«Пока я помню – я живу». Война после войны
Я нарадзілася на сыходзе першага пасляваеннага года, яшчэ ў папялішчы і ў руінах, але радаснага тым, што гэта быў ужо мірны год. З тых далёкіх ваенных часоў у нашай сям’і засталіся, акрамя бацькавых медалёў, тры рарытэтныя рэчы: блакітны драўляны куфэрак на замочку з металічнай акантоўкай па вуглах, бацькава афіцэрская гімнасцёрка і наган. Гэтыя рэчы мы захоўвалі з вялікай пашанай: з блакітным куфэркам маці і сёстры некалі адправілі нашага бацьку на фронт, разам з татам куфэрак быў на вучобе, на фронце, потым у мірным жыцці ён паслужыў мне першай люлькай-калыскай, пасля ў ім захоўвалі розныя важныя рэчы. Гімнасцёрку бацька апранаў толькі на свята Перамогі, у астатнія дні яна ляжала на дне блакітнага куфэрка.
А вось да нагана ў нас, падшыванцаў, была празмерная цікаўнасць: мы любілі ўпотай патрымаць яго за рукаятку, пакруціць барабан, у якім не было патронаў, прыцэліцца – да той пары, пакуль не папаліся на месцы “злачынства”. Бацька задаў нам добрага прачуханца. Пасля гэтага мы больш не бралі пісталет у рукі.
Вядома, успаміны пра вайну тады – а мы ўжо жылі ў Міхалішках – былі яркімі, асабліва ў мясцовых жыхароў, з якімі бацькі сябравалі. Я памятаю, хоць яшчэ была малая, як тата размаўляў з цётачкай Лаздоўскай, што жыла насупраць старой школы. Жанчына са слязамі на вачах казала: “А не дай жа, Божа, Іван Канстанцінавіч! Гэта было такое пекла, што мы, калі хаваліся на магільніку, зайздросцілі мёртвым – дужа было страшна, асабліва калі бамбілі. Не, не хочацца і ўспамінаць, так душа баліць”.
У хаце ў нас таксама не любілі ўспамінаць ваенныя гады. А мы, дзятва, збіраліся дзе-небудзь на выгане і дапазна гулялі “ў вайну” з усімі яе законамі: “нашы” і “немцы”, разведчыкі і шпіёны, палонныя і расстрэлы… Мокрыя, брудныя, з сінякамі і гузамі, вярталіся мы дадому з гонарам. Тлумачылі маме: “Гулялі ў вайну”. Яна толькі ўсплёсквала рукамі і казала: “Мае вы дзеткі, добра, што вы не ведаеце, што такое сапраўдная вайна. Каб ведалі, то нізашто б не гулялі”. Я, бачачы сваіх бацькоў жывымі і здаровымі, думала: “Падумаеш, вайна! Паваявалі – і вярнуліся дахаты”.
Потым усё ж распыталася ў мамы, чаму яна плача, калі ўспамінае пра той час. Спачатку яна не хацела расказваць пра сваё жыццё ў ваенныя гады. Але аднойчы вечарам я ўсё ж пачула гэты страшэнны аповед:
– Тыя мясціны, адкуль я родам – гэта Віцебшчына, – фашысты акупіравалі ў першыя месяцы вайны і адразу загадалі падаць спісы моладзі з нашай і іншых вёсак, каб адправіць іх на працу ў Германію. У гэтых спісах была і я, Кацярына Гузава. Прыйшлося разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі ўцякаць у лясы. Без адзення і ежы блукалі мы ў страху, галодныя і беспрытульныя. Ды ўсё ж з сабакамі нас палавілі і даставілі ў камендатуру. Мы стаялі, трасучыся ад страху. Але калі немец тыцнуў у мяне пальцам і спытаў пра мае гады, я зманіла, паменшыла свой узрост (дакументаў у нас тады не было, а я малая зусім, з коскамі, цянюткая) – і немец адправіў мяне вон. Я бегла дадому, не супыняючыся, не пераводзячы дух – у радасці, што засталася з мачахай і сёстрамі (мамы ў тую пару ў нас ўжо не было). Але нашы беды на гэтым не скончыліся. Ноччу суседзі пераказалі, што немцы будуць паліць нашу вёску – і мы ўцяклі ў лес, на балоты. Тут ужо прыйшлося памучыцца, хоць тое-сёе і ўхапілі з сабой. Як вёска гарэла, мы не бачылі – далёка адышлі. Толькі па вечарах было голадна, холадна, а найбольш – страшна, што знойдуць фашысты і расстраляюць. І зямлянкі ў лесе капалі, і пад вываратнем закопваліся – усяго хапіла. А калі вярнуліся ў вёску (надыходзілі маразы) – жыць не было дзе: усе хаты пагарэлі, усё дабро – таксама, толькі на полі бульба падмерзлая засталася, з якой і пяклі аладкі. У тую зіму і вясну страшэнная была галадоўка, пераелі ўсіх мышэй і пацукоў, катоў і сабак. Зямлянкі парабілі – і неяк перажылі зіму, а вясной – на шчаўі і лебядзе, потым – на ягадах і грыбах. Бацька мой загінуў, брат Мікалай загінуў, пахаваны ў чужой старане – здаецца, дзесьці пад Мажайскам, – стрыечны брат Мікалай вярнуўся бязногі. Страшэнная гэта рэч – вайна, – дачушка…”
Вядома, пасля мамінага аповеду мне расхацелася гуляць “у вайну”.
Напачатку 60-х гадоў мама звазіла ўсіх нас, чатырох дачок, да сябе на радзіму. Гэта вельмі прыгожыя мясціны, але нібы ў падцверджанне маміных слоў, мы і тады ўбачылі ў вёсцы шмат зямлянак.
