«Пока я помню – я живу». Уроки жизни бабки Яди

про бабку ЯдюКажуць, людзі жывуць да той пары, пакуль пра іх памятаюць. А калі не проста памятаюць, што вось жыў-быў такі дзядуля ці такая бабуля, а яшчэ ўзгадваюць іх трапныя выразы, “смачныя” слоўцы, пераказваюць гісторыю свайго роду дзецям і ўнукам, то дзяды-прадзеды будуць жыць вечна – бо не перарвецца тая нітачка, што звязвае сям'ю ў адно цэлае…

Бабуля Андрэя Янковіча ўжо не адорыць унука ласкавай усмешкай, не пакладзе яму на галаву сваю спрацаваную далонь у знак адабрэння ці наракання, не пачастуе сваімі смачнымі дранікамі. Але яе цікавыя расповеды пра жыццё простага працаўніка на вёсцы, аб іх вялікай і дружнай сям'і, яе мудрыя парады і незаменны вопыт жыцця, якія жанчына паспела перадаць сваім нашчадкам, заўсёды жывуць у яго памяці. І Андрэй абавязкова перадасць гэты бясцэнны скарб свайму сыну.

про бабку Ядю1Родныя – далёкія


– Мая бабуля Ядвіга Лукша, у дзявоцтве Саўкойць, – з тутэйшых, – расказвае жыхар вёскі Больнікі Андрэй Янковіч. – Яе сэрца і душа належалі гэтым мясцінам, дзе яна нарадзілася, вырасла, дзе прайшло ўсё яе жыццё.

Нарадзілася Ядвіга Стэфанаўна ў вёсцы Кулішкі вясной 1921 года ў сялянскай сям'і. Старэйшая з чатырох дзяцей, яна была для сваіх братоў і сястры, як кажуць, і мамкай, і нянькай. Скончыўшы чатыры класы мясцовай школы, далей вучыцца не пайшла: трэба было дапамагаць бацькам: гаспадарка ў іх была вялікая, дый час цяжкі – паслярэвалюцыйны. Паўсюль – разруха і пустэча. Каб пракарміць сям'ю, працаваць яе бацькам, як і ўсім у акрузе, даводзілася шмат. Да таго ж ехаць у Вільнюс, каб пайсці ў пяты клас, было далёка, дабірацца нязручна.

Вырасла Ядвіга ў вёсцы, на ўлонні прыроды, сярод шырокіх палёў і багатых лясоў. Моцная не столькі фізічна, колькі духам, яна не зламалася, калі засталася ў бацькоўскай хаце без родных і блізкіх: бацька ў пошуках лепшага жыцця, сабраўшы ўсю сям'ю, распрадаўшы рэчы і гаспадарку, а сёе-тое прыхапіўшы з сабой, выехаў у Польшчу. А Ядвіга засталася…

про бабку Ядю2Самастойнасць


Засталася яна таму, што выйшла замуж за краўца Андрэя Антонавіча Лукшу. Той сватаўся да яе сястры, але строгі бацька Ядвігі прапанаваў жаніху старэйшую дачку. Сёстрам давялося пагадзіцца: слова бацькі – закон! Ні аб якім каханні паміж Ядвігай і Андрэем размовы не ішло, да таго ж жаніх быў старэйшы за нявесту на 12 гадоў. Але, як кажуць, сцярпелася – злюбілася…

– Бабулі толькі споўнілася 18, як яна стала замужняй кабетай, – расказвае Андрэй. – Першы час жылі яны на хутары Больнікі. Ядвіга працавала ў калгасе паляводам, дзед – доярам. Быў ён добрым краўцом, але шыў, як кажуць, для душы – часу, каб займацца любімай справай, не ставала.

про бабку Ядю3Гэта быў час, калі пачалі фарміравацца калгасы. Не хацелася, як расказвала Андрэю бабуля, “хутарскім” аб'ядноўвацца ў незразумелыя ім “калектыўныя гаспадаркі”, аддаваць на агульнае карыстанне сваё, нажытае цяжкай працай, – а гаспадарка тады ў Лукшаў была немалая. Але прыйшлося. Перажылі і раскулачванне – найперш тыя, хто дбаў пра свой дабрабыт. Новая ўлада прыходзіла амаль у кожную хату – і адбірала, ламала, крышыла. Страшна было, і не толькі Ядвізе з дзецьмі – нават яе ўнуку Андрэю, які, затаіўшы дыханне, слухаў расповеды бабулі. Напрыклад, пра тое, як калгаснае гумно з людскіх складалі – праз слёзы, душэўныя пакуты і нават фізічную расправу.

