"Пока я помню – я живу". Таисия Семёнова: "В нашей семье про войну говорить не любили"

У нашай сям’і пра вайну гаварыць не любілі. Кожны раз, калі я “чаплялася” да бацькі з просьбай расказаць які-небудзь эпізод з яго ваеннага мінулага, ён аднекваўся і пераводзіў гаворку ў мірнае рэчышча. Зрэдку згадваў салдацкі побыт, сяброў… Пазней, ужо старшакласніцай, я знайшла татаў ваенны білет (варта сказаць, усе дакументы захоўваліся ў нас у строгім парадку) і прачытала ўкладку, дзе значылася, што за баявыя заслугі ён быў узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга” і “За перамогу над Германіяй”. Самі медалі не захаваліся.

Мама пра вайну не згадвала ўвогуле, прынамсі, пакуль я была малая. Калі часам у дарослых размовах гучалі словы “канцлагер”, “немец з гумай (дубінкай)”, мяне адсылалі пагуляць. Прысутнічаць пры дарослых размовах дзецям у нас было не прынята. Што запомнілася: мама ніколі не насіла блузкі і сукенкі з кароткім рукавом. Нават летам. Святочная летняя блузка ў кветачкі мела рукаў у тры чвэрці…

Між тым, вайна зрабіла глыбокую засечку ў лёсах маіх бацькоў...




Тата Сямён Уладзіміравіч Бушык (пасля вайны)


ГОРКІ ХЛЕБ “ОСТАРБАЙТЭРА”


У дзеда Уладзіміра і бабулі Насты Бушыкаў было пяцёра сыноў. Тата – трэці па старшынству. Жылі на хутары, мелі невялікі кавалак зямлі, якога не хапіла б, каб аддзяліць дарослых сыноў. Таму хлопцы  наймаліся ў парабкі да багацеяў. Сямён, мой будучы тата, любіў працаваць па гаспадарцы. Рана навучыўся араць, баранаваць, касіць і нават жаць. Але найбольш любіў важдацца з коньмі: карміў, чысціў, вазы нагружаў па сілах. І ніколі жівёлін не біў. Мог уціхамірыць і аб’ездзіць нават самага наравістага жарэбчыка. Можа таму вяльможныя гаспадары давяралі “хлопаку” догляд коней і брычак для выезду ў свет? Потым пахваляліся імі, прыгожымі, шыкоўнымі, перед панамі-суседзямі. Працавітаму і гаспадарліваму парабку добра плацілі. Заробленае Сеня аддаваў бацькам, а тыя збіралі грошы на куплю зямлі…

У 1939 годзе пачалася Другая сусветная вайна. У польскае войска мабілізавалі самага старэйшага брата – Івана, але паваяваць яму не давялося, неўзабаве вярнуўся дадому. Перад Вялікай Айчыннай ён аддзяліўся ад бацькоў і прыстаў у прымы да ўдавы ў іншую вёску.

Хутар Канюхі, дзе жыла татава сям’я, як і аднайменная вёска, уваходзіў за польскім часам у склад Поразаўскай гміны (зараз Свіслацкі раён). У Поразаве і паставілі акупанты сваю ўладу. У аддаленыя вёскі наязджалі зрэдзь і напачатку асабліва не зверавалі. Сялян абклалі данінай – на пракорм. А ў 1942-м пачалі забіраць моладзь у Германію. Сямён таксама трапіў у лапы акупантаў. Двойчы ўцякаў з цягніка. А перад трэцім прыездам гітлераўцаў у вёску да Бушыкаў наведаўся мясцовы стараста і папрасіў бацькоў угаварыць Сеню больш не збягаць, інакш уся ваколіца можа пацярпець… Маці перажагнала сына перад невядомасцю:

“Што Бог дасць, тое і будзе…” Трапіў мой бацька ў Прусію, да баўэра ў парабкі. Тут ужо быў адзін “остарбайтэр” – Сцяпан Катэльчук, украінец з Валыні. Яго прыставілі да кароў, Сямёна – да коней.

