"Пока я помню - я живу". Вспоминает Николай Павлович Войтеховский

Карэнныя жыхары Астраўцы, асабліва старэйшага пакалення, добра ведаюць сям’ю Вайцяхоўскіх. Мікалай Паўлавіч доўгі час узначальваў фінансавы аддзел райвыканкама, Галіна Архіпаўна працавала медсястрой у цэнтральнай раённай бальніцы. Абое ўжо на заслужаным адпачынку, але вядуць актыўны лад жыцця: Мікалай Паўлавіч – член прэзідыума раённага савета ветэранаў, Галіна Архіпаўна – нязменны ўдзельнік клуба “Актыўнае даўгалецце” і ўсіх культурных мерапрыемстваў, што праходзяць у раёне. У іх шмат сяброў, якіх заўсёды цёпла прымаюць у гасцінным доме на вуліцы Калгушкіна.

Але нават сябры не заўсёды здагадваюцца, якую ролю ў лёсах іх бацькоў – а значыць, і ў іх уласных – адыграла вайна, хоць яна і закончылася яшчэ да нараджэння Мікалая Паўлавіча і Галіны Архіпаўны.

На Астравеччыне нямала людзей, якія лічаць сябе мясцовымі, бо тут прайшла большая частка іх свядомага жыцця, тут выраслі іх дзеці і ўнукі, тут іх сябры і калегі. І толькі найбольш блізкія ведаюць, што прывяла сюды іх саміх ці бацькоў-дзядоў – ці прыгнала, што было найчасцей, – вайна. Ці дакладней – пасляваенны голад і галеча, якія панавалі ва ўсходніх, амаль цалкам знішчаных фашыстамі раёнах Беларусі. Вось і шукалі людзі паратунку ў менш пацярпеўшай, а таму сыцейшай і багацейшай заходняй Беларусі. Сюды пасля вайны

падаўся на заробкі і былы партызан, а ў пяцідзясятых – новаспечаны бухгалтар, Павел Іванавіч Вайцяхоўскі. Жонка з двума малымі сынамі, Міколкам і Паўлікам, засталася чакаць, пакуль муж уладкуецца і выкліча іх да сябе. А як жа чакаць, калі ў хаце – ні кавалачка хлеба, ні жменькі мукі, ні бульбіны, калі кожны дзень без кармільца – што год? Мікалай Паўлавіч часам успамінае адзін з пасляваенных Вялікадней – з тых, калі яны з маці і меншым братам, адправіўшы бацьку ў заробкі, чакалі ад яго весткі і дапамогі. Прыйшло свята, а ў хаце – хоць шаром пакаці. Якія фарбаваныя яйкі, якія кулічы?! Што, як вы думаеце, у такі момант адчувала маці, калі дзеці глядзелі на яе галоднымі вачамі? Яна не вытрымала, аднесла суседцы лаўку – доўгі ўслон, які стаяў уздоўж сцяны і на якім маглі ўсесціся з паўдзясятка, а то і болей чалавек, а ў выпадку патрэбы і пераначаваць можна было – нічога больш каштоўнага ў хаце не было. А суседка ўзамен дала жанчыне вядро бульбы. Маці зварыла яе ў мундзірах – з тым і сустракалі Пасху…

Увогуле мы – я маю на ўвазе найперш сваіх калег-журналістаў – часта расказваем пра герояў вайны, якія змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах, пра іх гераічныя подзвігі і выпрабаванні, што выпалі на долю абаронцаў Айчыны. Але хай прабачаць мяне тыя, хто ваяваў, – тое, што давялося вытрываць падчас акупацыі ў тыле ворага мірным жыхарам – жанчынам, дзецям, падлеткам – на шалях божых вагаў, на якіх узважваюцца жыцці і смерці, слёзы і пакуты, можа пераважыць самыя крывапралітныя баі. Часам здаецца: тое, што выпала на іх долю, увогуле за мяжой чалавечых магчымасцей, па-за мяжой адпушчанай людзям трываласці…

Як прыклад, адзін з соцень ці нават тысяч – жыццё Дар’і Кузьмінічны Вайцяхоўскай, у дзявоцтве Азевіч – бабы Дашы, як і зараз любоўна, узгадваючы, называюць яе ўсе ў сям’і. Старажылы Бараноўкі яшчэ памятаюць бабу Дашу – рухавую, вясёлую, жанчыну… Але не ўсе ведаюць, што Дар’я Кузьмінічна нарадзілася далёка ад Астравеччыны – у вёсцы Кублічы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля падзелу Беларусі на Заходнюю і Усходнюю граніца паміж імі прайшла ў дванаццаці кіламетрах ад іх вёскі. Баба Даша часам расказвала, як іх, маладых дзяўчат, да вайны адпраўлялі “грабіць граніцу” – аднаўляць цэласнасць кантрольна-следавай паласы. Нашы пагранічнікі хаваліся ў кустах і не паказваліся на вочы сваім “калегам” з-за таго боку мяжы – такі ў іх быў загад. Затое палякі – маладыя, сытыя, у прыгожай форме – удосталь здзекваліся над бедна апранутымі, перапалоханымі вясковымі дзяўчатамі, якія моўчкі пад градам правакацыйных жартаў і спроб завязаць размову з аднаго боку граніцы і пільным, хоць і нябачным старонняму воку наглядам сваіх – з другога выконвалі сваю справу.

