Конкурс “Сваё, астравецкае”: што ведаюць пра Мікалая Кажамякіна жыхары Астравеччыны

Заданнем «з зорачкай» назвала 11 тур конкурсу «Сваё, астравецкае» адна з яго пастаянных удзельніц Наталля Блахіна. 

Зрэшты, падзел на «лёгкае – цяжкае» сінанімічна «ведаю – не ведаю». Калі знойдзеш адказ на асноўнае пытанне – у гонар каго быў пасаджаны дэндрапарк, то далей усё проста: звесткі пра заслужанага лесавода Рэспублікі Беларусь Мікалая Пятровіча Кажамякіна ёсць у кнізе «Памяць», пра яго неаднойчы пісала «Астравецкая праўда» і іншыя перыядычныя выданні. Яшчэ жывыя людзі, што працавалі і стасаваліся з Кажамякіным і могуць многае расказаць пра яго. Таму памылак на гэты раз не было: усе нашы пастаянныя ўдзельнікі не толькі правільна адказалі на пытанне, але і шмат расказалі пра Мікалая Пятровіча, звярнуўшыся да ўсіх ці некаторых узгаданых крыніц.

Мы рады, што наш конкурс стаў нагодай, каб успомніць гэтага неардынарнага чалавека, пра лёс якога можна пісаць кнігі і здымаць фільмы.

Нарадзіўся Мікалай Пятровіч Кажамякін 4 студзеня 1926 года ў вёсцы Рудня-Віктарынская Буда-Кашалёўскага раёна на Гомельшчыне. У сям’і было пяцёра дзяцей, Мікалай сярэдні.

Калі пачалася вайна, бацьку і старэйшага брата забралі на фронт. Мікалай, тады яшчэ пад­летак, разам з землякамі 8 ме­ся­цаў хаваўся ад фашыстаў у лесе. Пасля вызвалення вый­шлі на папя­лішчы… 

Хлопцу было 17 гадоў, але ён пайшоў у ваенкамат прасіцца на фронт. Ваенкам, убачыўшы яго настойлівасць, пагадзіўся: «Мы яго ў ваенную школу адправім. Пакуль адвучыцца, то і вайна скончыцца», – супакоіў ён маці.

Не ўгадаў ваенкам…

Мікалай Пятровіч трапіў у куля­мётны ўзвод. Навучанне ў Падмаскоўі было кароткім: у лютым 1944 года яго накіравалі на І Беларускі фронт.

Яго першы цяжкі бой адбыўся 24 чэрвеня 1944 года падчас апе­ра­цыі «Баграціён» пад Мінскам. Узвод адбіваў па 5-6 ва­рожых атак за дзень. Дзесяць гадзін запар не ады­ходзіў Мікалай ад кулямёта – і рап­там правую нагу апёк востры боль. Таварышы перавязалі ра­ну – і ён працягваў страляць, пакуль не стра­ціў прытомнасць. Апрытом­неў у медсанбаце. Хірург супакоіў: «Па­шанцавала табе, хлопец: асколак толькі закрануў мяккія тканкі».

Маладзенькі салдат хутка па­пра­віўся, дагнаў свой узвод і нават узначаліў яго. Не раз даводзілася яму бачыць смерць сяброў. У адным з баёў загінуў яго таварыш па кулямётным разліку. Яго  замяніў сталы мужчына, які стаў для Мікалая амаль што бацькам: апекаваў юнага кулямётчыка, прыкрываў у небяспецы.

У жніўні 1944 года Кажамякін зноў быў паранены – на гэты раз у руку. Вось як сам Мікалай Пят­ровіч расказваў пра гэтае раненне:


«Мы толькі ўвайшлі на тэрыто­рыю Польшчы. Фашысты змага­ліся за кожны дом, страляла кожная руіна. Я са сваім кулямётам схаваўся за разбуранай сцяной і без перапынку ціснуў на гашэтку. І раптам адчуў нясцерпны боль у руцэ. Добра, што рука была левая. Сапёры выцягнулі кулю пласкагубцамі, санітары перавязалі – і я працягваў страляць. Малады быў, усё хутка зажывала…»

Ды, на жаль, не ўсё… У кастрыч­ніку таго ж 1944 года варожы снарад разарваўся зусім побач.