– Гаспадары былі не злымі і не добрымі, – успамінаў тата. – Працай загружалі, кармілі слаба, але і самі не раскашавалі. Давалі на сняданак лустачку хлеба, намазаную шмальцам тоненька, ледзь прыкметна, і каву з жалудоў, у абед – місачку поліўкі. Вечарам – зноў хлеб з мармеладам з буракоў… Працавалі цяжка і есці хацелі моцна. Аднойчы я прыкмеціў на сенавале гняздо курынае з яйкамі. Не ўцярпеў, выпіў парачку, а

шкарлупінкі ў гной у хляве закапаў. Знаходку аднёс гаспадыні. Тая падзякавала і, мусіць, сказала гаспадару. Той жэстамі пацікавіўся, ці не выпіў я яйка. Я скрывіў гідлівую міну: маўляў, не люблю. Немец пакруціў пальцам ля скроні: дурань... Але правяраць мяне на сумленнасць не стаў…

Напачатку тата асцерагаўся свайго таварыша-ўкраінца. Сцяпан добра ведаў нямецкую мову. У яго родных мясцінах здавён жылі немцы-каланісты, ад іх ён і навучыўся разумець і размаўляць. І з гаспадарамі стасаваўся вольна. Таму тата паводзіў сябе з ім стрымана. Сцяпан сам распачаў шчырую размову і запэўніў, што яго баяцца не варта…

У гаспадароў было двое сыноў. Старэйшы ваяваў на фронце, малодшы, падлетак, уступіў у “гітлерюгенд” – ваенізаваную моладзевую арганізацыю і гатовы быў за фюрэра забіць нават родных бацькоў. Што ўжо казаць пра нявольнікаў… Чапляўся, правакаваў на бойку… Аднойчы тата не вытрымаў, “паслаў” яго падалей. Ці то паганец ведаў сэнс моцных рускіх выразаў, ці то яму не спадабалася інтанацыя голасу “русіш швайн” –

ён выхапіў пісталет… Падаспеў гаспадар і адцягнуў сына. А тату праз Сцяпана параіў не трапляць сыну на вочы. Задурылі смаркачам галовы ў гэтым “югендзе” грунтоўна…

Пасля ранення прыехаў на пабыўку з фронта старэйшы сын гаспадара. Патрапала яго акопнае жыццё здорава. Сцяпан выпадкова падслухаў яго размову з бацькам і малодшым братам: “Казаў канцлер Бісмарк: не ваюйце з Расіяй, яе немагчыма перамагчы. А Гітлер палез у бойку. І цяпер мы гінем дарэмна”. На што малодшы нямчур абазваў брата подлым баязліўцам…

Баўэр не здзекаваўся з работнікаў, дазваляў выходзіць за вароты фермы, Сцяпана нават пасылаў у горад да гандляроў. А гаспадыня выдзеліла кожнаму па дадатковай самаробнай коўдры, бо ў каморцы, дзе яны спалі, было холадна.

У нядзелю гаспадары адпраўляліся ў кірху, а парабкам давалі паўдня вольнага часу. Хлопцы вывучалі ваколіцы фермы, знаёміліся з такімі ж “остарбайтэрамі”, як самі.

Настаў 1944-ы год, і ўсе зразумелі, што хутка вайне канец. Савецкая Армія ўжо гнала фашыстаў да іх логава. Па восені Сямён са Сцяпанам вырашылі падацца на ўцёкі. Хаваючыся, па начах рухаліся насустрач фронту. Гаспадар аб беглых парабках уладам не данёс, і іх не шукалі.

