В Островецкой библиотеке организовали "Библиотеку Адама Мальдиса"

На працягу апошніх гадоў фонд Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі значна абнавіўся новай літаратурай. Вельмі добра, што бібліятэкі сёння маюць магчымасць самі набываць тую літаратуру, якая ім неабходна. Яшчэ адной важнай крыніцай папаўнення фонда з’яўляюцца кнігі, якія паступаюць да нас у дар ад чытачоў.

Нядаўна бібліятэка атрымала каштоўны падарунак. Наш знакаміты зямляк, прафесар, ганаровы чытач Астравецкай бібліятэкі Адам Восіпавіч Мальдзіс перадаў нам звыш 200 выданняў.  Трэба сказаць, што Адам Восіпавіч заўсёды радаваў нашых чытачоў цікавымі кнігамі – таму ўжо проста ўзнікла неабходнасць стварыць пры Астравецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы “Бібліятэку Адама Восіпавіча Мальдзіса”. Яе фонд можна падзяліць на тры раздзелы: выданні, у якіх ёсць звесткі аб Астравеччыне (зямлі Гудаў), выданні, у якіх змешчаны публікацыі Адама Восіпавіча, і выданні з аўтографамі пісьменнікаў.


Cярод кніг ёсць рэдкая – “Альфуркан татарскі. Карантэфсір татараў Вялікага Княства Літоўскага” аўтар Паўль Сутэр. Унікальнасць манаграфіі вядомага швейцарскага навукоўцы заключаецца ў тым, что гэта першы ў гісторыі пераклад на беларускую мову Карана з тлумачэннямі, які быў распаўсюджаны на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага. А яшчэ вельмі прыемна, што гэта кніга выйшла ў свет дзякуючы фундатарскай падтрымцы нашага земляка Алега Герта.

Да апошняга часу этнічная група літоўцаў у Рэспубліцы Беларусь не з’яўлялася аб’ектам комплекснага этналагічнага даследавання. І вось гэты прабел паспяхова ўдалося запоўніць яшчэ аднаму нашаму навукоўцу, вядомаму земляку Юрыю Внуковічу. У сваёй манаграфіі “Літоўцы Беларусі: этнічнае даследаванне” Юрый Восіпавіч разглядае праблемы фарміравання этнічнай групы літоўцаў Беларусі, яе этнічнай гісторыі, асаблівасці традыцыйнай культуры, высвятляе культурныя сувязі беларускіх літоўцаў і беларускага этнасу. Кніга выйшла ў свет у 2010 годзе накладам усяго 200 асобнікаў – і дзякуючы А.В. Мальдзісу з ёй можна пазнаёміцца ў бібліятэцы.

А яшчэ ў нас, нарэшце, з’явілася ўнікальнае выданне, якое ўсе мы так доўга чакалі, над якім Адам Восіпавіч Мальдзіс працаваў 12 гадоў – “Сузор’е беларускага памежжа. Беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах: энцыклапедычны даведнік”.

У гэтай кнізе ўпершыню сабраны 1650 біяграфічных артыкулаў пра нашых суайчыннікаў у краінах блізкага памежжа, краін, якія ўтварыліся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, а таксама Польшчы. У выданні прадстаўлены ўраджэнцы Астравеччыны – Станіслаў Бразевіч, Станіслаў Валодзька, Апалінар Красоўскі, Уладас Куцка, Бірутэ Куцкайтэ, Міколас Мажэйка, Чэслаў Мекін, Леакадзія Мілаш, Леанард Тапуць; асобы, жыццё якіх звязана з Астравеччынай – Галіна Урбан, Мечыслаў Яцкевіч. Калі сярод ураджэнцаў Астравеччыны знаёмыя ўсім нам прозвішчы, то пра Галіну Урбан і Мечыслава Яцкевіча хочацца нагадаць чытачам.

Галіна Урбан (26.09.1957 г. нарадзілася ў г. Вічуга Іванаўскай вобласці, Расія). Архітэктар, мастак, удзельніца культурнага жыцця беларускай дыяспары ў Польшчы. Нарадзілася ў сям’і служачых. У 1964 г. пачала вучыцца ў пачатковай школе ў г.п. Астравец. У 1967 г. з бацькамі пераехала ў Польшчу. Скончыла агульнаадукацыйны ліцэй у Гданьску (1976), факультэт архітэктуры і ўрбаністыкі Гданьскага політэхнічнага інстытута (1992). Г.Урбан прафесійна займаецца мастацтвам у галіне вітражоў. З’яўляецца аўтарам дэкарацыйных вітражоў у рэстаранах, гасцініцах, касцёлах Трыгарада, Торуня,  Эльблонга, Быдгашчы і інш. Працуе над вітражом для касцёла ў Маскве. Жыве Г.Урбан у Сопаце. З’яўляецца актыўным сябрам Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску.

Мечыслаў Яцкевіч (26.03.1931 г. нарадзіўся ў маёнтку Бокшышкі Валожынскага павета Віленскага ваяводства, цяпер Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.). Доктар навук, прафесар, літаратуразнавец, русіст, літуаніст і беларусіст, перакладчык, грамадска-культурны дзеяч, дыпламат. Нарадзіўся М.Яцкевіч у Бокшышках, але сям’я пастаянна жыла ў Вільні... У час Другой сусветнай вайны жыў з маці ў Кямелішках. Там закончыў беларускую сямігадовую, а затым (завочна) і сярэднюю школу... Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Тракаі. У 1951 г.быў мабілізаваны ў армію, службу праходзіў у Туркменіі. Вярнуўшыся, працаваў  настаўнікам у польскай сярэдняй школе ў Міцкунах каля Вільнюса. Ажаніўся, выехаў  у 1956 г. з сям’ёй у Польшчу... Закончыў рускае аддзяленне філфака Варшаўскага ўніверсітэта (1965). Выкладаў рускую літаратуру ў Ольштынскім педінстытуце, абараніў доктарскую дысертацыю (1975). У 1990-1998 г.г. выкладаў літоўскую літаратуру на кафедры ўсходазнаўства і балтыкі Універсітэта імя А. Міцкевіча ў Познані. У 1998 г. М. Яцкевіча накіроўваюць на дыпламатычную работу – генеральным консулам Рэспублікі Польшча ў Вільнюсе. Вучоным выдадзена 5 манаграфій, 4 літаратурныя анталогіі, 3 кнігі перакладаў… Сваёй фактычнай радзімай ён лічыць не Іўеўскі, а Астравецкі раён. Таму арганізаваў супрацоўніцтва паміж Астраўцом і Лідзбаркам Вармінскім Ольштынскага ваяводства. У выніку была падпісана дамова паміж імі (2010), а зараз адбываюцца ўзаемныя паездкі, развіваецца народная дыпламатыя…

Яшчэ вельмі шмат цікавага можна знайсці ў бібліятэцы Адама Восіпавіча Мальдзіса – тым больш, што яна будзе папаўняцца новымі экзэмплярамі. Упэўнена, што ў гэтым унікальным фондзе кожны чытач знойдзе выданне, якое яго зацікавіць.


---------------------------------

Наталля АЧАРЭТАВА, дырэктар Астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.