Пока мы помним, мы живем...
15 лютага адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
На ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае гэтай даце, воіны-інтэрнацыяналісты заўсёды прыходзяць спецыяльна крыху раней. Каб прывітаць адзін аднаго, спытаць пра жыццё-быццё, расказаць пра сябе. З некаторымі яны бачацца толькі ў гэты дзень. І спачатку невялікая чародка паступова разрастаецца ў групу людзей, якія шчыра і радасна вітаюць адзін аднаго.
Сёлета воінаў-інтэрнацыяналістаў адразу чакаў прыемны сюрпрыз. Ледзь толькі яны пераступілі парог фае кінаканцэртнай залы, як перад вачамі паўстала мінулае. Выразкі з газет, артыкулы, прысвечаныя Афганістану, пейзажы гэтай краіны… А вось з фатаграфій на іх пазіраюць маладыя хлопцы – прыгожыя, у вайсковай форме, з белазубай бяспечнай усмешкай на твары. Дык гэта ж яны самі! Толькі дваццаць чатыры гады назад…
Выставы для прысутных падрыхтавалі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі і раённага музея.
Пакуль усе збіраліся, на экране ў кінаканцэртнай зале мільгалі краявіды Афганістана, узрываліся снарады, і ўдзельнікі вайны ўспаміналі мінулыя падзеі – прысутным дэманстраваўся фільм пра Афганістан.
Першым прывітаць сваіх таварышаў на сцэну падняўся старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў
С.С. Ціток. І адразу прапанаваў ушанаваць памяць загінуўшых у Афганістане хвілінай маўчання.
Перад прысутнымі выступіў ваенны камісар Астравецкага ваенкамата Р.А. Курлоў. Ён коратка напомніў падзеі Афганскай вайны і колькі суайчыннікаў яна забрала з сабой. І яшчэ раз падзякаваў за мужнасць і гераізм усім воінам-інтэрнацыяналістам. Загадам абласнога ваеннага камісарыята Г.А. Собалеў быў узнагароджаны Падзячным лістом і грашовай прэміяй. Ганаровыя граматы Астравецкага ваекамата атрымалі У.М. Алізар, У.С. Драган, А.Г. Фядук, В.А. Казлоўскі, С.С. Івашка, У.А. Снегур. 
З шчырымі словамі ўдзячнасці, павагі і разумення выступілі старшыня раённага савета ветэранаў Р.А. Герт і выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ А.П. Лазарава.
“Пакуль мы помнім, мы жывём” – менавіта такую назву насіў канцэрт, прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Падчас чулых і пранікнёных песень работнікаў аддзела культуры хацелася то плакаць, то шчыра пляскаць у далоні. Вось так – у словах і мелодыях, у рухах і перажываннях на сцэне астравецкія артысты ўшанавалі памяць загінуўшых у Афганістане і шчырую павагу да выжыўшых.
Пасля афіцыйнай часткі воіны-інтэрнацыяналісты разам з ваенным камісарам Р.А. Курловым, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы А.Я. Клімчэнем, галоўным спецыялістам ідэалагічнага аддзела Т.М. Букель, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва С.М. Івановай і выконваючай абавязкі першага сакратара райкама БРСМ А.П. Лазаравай наведаліся на месца, дзе ўстаноўлены памятны камень воінам-інтэрнацыяналістам. Ускладанне кветак і вянкоў, некалькі скупых слоў і проста хвіліны маўчання...
Кожны год у гэты дзень яны таксама спяшаюцца наведаць тых, хто не прыйшоў на ўрачыстае пасяджэнне і канцэрт, хто не прывітаўся за руку на ступеньках кінаканцэртнай залы, хто так і не вярнуўся жывым з Афганістана. Гэта Іосіф Канстовіч і Станіслаў Бялячыц. Але перад гэтым выканаць не менш важны доўг – выказаць словы падзякі і павагі іх матулям, якія жывуць у Гудагаі і Радзюшах. І ў чарговы раз пакланіцца да зямлі за такіх сыноў!
Могілкі ў мястэчку Гудагай і ў Завідзінентах сустракаюць крыху заснежанымі за ноч магілкамі і маўклівай цішынёй. Тут не пачуеш доўгіх прамоў ці слёзных выказванняў. Так, некалькі скупых слоў кагосьці з прысутных. Маўклівае ўскладанне вянкоў і кветак, маўклівыя дотыкі да помніка. Бо словы тут лішнія. Тут размаўляюць поглядамі, рухамі, душой… І вяртаюцца зноў у гарачыя кропкі...
----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.