У зямлянцы жыла і наша цётачка Ганна. Здзіўленыя і ўражаныя, вярталіся мы дадому.
І яшчэ аднойчы вайна дала пра сябе знаць. Гэты страшэнны выпадак запомніла я на ўсё жыццё.
Я вучылася ў 2-ім ці ў 3-ім класе, калі на ўроку мы пачулі моцны выбух і амаль адразу ж страшэнны дзіцячы енк. І настаўнікі, і дзеці кінуліся на вуліцу і жахнуліся: з яўрэйскіх могілак бег хлопчык, які вучыўся ў старэйшых класах, – весь у крыві, кісць рукі матляецца, твар белы… Аказваецца, хлопцы на яўрэйскіх могілках, якія былі адразу за стадыёнам, знайшлі гранату і сталі яе разбіраць. Яна ўзарвалася. Адзін з гэтых хлопчыкаў, Яновіч, загінуў на месцы. Якое вялізнае гора было для яго маці і сясцёр, з якімі я тады сябравала! Другі хлопец, Сямашка, застаўся без рукі. Гэты выпадак устрывожыў нашых бацькоў і настаўнікаў, і нам было строга загадана не шукаць нічога ў лясных і прырэчных ямах, ніякія жалязкі не разбіраць, нават у рукі не браць. Тады я зразумела, што хаця вайна скончылася, у яе ёсць нейкая страшная сіла, што можа забіваць яшчэ шмат гадоў пасля.
Менавіта ў гэтую пару на маім чытальніцкім стале з’явілася кніга “Ніколі не забудзем” аб людзях, што перажылі жахі канцлагераў. Сапраўды, такое забыць нельга. Кніга гэтая чыталася са слязамі, горыччу і боллю.
Расла я – расло мае разуменне вайны, штосьці мянялася ў нашым жыцці. Бацькаву гімнасцёрку перакроілі мне на куртачку, калі я пайшла ў 8 клас, – трэба было ў нешта апранацца. Аднакласнікі не кпілі з мяне, бо самі апраналіся хто ў што мог.
Потым згарэў татаў куфэрачак, у пажары згубіўся ці засыпаўся пісталет. Прапалі і медалі – бацька спрабаваў іх аднавіць, тое-сёе атрымалася.
Яшчэ да пажару бацька часам даставаў сямейны альбом, паказваў нам фотаздымкі сваіх братоў і сясцёр: “Вось гэта Веніямін. Ён пайшоў на фронт у першыя дні вайны ў саставе дывізіі сібіракоў абараняць Маскву. Хутка ваша бабуля, а мая мама, атрымала паведамленне, што яе сын, Веніямін Канстанцінавіч Ільінскі, загінуў смерцю храбрых у баях пад Масквой”. Следам пайшлі на фронт браты Гаўрыла і Васіль. Васіль пад Курскам атрымаў раненне, быў камісаваны, але, вярнуўшыся дамоў, доўга не пражыў – вайна забрала яго пасля Перамогі. Даўжэй пражыў Гаўрыла, ён памёр дзесьці ў 1962 годзе, таксама ад ран, атрыманых у вайну.
– А ў 1943 годзе прыйшла чарга ісці на фронт і мне, самаму малодшаму, – працягваў бацька. – Праводзіла мяне ў войска сястра Таццяна. Мяне накіравалі ў ІІ Омскае ваенна-пяхотнае вучылішча. Закончыў я яго са званнем лейтэнанта і быў адпраўлены з Сібіры эшалонам на захад. Затым атрымаў накіраванне ў штаб, у аддзел контрразведкі, для работы з асабліва важнымі дакументамі. Эшалон адправілі ў Заходнюю Беларусь, у Мінск, ва Уручча.
За добрасумленнае выкананне вайсковых ваенных заданняў бацька быў узнагароджаны медалём “За Перамогу” і быў у ліку тых, хто пасля вызвалення горада Мінска ўдзельнічаў у першым пасляваенным парадзе. І аб гэтым факце ён успамінаў з асаблівай цеплынёй і гонарам.
Бывалі ў яго службе выпадкі, звязаныя са смяртэльнай небяспекай. Але лёс і, пэўна, малітвы маці і сясцёр, ратавалі яго. Пасля вызвалення Беларусі бацьку пакінулі працаваць камандзірам узвода для падрыхтоўкі сяржанцкага саставу. Тут, ва Уруччы, ён пазнаёміўся з дзяўчынай, якая прыехала праведаць брата, сяржанта Івана Гузава, – маёй маці. Неўзабаве яны пажаніліся, на свет з’явілася я – і лёс нашай сям’і змяніўся. Да вайны бацька атрымаў педагагічную адукацыю і яму прапанавалі папрацаваць педагогам у Заходняй Беларусі. Бацька згадзіўся. Так мы апынуліся на Астравеччыне, дзе бацька працаваў настаўнікам больш за 50 гадоў. Да ваеннага медаля далучыўся медаль “За працоўную доблесць”.
З усіх свят Дзень Перамогі быў для яго самым паважаным, любімым – і горкім. Гэтак жа і для мяне. І не толькі з-за таго, што многа маіх родзічаў загінула ў час Вялікай Айчыннай вайны, што было спустошана шмат вёсак і гарадоў, а найперш таму, што шмат загінуўшых людзей засталося безымяннымі, а кожны чалавек – гэта вялізны свет са сваімі пачуцццямі, думкамі, перажываннямі, марамі. Колькі ж светаў забіла, затушыла вайна!
Напэўна, самая вялікая ўзнагарода для загінуўшых – памяць пра іх сярод нас, жывых.
--------------------------------
Людміла КУХАРЭВІЧ, ветэран педагагічнай працы.