Зразумела, хлопцамі зацікавіліся найперш асабісты. Пасля праверкі Сямёна падвучылі баявому майстэрству і направілі ў адзін са стралковых палкоў ІІІ Беларускага фронту. Як склаўся лёс Сцяпана – невядома. Паперка з адрасам згубілася, дакладнай назвы сяла на Валыні тата не памятаў. І сам Сцяпан весткі не падаў…

Пра баі тата не расказваў, колькі я ні выпытвала. Гаварыў: гэта страшна. На маё нетактоўнае пытанне, чаму ў яго толькі два медалі і ніводнага ордэна, прагаварыўся: за тое, што выцягнуў з поля бою параненага маладзенькага лейтэнанціка, а потым, калі першы нумар кулямётнага “экіпажа” (тата быў другім) атрымаў раненне, адстрэльваўся адзін, камандзір паабяцаў прадставіць яго да ордэна Чырвонай Зоркі – і напісаў-такі камандаванню. Але ішоў час, а ордэн усё не ўручалі. Праз некаторы час камандзір, вінавата апусціўшы вочы, паведаміў: “Не далі табе, Сенька, Чырвоную Зорку. Відаць, таму, што ў акупацыі жыў і ў Германіі быў…” Няма ордэна – і ладна. Галоўнае – жывым пашэнціла застацца.

Пасля перамогі тата даслужваў у Польшчы, у абозе – і тут любоў да коней памагла. Дадому вярнуўся на самым пачатку сорак шостага. Маці ўсе вочы выплакала, чакаючы, пакутуючы ад невядомасці. Малапісьменны тата не пісаў лістоў з Германіі, ды і на вайне было не да пісьмаў. А тут – з’явіўся. Жывы.

– Іду сабе да хутара нашага, а ніхто не страчае, – згадваў тата. – Да вайны быў у нас сабака па мянушцы Зорах. Прапаў, думаю, мой гадаванец, раз не брэша… Ведаў, што дварняк надта не любіў людзей у вайсковай форме, здалёк заўважаў, сустракаў і праводзіў брэхам. Мы нават зачынялі яго ў хляве, каб хто са злосці не застрэліў. “Сабакі нашага няма, ці што?” – пытаюся ў бацькі. – “Ёсць, жывы”. Выйшаў я ў двор, падыходжу да будкі і кажу: “Што, Зорах, не пазнаў?” Ой, што тут пачалося! Кінуўся ён мне на грудзі, давай твар лізаць, скакаць ля мяне… І я быў шчаслівы: нарэшце дома!

Тата з-за сваёй сціпласці ніколі не гаварыў аб сваім удзеле ў баявых дзеяннях. Усе, каму належала, атрымалі пасведчанн ветэранаў-франтавікоў, а ён нікуды не звяртаўся і нічога не прасіў. У ваенкамаце паднялі яго асабовую справу і выпісалі неабходныя дакументы. І ў нашай вёсцы стала на аднаго ветэрана больш.


НЯВОЛЬНІЦА ЗА НУМАРАМ….

Я не ведаю, які нумар быў наколаты на левай руцэ мамы. Не бачыла. Напэўна, яна спрабавала неяк яго вывесці – на перадплеччы засталіся невялікія шнарыкі. Таму і насіла ўвесь час адзежу з доўгім рукавом…

Мая мама – яе звалі Ніна – з братам Макарам, сёстрамі Аксінняй і Дар’яй рана засталіся сіротамі. Маленькую Дар’ю ва ўзросце двух гадоў забралі ў прытулак, дзе яна і расла да паўналецця. А калі настала пара яго пакідаць, у іх (і маю!) родную вёску Забагонне на Зэльвеншчыне прыехаў з Ізабелінскай гміны войт – пацікавіцца, хто заплаціць за ўтрыманне дзяўчынкі. Але, убачыўшы бедную гаспадарку сірот, пагаварыўшы

з родзічамі, паведаміў у прытулак, што нікога і нічога ў яе няма… Было гэта ў 1939 годзе. Куды падзеўся той прытулак і яго выхаванцы са Свіслачы, што стала з Дар’яй, наша сям’я так і не даведалася. Не пралілі святла на гэтую справу і звароты на радыёперадачу “Іх разлучыла вайна”, якая ішла ў 60-70-х гадах на беларускім радыё, і ў службу пошуку Міжнароднага Чырвонага Крыжа. І вядомы колішні свіслацкі краязнавец, якому я пісала ліст з запытам, нічога мне не адказаў. Напэўна, ваенная завіруха загубіла маю цётку Дашу, бо, мне здаецца, не магла б яна жыць у няведанні і не шукаць свае радзінныя карані…

