай Клюшчанскага комплексна-прыёмнага пункта. 

На ўсю акругу славілася сямейная дынастыя музыкантаў Валуевічаў. Юзаф Лось па­ды­грываў ім на драўлянай флейце, якую сам змайстраваў.

Вясковыя трактарысты і вадзі­целі працавалі ў калгасе імя Мічу­рына. Калектыўную гаспадарку тут стварылі ў 1948 годзе. Напачатку пад яе аддалі землі плодагадавальніка Смаленскага ў Клюшчанах і пана Сволькена ў Шайкунах. Тут займаліся тым жа, чым некалі Віктар Смаленскі: вы­рошчвалі саджанцы пладовых дрэў і прадавалі іх у Вільнюс, Мінск, Маладзечна. Працавалі там амаль усе жыхары вёскі. А ў маёнтку пана Сволькена жыло начальства і ўчастковы міліцыянер.

Калі пачалося ўзбуйненне гас­падарак, калгас імя Мічурына далучылі да масцянскай «Пера­могі». Шайкуны ж засталіся далёка ад цэнтральнай сядзібы – і там паступова ўсё прыйшло ў заняпад. Гаспадарлівыя мужчыны яшчэ доўга хадзілі ў Шайкуны за саджанцамі для сваіх садоў.

А як адкрылі цагельню, то боль­­­шасць вяскоўцаў стала пра­цаваць там.

З Пятрашышак выйшлі спе­цыя­лісты ў розных галінах: настаўнікі, урачы, лесаводы, аграрнікі.

Дапамагаў малітвай і справай

Нельга не сказаць колькі слоў пра Баляслава Валуевіча. У свой час ён паступіў у Віленскую духоўную семінарыю – магла б клюшчанская парафія мець яшчэ аднаго святара, калі б не вайна, якая прыпыніла яго вучобу. Юнак вярнуўся дадому. Суседзі не раз чулі, як у асаб­ліва трывожныя часіны ён, сха­ваўшыся на гарышчы, спяваў псалмы.

У пасляваенны час Баляслаў, хлопец адукаваны, быў ра­хун­каводам на цагельні. Потым пайшоў у гандаль. Жыў у Гу­дагаі, працаваў на аптовай базе райспажыўтаварыства.

Калі ў 1989 годзе пачалі ад­раджаць клюшчанскі касцёл, Баляслаў аказаў не­ацэнную дапамогу землякам: у час павальнага дэфіцыту праўдамі і ня­праў­­дамі даставаў патрэбныя будматэрыялы. А ўнутранае ўб­ранства і рэчы, патрэбныя для касцёльных на­бажэнстваў, зда­бываў у сваіх былых адна­кур­сні­каў, якія да таго часу сталі ксян­дзамі. Парафіяне да гэтай пары ўспамінаюць яго з удзячнасцю.

Дзень сённяшні

Сёння ў Пятрашышках 5 жылых дамоў, у трох з якіх засталося па адным чалавеку. Усяго ў вёсцы 11 жыхароў: Часлаў Субач, Марына Пляўга з дзвюмя дачушкамі, Міраслаў Шымковіч, Тарэса Балюцкене, Эдуард Ба­люц­кіс з жонкай Аленай і двума дзецьмі, Генадзь Ёч.

Эдуард Ба­люц­кіс

Міраслаў Шымковіч

Нягледзечы на сумную тэн­дэнцыю вымірання вёсак, Пятра­шышкі жывуць. І будуць жыць, пакуль ёсць людзі, сэр­цам адданыя бацькоўскай зямлі; пакуль абуджаюць ранкі не толькі птушыныя спевы, але і дзіцячыя звонкія галасы.
Невялікай чародкай бягуць яны на прыпынак, каб ехаць у школу, здабываць веды і ў будучым праславіць сваю вёску, якая назаўжды застанецца для іх месцам сілы.


Іаланта ВАЛУЕВІЧ.

Фота Андрэя Памецькі і з архіва Эдуарда Балюцкіса.