– У маці ў сям’і было чацвёра сясцёр і брат – ён перад вайной паехаў у Ленінград, ды там і загінуў, не перажыў блакаду, – расказвае Мікалай Паўлавіч скупыя звесткі пра лёс матчынай сям’і. Скупыя – бо бацькі мала чаго расказвалі, баяліся: у тых, хто памятаў рэпрэсіі трыццатых, страх сказаць лішняе слова засеў, напэўна, у падсвядомасці. – А сёстры ўсе засталіся дома: Манька, мая маці, Люба, Гелена. Маці адукацыі мела – аж паўтара класы. Не да вучобы тады вяскоўцам было, асабліва дзяўчатам – лічылі, што “з грамаці хлеба не гамаці”. Але пошту ёй вазіць даверылі ажно з Ушач. Баба Даша часта расказвала, што далі пісталет, а страляць не навучылі, дык у яе галоўны клопат і страх быў – зброю не згубіць. “Засуну, – кажа, – пад задніцу і праўлю канём, а сама калачуся – з пісталетам больш, чым без пісталета.”

Мікалай Паўлавіч не ведае дакладна, як і дзе пазнаёміліся бацькі – можа, падчас гэтых паштовых паездак, бо бацькава вёска ляжала бліжэй да Ушач, але па той жа дарозе. Але два браты з бацькавай сям’і – Павел і Кузьма – узялі за жонак дзвюх сясцёр – Дар’ю і Гелену. Перад вайной сышліся бацькі ці ўжо ў самую вайну – сказаць цяжка, бо ні вяселля, ні рэгістрацыі афіцыйнай не было: сышліся дый жылі, як цяпер сказалі б – грамадзянскім шлюбам, а тады слоў такіх не ведалі, але на моц сям’і гэта ніяк не ўплывала.

Ушацкі раён – лясны, размешчаны ў баку ад чыгункі і бойкіх шасейных дарог. Таму немцы, хоць і захапілі яго ў першыя ж дні вайны – ужо 3 ліпеня 1941 года Ушачы былі акупіраваны, – але доўга не затрымаліся. Затое для партызанаў гэты край быў сваім. Мужчыны, якіх не паспелі забраць на фронт, пайшлі ў лес, у іх ліку і Павел Вайцяхоўскі. Ужо ў 1941 у раёне сталі стварацца партызанскія атрады, а ў 1942 годзе партызанскі рух стаў магутнай сілай. У верасні 1942 года партызаны вызвалілі ад немцаў Ушачы і амаль увесь раён. А былі тут вёскі, дзе ўвогуле не ступала нага акупантаў. У тыле ворага аднавілі савецкую ўладу – дзейнічалі сельсаветы, школы, калгасы – нібы і не было вайны.

Як паведамляе ўсёведаючая Вікіпедыя, у верасні 1943 года была створана Полацка-Лепельская партызанская зона, дзе знаходзіліся 16 брыгад, у якіх налічвалася больш за 17 тысяч чалавек. У гэтай зоне дыслацыраваўся штаб Беларускага партызанскага руху. Кіраўніком усяго партызанскага руху з’яўляўся будучы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Лабанок.

Вядома ж, немцы з такім становішчам мірыцца не маглі: у іх у тыле на будынках развяваюцца чырвоныя сцягі, да партызанаў прылятаюць самалёты з Масквы, яны кантралююць вялізную тэрыторыю, дзе адчуваюць сябе як дома! Ды што там партызаны – усе жыхары гэтага краю, ад састарэлых бабуль да немаўлят, лічыліся партызанамі – і, па сутнасці, так і было. І Дар’я са сваёй нованароджанай дачушкай Надзейкай таксама лічылася партызанкай.

А потым пачалося самае страшнае – блакада. Вясной 1944 года да граніц партызанскай зоны былі сцягнуты вялізныя сілы карнікаў – энцыклапедыя сцвярджае, што іх было амаль у чатыры разы больш, чым партызан: 60 тысяч сытых, узброеных да зубоў фашыстаў. Гарэлі вёскі, ішлі безупынныя баі. Але партызаны не магліна роўных супрацьстаяць пераўзыходзячым сілам фашыстаў. Праз месяц немцы ў другі раз акупіравалі Ушачы. Партызанская зона з ранейшых 230 кіламетраў скукожылася да дваццаці. Усё мірнае насельніцтва пайшло ў лес, пад абарону партызан. А тым ужо самім не было чаго есці, не было чым адстрэльвацца…