Напачатку вайны ў Забагонні заставаліся толькі мая мама з братам Макарам. Аксіння, ці па-хатняму Аксеня, выйшла замуж у суседнюю вёску. Як яны перабіваліся на сваім вузенькім надзельчыку, мама ніколі не расказвала. Я ўвогуле дзіўлюся з таго, што мяне не пасвячалі ў гісторыю роду, бацькі не расказвалі пра сваю маладосць… Не паказалі, дзе стаяла маміна хата, бо тую, у якой я нарадзілася, мама збудавала, вярнуўшыся з Нямеччыны. Мяне ўвогуле не дапускалі да “дарослых” размоў. І я да гэтуль адчуваю сябе абдзеленай нечым вельмі важным…



Мая мама Ніна Піліпаўна Бушык (дзявочае прозвішча Галяс)


У трэцім класе мяне зваліў адзёр. Я ляжала ў ложку і моцна сумавала. Кніжкі ад мяне адбіралі – доктар не раіў чытаць лежачы, ды і не надта хацелася і маглося. Да таго ж электрычнасці ў вёсцы яшчэ не было, днём маленькія падслепаватыя вокны, а вечарам – лямпа-газнічка давалі мала святла. Якое тут чытанне… Радыё, праўда, было – яго слухала.


Неяк мама падсела да мяне на ложак і пачала расказваць, за што трапіла ў канцлагер. Аказваецца, як толькі ў лясах з’явіліся партызаны, дзядзька Макар увайшоў у атрад, што базаваўся ў лясах недзе за Зэльвай. Аднойчы з двума таварышамі пайшоў на заданне. Вяртаючыся назад, хлопцы вырашылі наведацца да мясцовага старасты і папярэдзіць, каб моладзь у Нямеччыну не “здаваў”. Дома аказаліся два яго сыны-паліцаі. Спачатку ў хату зайшоў рускі чырвонаармеец, што далучыўся ў свой час да партызан. Прагучаў выстрал. Макар кінуўся следам – і атрымаў кулю ў жывот… Трэці не стаў заходзіць, схаваўся ў начной цемры і ўратаваўся.

На наступны дзень гітлераўцы па падказцы старасты прывезлі на санках забітых партызан у Забагонне. Некалькі дзён чакалі, хто прыйдзе забіраць целы для пахавання. І шнырылі па хатах у пошуках радні забітых. Адразу за вёскай пачынаўся лес. Гаспадыня крайняй хаты, азіраючыся, пабегла ў кут агароду, у прыбіральню. Немцам гэта здалося падазроным, і яны далі аўтаматную чаргу па жанчыне… Адзін

шаснаццацігадовы нягоднік, высачыўшы, дзе хаваецца сястра забітага партызана, падказаў фашыстам… Маму схапілі і павезлі ў ваўкавыскую турму. Цётку Аксеню не шукалі – яна даўно не з’яўлялася ў вёсцы, пра яе здраднік проста забыўся.



Дзядзька Макар Піліпавіч (даваеннае фота)


Забітых партызан – дзядзьку Макара і яго таварыша, чыё імя засталося невядомым, – а таксама сялянку вяскоўцы пахавалі на ўскрайку лесу. З дяцінства памятаю абамшэлыя драўляныя крыжы і невысокую абгародку са шчыкетніку… Цяпер там стаіць сціплы помнічак, пастаўлены сельсаветам…


Маму пратрымалі ў ваўкавыскай турме два тыдні. Білі гумавымі дубінкамі, прымушалі прыбірацца ў пакоях, дзе вяліся допыты. Там сцены былі запырсканыя крывёй, а падлога – залітая ёю…

А потым мама апынулася ў Германіі. У якім лагеры пакутавала – не ведаю, не паведаміла мне гэтага… Урыўкамі расказвала пра лагерны побыт, пра вечнае пачуццё голаду, холад, цяжкую працу на нейкай фабрыцы… Пра тое, як хутка яна, практычна непісьменная, стала разумець каманды надзіральніц на нямецкай мове, лічыць да ста…