Адчуў нібы ўдар у твар – і страціў прытомнасць, – успамінаў Мікалай Пятровіч. – Санітар ніяк не мог зрабіць перавязку: толькі забінтуе адно месца, як кроў пачынае фантаніраваць у іншым. На маё шчасце, у тыл ішла машына за снарадамі, і санітар адправіў мяне ў медсанбат. Памятаю палатку, у якой мяне аперыравалі: цесная, вузкая, ногі не змяшчаюцца. Франтавы хірург дастаў з цела сорак асколкаў, але ўсе выцягнуць не змог – некаторыя заселі вельмі глыбока, а аперыраваў ён без наркозу. «Баюся калег пакінуць без работы, няхай і яны над табой паварожаць, – пажартаваў урач, калі адпраўляў Кажамякіна ў шпіталь.

Работы над яго нашпігаваным асколкамі целам хапіла не аднаму хірургу – адзін з асколкаў даста­валі нават з лёгкага. Ды і сам ён, ужо ў сталыя гады, як успамінала дачка, часам выкалупваў з рукі кавалачкі металу. Памяць пра вайну ён насіў у сабе ўсё жыццё ў літаральным сэнсе гэтага слова. І забраў на той свет…
Пасля апошняга ранення Мі­­­ка­­лай Кажамякін паўгода да­леч­ваўся на Далёкім Усходзе ў Хал­­бін­скім шпіталі. Калі змог рухац­ца на мыліцах, камісавалі і адпра­вілі дахаты. Праўдамі і няпраўдамі дабраўся ён да род­най вёскі – і прывёз навіну, якую пачуў у дарозе і якой нават баяўся верыць: вайна скончана! Перамога! Адна­вяскоўцы падкідвалі яго на руках. Плакала ад шчасця маці: старэйшы сын не вярнуўся з вайны, а Міколка прыйшоў. Скалечаны – але жывы! А на 48 мужчын з іх вёскі родныя атрымалі пахаванкі… 

За баявыя подзвігі Мікалай Ка­жа­мякін узнагароджаны ордэ­на­мі Славы І і ІІ ступеняў, ордэнам Айчын­най вайны І ступені, меда­лямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Але многія з гэтых уз­на­­гарод знайшлі героя ўжо пасля вайны: крывапралітныя баі, мед­санбаты, шпіталі – не да ўзна­гарод было.

Пасля вайны ён пайшоў вучыцца ў лясны тэхнікум: лес быў яго домам, сховішчам, кармільцам, сябрам падчас ваеннай акупацыі. І застаўся такім на ўсё астатняе жыццё.

Пасля заканчэння тэхнікума ў 1948 годзе яго накіравалі ў Заход­нюю Беларусь: Ашмянскі лясгас, Быстрыцкае лясніцтва… А тут у пасляваенныя гады быў свой фронт, толькі нябачны. Гас­падары добра памяталі свае лясныя надзелы і не ўяўлялі, што цяпер яны не могуць зрэзаць у сваім лесе дрэва, што ім можа перашкодзіць нейкае хлапчанё, якое завецца лесніком. Не аднойчы Мікалай быў пад прыцэлам браканьераў, не раз літасцівы лёс сцярог яго ад немінучай, здавалася б, смерці.

Быў у лясным жыцці Мікалая Пятровіча непрацяглы перапынак: на працягу пяці гадоў ён узначальваў Астравецкі райкам камсамола. Але не пайшоў далей па камсамольска-партыйнай лініі, вярнуўся ў лес – і аддаў яму ўсё жыццё. 32 гады працаваў ён ляснічым Астравецкага ляс­ніцтва (напачатку яно называлася Гудагайскім), пакінуў работу толькі ў 70 гадоў. 