Падчас блакады памерла Дар’іна дачушка, яе мара і надзея: яна і назвала яе так – Надзейкай… Пасля, колькі ні прасіла, Бог так і не даў ёй дзяўчынкі – нібы ў пакаранне за тое, што не зберагла свайго першынца. А як жа было зберагчы? Голад, тыф… Дзіцяці – тры месяцы… Муж са сваім партызанскім атрадам пайшоў на Вілейшчыну, яна – сама-адна, з такімі ж гаротнікамі… Напачатку мая з “вялікай зямлі” прыляцеў самалёт – на ім блакіраваную тэрыторыю пакінулі камандзіры. Партызаны, якія засталіся, вырашылі прарывацца з блакады – іншага выйсця ў іх не было. Прарыў даваў надзею, што хоць нехта вырвецца і выжыве, заставацца ж азначала памерці пакутніцкай смерцю ўсім без выключэння. Сабралі, у каго была якая зброя, патроны… І пайшлі – на нямецкія кулямёты…

– Зараз на тым месцы ўстаноўлены мемарыяльны комплекс “Прарыў”, – расказвае Мікалай Паўлавіч. – Але калі мы з маці ездзілі на яе радзіму, там яшчэ нічога не было, помнік у 1974 годзе паставілі. Тады на тым самым месцы, дзе яна, лічы, у другі раз нарадзілася, маці, здаецца, у першы і апошні раз расказала, як усё было – насамрэч, не па кніжках, якія потым пісьменнікі і гісторыкі напісалі…

На ўзгорачку стаялі нямецкія кулямёты – і стралялі безупынна. А даведзеныя да адчаю людзі гэтак жа безупынна ішлі – прама на кулямёты. Па іх стралялі – а яны ішлі… Яны тыя кулямёты масай задавілі! Маці потым падвяла мяне да рачулкі – невялікая такая, мо як наша Лоша каля маста. “Дык вось, – кажа, – сын, гэтую рэчку мы пераходзілі па мерцвяках, як па мосце – яна ўся была забітая трупамі.” Тая рачулка і зараз у мяне ў вачах стаіць…

Энцыклапедыя сцвярджае, што падчас аперацыі “Прарыў” загінула 2 тысячы партызан. Я думаю, што лічба гэтая прыблізная і на самой справе – нашмат большая. Бо ніхто іх не лічыў тады – ні партызан, ні мірных жыхароў, ні загінуўшых, ні выжыўшых, не да таго было…

Ім, нямногім, пашанцавала – яны вырваліся з блакады. І засталіся жыць. І дачакаліся вызвалення.

– Бацька расказваў, што з іх вёскі на вайну пайшло больш сотні мужчын, – успамінае Мікалай Паўлавіч. – А вярнуліся тры. А трэба было араць, сеяць, адбудоўваць разбураныя хаты, аднаўляць калгасы. Я неяк у кіно бачыў, як бабы на сабе аралі – гэта не мана. Маці расказвала, што пасля вайны ў нашых краях сапраўды было так: жанчыны ўпрагаліся ў плуг і цягнулі яго на сабе. А што было рабіць, калі нічога жывога – ні каня, ні каровы – у наваколлі не было?

Дар’я сустрэла мужа. Яго, былога партызана, ды яшчэ і граматнага – усё ж сем класаў па тым часе амаль як вышэйшая адукацыя сёння – прызначылі старшынёй сельсавета. А гэта азначала – увесь час жыць пад прыцэлам. Днём яшчэ як-небудзь, а дзве ночы запар у адным месцы начаваць – моцна рызыкаваць: “лясныя браты” палявалі на актывістаў і іх сем’і… І ўсё ж, змагаючыся з пасляваенным голадам ды галечай, Дар’я нарадзіла яшчэ чатырох сыноў – адзін, праўда, памёр маленькім, пайшоў наўздагон за сястрычкай, што

не перажыла блакаду. І выгадавала іх – Мікалая, Паўла, Валодзю. Пахавала мужа, затым – яшчэ аднаго сына, меньшанькага свайго, Валодзю. А сама пражыла доўгае жыццё – памерла баба Даша ва ўзросце 95 гадоў. Вясёлай была, нягледзячы ні на што: магла прыпеўку “салёненькую” праспяваць і прыказкамі-прымаўкамі сыпала, што гарохам… Жвавай: колькі разоў сын, як пастарэла, забіраў яе да сябе жыць, а яна пераначуе ў яго ў доме на Калгушкіна, а назаўтра цішком, пешшу ў сваю Бараноўку – хоць свет для старога чалавека няблізкі: нашто, кажа, мне ваша хата, калі ў мяне свая ёсць?!

…Зараз у дні памінання продкаў да прабабулі на магілу прыходзіць праўнучка – круглатварая, вельмі падобная на бабу Дашу, прыгожая, статная студэнтка Даша. Яна амаль не памятае прабабулю і мала што ведае пра яе жыццё – але ў лёсе гэтай сучаснай дзеўчынкі, ужо ў чацвёртым пакаленні, амаль нябачным штрыхом таксама распісалася вайна…

Напэўна, баба Даша там, на тым свеце, як і ўсе з яе пакалення, моліць Бога, каб яна была апошняй у іх сям’і, для каго гэтыя штрыхі сталі такімі відавочнымі і такімі балючымі…