А яшчэ – аб тым, як у найцяжэйшых умовах палону выразна акрэсліваліся людскія характары. Першымі не вытрымлівалі цяжару лагернага жыцця і гублялі прысутнасць духу спешчаныя гарадскія дзяўчаты і жанчыны, а сялянкі, звыклыя да фізічнай працы і нясытнага харчавання, трымаліся даўжэй. Як дзяліліся хлебным пайком са слабейшымі, хавалі і маскіравалі яўрэйскую дзяўчыну ад газавай камеры. Русявая і шэравокая, яна не паходзіла на прадстаўніц сваёй нацыянальнасці, “падводзіла” толькі характэрная картавасць. Аднак бядачку ўсё ж “вылічылі” – што з ёю сталася, ніхто не ведаў.

Вызвалялі лагер саюзнікі. Перад тым як перадаць паланянак савецкай ваеннай адміністрацыі, іх агітавалі ехаць у Англію, Амерыку, палохалі рэпрэсіямі на радзіме. Некаторыя згадзіліся, а мама вырашыла: што будзе, тое і будзе.

Ды нічога страшнага не здарылася. Былых нявольніц накармілі, падлячылі, забяспечылі трафеямі кшталту зінгераўскіх швейных машынак, прыгожага сталовага посуду, пасцельнай і сталовай бялізны і адправілі дадому. Мама таксама абзавялася швейнай машынкай і марыла: вывучыцца майстэрству ў якой-небудзь вопытнай краўчыхі, будзе шыццём зарабляць на хлеб. Але цяжка было цягаць з сабой атрыманыя трафеі, і мама паддалася на ўгаворы чыгуначнікаў адправіць іх у багажным вагоне – і ўсё бясследна прапала… Прыйшлося дзяўчыне-сіраце разжывацца “з мазаля”…

Да таго ж кожны дзень перад вачыма быў ненавісны твар здрадніка – яго сям’я жыла праз некалькі двароў. Кара гада не мінула: адседзеў належнае ў турме і ў вёску ўжо не вярнуўся, атабарыўся недзе ў другім месцы. Але ў Забагонні заставаліся яго бацькі і браты. Я памятаю яго маці – высокую бабу Тафілю з суровым тварам. Яна жыла пры сям’і сярэдняга сына Івана, а калі той пабудаваў новую хату, засталася адна ў старой, нізенькай, урослай ў зямлю. Нічога не ведаючы, я хадзіла ў двор дзядзькі Вані і яго жонкі настаўніцы Ганны Пятроўны, гуляла з іх дзяўчынкамі Людай і Рытай. Улетку часам прыязджаў яго брат Мікола, пакідаў сваіх дачок гасцяваць у бабулі, а сам адразу ехаў назад. Гэта і быў віноўнік нявольніцкіх пакут маёй мамы…

Мамін расповед мяне, дзесяцігадовую, моцна зацікавіў. Умольвала яшчэ што-небудзь узгадаць, але мама аднеквалася. Толькі папрасіла не падаваць выгляду, што знаю пра ўчынак дзядзькі Міколы, і гуляць з яго дочкамі, калі прыедуць. Толькі адразу перастала хадзіць да суседзяў. Старая ўсё зразумела…

Позняй восенню 1964-га мая мама пайшла з жыцця. Калі труну выносілі з хаты і ставілі на воз, Тафіля падышла і некалькі хвілін пастаяла ля калёс, апусціўшы галаву і нешта шэпчучы. Зімой не стала і яе…

Пазней я стала разумець сваіх тату і маму: вайна – жудасная рэч. Той, хто яе перажыў, хоча хутчэй выкінуць гэта з памяці… Дзяўчат, жанчын-паланянак на радзіме часта чакалі, апрача рэальных рэпрэсій, падазронасць і недавер землякоў і родзічаў – маўляў, хто ведае, чым ты займалася ў тым лагеры… Хлопцы, асабліва франтавікі, не спяшаліся браць іх замуж, тым больш што за вайну маладзейшых дзяўчат нарасло, як грыбоў.

Маім бацькам пашчасціла знайсці адно аднаго…


-----------------------------

Таіса СЯМЁНАВА.

Фота з сямейнага архіва.