Быў у Мікалая Пятровіча яшчэ адзін верны сябар, пра якога згадалі амаль усе канкурсанты: матацыкл «Харлей». Яшчэ ў час сваёй камсамольскай работы ўбачыў ён у абкамаўскім гаражы трафейную машыну, да якой ніхто не ведаў, як падступіцца, – і вочы загарэліся. Калі даведаўся, што ніхто на ім не ездзіць, папрасіў: аддайце мне! Прыехаў з Гродна ў Астравец на «Харлеі» – і не разлучаўся з матацыклам да глыбокай старасці, лічыў яго самым лепшым і надзейным транспартам: на ім аб’язджаў самыя цяжкапраходныя лясныя сцяжынкі.

Усе, хто ведаў асабіста Мікалая Кажамякіна, адзначалі яго праца­ві­тасць, прынцыповасць, адда­насць справе і лесу. Званне «За­слу­­жаны лесавод БССР» – таму пацвярджэнне. 

Радуе, што паслядоўнікі Міка­лая Кажамякіна ведаюць пра яго гераічнае ваеннае і слаў­нае мір­­нае жыццё, берагуць і ўшаноў­ваюць яго памяць. Дэндра­парк яго імя ка­ля вёскі Задворнікі – толькі адно таму пацвярджэнне. Ён, да слова, уні­кальны, як і ўвогуле комплекс, створаны лесаводамі на базе былой панскай сядзібы. Дэндрапарк займае плошчу больш за 3 гектары, там пасаджана амаль 1 300 дрэў і кустоў 80 відаў, зроблена цікавая кампазіцыя з камянёў, устаноўлена альтанка. Пра тое, у гонар каго створаны гэты цуд прыроды, інфармуе спецыяльная шыльда.

Акрамя таго, у гонар Мікалая Пят­ровіча Кажамякіна ў 2008 го­дзе пасаджана 15 гектараў імян­нога лесу каля вёскі Захарышкі. Самае адметнае тое, што ў пасадцы прымаў удзел сам Мікалай Пятровіч – у рэдакцыйным архіве захаваліся здымкі гэтай падзеі.

Можна толькі ўявіць, што перажываў Мікалай Пятровіч у той дзень, – піша Карына Ста­повіч. – Яму было ўжо далёка за восемдзесят. Рукі, якія калісьці ўмела абыходзіліся не толькі з мячом Колесава, але і са зброяй, цяпер трымалі маленькія саджанцы, апускалі іх у зямлю, прыціскалі карэньчыкі… Кожнае дрэва, пасаджанае ў той дзень, стала маўклівым сведкам таго, што жыццё працягваецца.

За сваё жыццё Мікалай Кажа­мякін пасадзіў каля трох тысяч гектараў лесу – паспрабуйце толь­кі ўявіць сабе гэтую плошчу! І ўсё ж гэты, імянны,  – асаблівы… 

У 2023 годзе ў гонар Мікалая Пят­ровіча Кажамякіна ў Астра­вец­кім лясгасе адкрылі памятную дошку – гэты знак удзячнасці нашчадкаў прыгадалі ўсе канкурсанты, большасць даслала і здымкі.

Карына Стаповіч расказала, што адна з унучак Мікалая Пятро­­віча назвала свайго сына Мікалаем – і гэта памяць пра пра­дзеда, магчыма, – самая важная і галоўная.

Няхай растуць лясы – і дзеці. І жыве памяць пра Мікалая Кажа­мякіна.

Што тычыцца вынікаў 11-га этапу, то на гэты раз па 5 балаў ат­рым­ліваюць Карына Стаповіч, Аляксандра Працута, Марыя Васі­лёнак і тандэм Бабіч-Заруба, па 3 – Наталля Блахіна і Вячаслаў Са­ковіч.

Поспехаў у наступным этапе кон­курсу!

Текст: Нина Рыбик