В Париже прошла выставка, посвящённая Иосифу Гашкевичу

2 верасня ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў горадзе Парыжы ў рамках святкавання Дней культуры Беларусі прайшло ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай нашаму знакамітаму земляку, выдатнаму дыпламату, вучонаму-арыенталісту Іосіфу Гашкевічу. Больш таго, юбілейная дата нараджэння Іосіфа Гашкевіча – а сёлета адзначаецца 200-годдзе з дня яго нараджэння – унесена ЮНЕСКА ў Сусветны каляндар памятных дат на 2014-2015 гады.

Выстава была арганізавана Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі пры ЮНЕСКА і нацыянальным гістарычным музеем Беларусі пры падтрымцы прадстаўніцтваў Расіі і Японіі пры ЮНЕСКА.
На цырымоніі адкрыцця экспазіцыі прысутнічалі намеснік Генеральнага Дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях культуры Альфрэда Перэс дэ Арміньян, паслы і пастаянныя прадстаўнікі пры ЮНЕСКА Афганістана, Казахстана, Расіі, Сербіі, Сірыі, Паўднёвай Карэі, Японіі, дыпламаты розных краін, супрацоўнікі  Сакратарыята ЮНЕСКА, дзеячы культуры і прадстаўнікі беларускай дыяспары, якія жывуць у Францыі.
У адкрыцці выставы прынялі ўдзел намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Ніна Калымага і намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла.
У прывітальным слове з нагоды адкрыцця выставы Пасол Рэспублікі Беларусь Павел Латушка адзначыў значную ролю ў гісторыі Іосіфа Гашкевіча – выдатнага дыпламата і навукоўца-ўсходазнаўцы, які нарадзіўся ў Беларусі.
Пасол Беларусі падкрэсліў, што «беларусы шануюць памяць свайго земляка. У Астраўцы яму ўстаноўлены бюст. У вёсцы Малі, дзе закончыўся жыццёвы шлях Іосіфа Гашкевіча, адкрыта памятная дошка. А адна з вуліц беларускай сталіцы носіць імя Іосіфа Гашкевіча».
На выставе можна было пазнаёміцца з гістарычнымі матэрыяламі, кнігамі, дакументамі, фотаздымкамі, якія сведчылі аб жыццядзейнасці знакамітага дыпламата і вучонага Іосіфа Гашкевіча.
Выстава працавала ў штаб-кватэры ЮНЕСКА да 5 верасня.


Матэрыялы прадстаўлены Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Францыі.