про бабку Ядю4Ядвізе і Андрэю пашанцавала, што бацька, перад тым, як выехаць у Польшчу, прадаў амаль усё, што меў. Дачцэ засталася толькі хата і конь, які быў на той час сапраўдным карміцелем сям'і. Забіраць у Лукшаў не было чаго, акрамя лесу, “шнюры” якога дзеду Андрэя прыйшлося аддаць.

Баяліся людзі, нехаця ішлі ў калгас, але працавалі з рання да позняй ночы, каб было чым сям'ю карміць. Дапамагалі дзеці – у час, калі трэба было лялек гушкаць ды ў “бэркі” гуляць, яны і бульбу палолі, і сена сушылі, і гной вывозілі, і лён падымалі…

У гады Вялікай Айчыннай вайны сур'ёзных баёў на тэрыторыі Астравеччыны не было, аднак дзед Андрэя бачыў жывых немцаў, і ўспамінаў аб гэтым хапіла мужчыну на ўсё жыццё і пра што ён неаднойчы, як казку, распавядаў унукам.

про бабку Ядю5Жыццёвыя будні


…Жыць у старой бацькоўскай хаце было нязручна, таму Ядвіга з мужам вырашылі будаваць свой вугал. У 60-я гады, у час інтэнсіўнай калектывізацыі, іх хата вырасла сярод іншых у прыгожым і ціхім месцы, вакол якога былі неабсяжныя прасторы калгасных палёў. Тады на карце Астравеччыны з'явілася вёска – Больнікі.

Кожны вечар і ў рэдкі выхадны дзень пехатой або на кані дабіралася сям'я на будоўлю, каб да змяркання паспець зрабіць як можна больш. Каб пабудаваць жыллё, прыходзілася эканоміць на ўсім, збіраць капейку да капейкі. Гадавалі жывёлу, якую здавалі “на грошы”, прадавалі гародніну, збожжа, якім выплачвалі ў калгасе зарплату…

Чацвёра дзяцей нарадзілася ў Лукшаў: дзве дачкі і два сыны – іх апора і падтрымка.

– Шмат прыйшлося папрацаваць бабулі і дзядулю, каб вывучыць усіх дзяцей і даць ім пуцёўку ў жыццё, – распавядае Андрэй. – Мая маці Тарэса стала бібліятэкарам, вярнулася на сваю маленькую радзіму і засталася жыць у бацькоўскай хаце. Яе брат Сцяпан адвучыўся на агранома, але жыццё яго было нядоўгім: у 24 гады хлопец загінуў. Марына стала настаўніцай хіміі, а Франак – хімікам-тэхнолагам.

про бабку Ядю6Бойкая, жвавая і вясёлая Ядвіга мела добрыя арганізатарскія здольнасці, за словам у кішэню не лезла і ўмела адстаяць сваю пазіцыю, нягледзячы на тое, што была амаль няграматнай. Яна карысталася павагай аднавяскоўцаў. Добра разбіралася ў людзях – Андрэй памятае, як бабуля з аднаго позірку характарызавала чалавека і папярэджвала ўнука, з кім і як сябе паводзіць, а з кім лепей зусім не знацца. Кандыдатура Ядвігі Стэфанаўны нават разглядалася ў якасці старшыні сельсавета, але муж не дазволіў “ісці ў начальства” – лічыў, што жанчына павінна быць жонкай і маці, а “палітыка” – справа мужчынская.

про бабку Ядю7І яна шчыра аддавала сваю любоў мужу і дзецям, старанна працавала на зямлі, дзе нарадзілася, вырасла, звіла цёплае сямейнае гняздзечка і дзе праз шчырыя, простыя словы, расповеды аб сваім жыцці і ўласны прыклад вучыла сваіх дзяцей і ўнукаў жыць так, каб нашчадкі ўспаміналі не два-тры разы на год у дні памінання продкаў, а штодня...

про бабку Ядю8Пакуль мы памятаем сваіх продкаў – мы ведаем, адкуль пайшлі. Пакуль мы ведаем, дзе нашы карані, – мы маем радзіму. Пакуль у нас ёсць радзіма – мы памятаем тых, хто даў нам жыццё.

Пакуль мы помнім – мы жывём.

______________________________


Запісала Вольга ХАЦЯНОВІЧ.