В День памяти и скорби в Михалишках прошёл митинг
Нядаўна ўся краіна адзначала 70-годдзе Вялікай Перамогі над нямецкімі акупантамі – радаснае і светлае свята. А вось дату 22 чэрвеня мы ўспамінаем з смуткам і болем: менавіта ў гэты дзень семдзесят чатыры гады назад мірнае неба над Міхалішкамі захіліла цёмная хмара варожых самалётаў, якія сыпанулі па зямлі градам бомбаў і куль… Пачалася Вялікая Айчынная вайна.Каб у чарговы раз ушанаваць памяць аб загінуўшых героях, па добрай традыцыі ў Міхалішках каля помніка лётчыкам і авіятэхнікам Пастаўскай авіяцыйнай школы, што загінулі на мясцовым аэрадроме ў першы дзень вайны, прайшоў урачысты мітынг.
Сёлета каля помніка сабраліся прадстаўнікі трох пакаленняў – мінулага, сучаснасці і будучыні: ветэраны працы, прадстаўнікі ўлады, члены працоўных калектываў, пагранічнікі, а таксама наведвальнікі дзіцячага палатачнага летніка “Вандроўнік”, што размясціўся на базе Міхалішкаўскай сярэдняй школы. Сімвалічная пераемнасць пакаленняў, каб памяць аб Вялікай Айчыннай вайне жыла заўсёды.
На мітынгу выступіў намеснік ваеннага камісара Астравецкага ваенкамата Дзмітрый Аляксандравіч Клімчэня, які ўзгадаў страшныя падзеі вайны і ўспомніў тысячы вядомых і невядомых загінуўшых герояў, якія коштам свайго жыцця падарылі нам мірнае існаванне.
Старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт у сваім выступленні звярнуўся да дзяцей, якія жывым калідорам сабраліся вакол помніка:
– Памятайце і шануйце сапраўдную гісторыю ваенных падзей і ў сваю чаргу распавядайце яе сваім дзецям і ўнукам, каб нашы нашчадкі ведалі ісціну і ўшаноўвалі вечны подзвіг удзельнікаў вайны.
Затым слова ўзяў дырэктар краязнаўчага музея, які створаны пры Міхалішкаўскай СШ, настаўнік гісторыі Ігар Рыгоравіч Усціменка. Ён узгадаў падзеі таго самага чэрвеньскага дня, калі нямецкія бамбардзіроўшчыкі разграмілі Міхалішкаўскі аэрадром і які вогненнымі лічбамі пакут і болі назаўсёды застаўся ў гісторыі днём пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Пашану вечнаму подзвігу загінуўшых лётчыкаў выказалі і воіны-пагранічнікі – моўчкі, застыўшы ў пачэсным каравуле ля помніка.
Не засталіся ўбаку і дзеці – яны пранікнёна прачыталі вершы і выказалі ўсеагульнае пажаданне, каб ніхто і ніколі больш не спазнаў жахаў вайны.
Закончыўся мітынг ускладаннем кветак і вянкоў да помніка загінуўшым воінам.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
