Память о прошлом жива













Краязнавец, настаўнік гісторыі Міхалішкаўскай школы Ігар Усціменка прапанаваў рэдакцыі свой варыянт перакладу “інтэрнэтных” успамінаў Эстэр Кац Лівінгстон, былой жыхаркі Міхалішак. І нават дадаў некаторыя каментарыі да тэксту Лівінгстон. У сваю чаргу пры апрацоўцы прапанаванага Усціменкам матэрыялу мы вырашылі дапоўніць яго вытрымкамі з работы польскай аўтаркі М. Лешчыньскай і з іншых інтэрнэт-крыніц. Вось так агульнымі намаганнямі быў створаны гэты артыкул.

З артыкула М. Ляшчыньскай:
– Энцыклапедыя яўрэйскага жыцця ўзнікненне Міхалішак чамусьці датуе 1765 годам (хаця першае архіўнае ўпамінанне мястэчка датавана 1518 годам – Г.Ч.) і  сцвярджае, што ў гэты момант у мястэчку пражывала 396 “падаткаплацельшчыкаў яўрэйскага паходжання”.
Уладальнік абшараў Ксаверы Kотвіч разумеў, што прысутнасць яўрэяў на яго землях будзе спрыяць развіццю эканомікі і рамёстваў, таму ў сваім мястэчку даваў ім не толькі прытулак, але і магчымасць набываць па сорак сотак зямлі. Большасць яўрэяў гэта выкарыстоўвала – многія сем’і набылі зямлю, пасадзілі фруктовыя сады, вырошчвалі бульбу і іншую гародніну. Некаторыя з іх трымалі кароў, коз або коней. Тыя, хто адмовіўся ад зямлі, гандлявалі драўнінай, ільном або прамысловымі таварамі, займаліся рамёствамі.
У 80-х гадах дзевятнаццатага стагоддзя яўрэі складалі асноўную частку насельніцтва Міхалішак. Не пазней першага дзесяцігоддзя VІІІ стагоддзя ўзніклі яўрэйскія могілкі – самая старая магіла, надпіс на камені якой удалося прачытаць, датавана 1738 годам. У 1877-ым у мястэчку была адкрыта сінагога, працаваў вялікі Бейт-мідраш (школа па вывучэнні Талмуда) і хедары (пачатковая яўрэйская школа, асноўнай навукай якой была рэлігія). Першым рабінам стаў Іегуда Лейб Карэліц. Свае абавязкі ён выконваў на працягу 60-ці гадоў – да самай сваёй смерці ў 1880 годзе. Пасля яго рабінамі былі спачатку Іегуда Лейб Гордан, потым Шабтай Мардэхай Фейнберг, які памёр у 1909 годзе. У 1897-ым годзе ў Міхалішках пражывала 1224 жыхары, 951 з якіх быў яўрэем.
Падчас Другой сусветнай вайны мястэчка моцна пацярпела – многія дамы былі знішчаны. Большая частка яўрэяў уцякла з Міхалішак, але неўзабаве вярнулася. Немцы знаходзіліся тут на працягу трох гадоў, канфіскоўвалі коней,  буйную рагатую жывёлу. Горш таго, жыхары павінны былі аддаваць ім большасць таго, што вырошчвалі на сваіх палях і панадворках. На “тэрэнах” панавала галеча.
Пасля вайны Міхалішкі сталі аднаўляцца. Гэтаму спрыяла і тое, што яўрэі атрымлівалі дапамогу з-за мяжы. Амерыканскі яўрэйскі аб'яднаны размеркавальны камітэт адкрыў у Міхалішках спецыяльную кухню для дзяцей-сірот і для людзей, якія галадаюць. А яўрэйскі Камітэт садзейнічання ахвярам вайны, які быў створаны ў Расіі падчас вайны для аказання  дапамогі пацярпеўшым аднаверцам, у 1919 годзе пабудаваў у Міхалішках тры дамы для сем'яў, якія засталіся без даху над галавой, і новую лазню.
У 1922 годзе Міхалішкі – зноў у межах польскай дзяржавы. Жыццё паступова нармалізуецца, адкрываюцца крамы, майстэрні, ажывае рынак, але эканамічная сітуацыя ў мястэчку так і не дасягнула перадваеннага ўзроўню.
Дробным яўрэйскім гандлярам цяжка было канкурыраваць з польскімі кааператывамі, якія актыўна падтрымліваў урад. Польскія фермеры сталі ўсё часцей адмаўляцца ад супрацоўніцтва з яўрэйскімі перакупшчыкамі і самастойна збываць сваю прадукцыю на рынку. Акрамя таго, у Міхалішках пасяліліся шаўцы з Вільні, якія стварылі канкурэнцыю яўрэйскім гандлярам танным адзеннем і абуткам. Толькі яўрэйскія пекары па-ранейшаму кантралявалі сітуацыю ў сваёй галіне.
Пасля вайны многія міхалішкаўскія яўрэі сталі займацца палітыкай. Адзін за адным узніклі маладзёжныя рухі: He-Chaluc, He-Chaluc ha-Cair, Ha-Szomer ha-Cair, а пад канец 1920 года – Бейтар (Асацыяцыя яўрэйскай моладзі імя Трумпельдора). Былі ў Міхалішках і свае прыхільнікі Агульнаяўрэйскага прафсаюза работнікаў «Бунд». У мястэчку развівалася культурна-асветніцкая дзейнасць. У пачатку 1920-га адбылося адкрыццё двух новых яўрэйскіх школ. У адной заняткі праводзіліся на ідыш, у другой – яна дзейнічала пад эгідай Яўрэйскага культурна-адукацыйнага аб'яднання «Тарбут» – на іўрыце. Для дарослых былі арганізаваны вячэрнія курсы, на якіх выкладаліся асновы яўрэйскай культуры, літаратура і гісторыя. Дзейнічала яўрэйская бібліятэка, пры якой працаваў драматычны гурток.
У пачатку 20 гадоў ХХ стагоддзя мясцовая яўрэйская грамада стварыла прытулак для састарэлых.
У 1925 годзе ў Міхалішках пражывалі 620 яўрэяў. Рабінам у той час быў Цві Энцін, які з 1929 года займаў пасаду прэзідэнта дабрачыннага брацтва «Gemilut Хэсэль».
Калі ў канцы 1930-х гадоў у Польшчы ўзмацніліся антысеміцкія выпады, іх рэха дайшло і да Міхалішак. Заклікамі байкатаваць яўрэйскія крамы не абышлося – адбыўся шэраг актаў вандалізму: былі знішчаны яўрэйскія ларкі на рынку, перакулены сталы з таварамі.
З успамінаў Эстэр Кац Лівінгстон:
– Наша мястэчка Міхалішкі знаходзіцца ў 53 кіламетрах ад Вільні – стаіць на тракце, які звязвае Вільню са старажытным горадам Полацкам. Міхалішкі нагадваюць дрэва са шматлікімі галінкамі: тракт – нібы ствол, а дробныя вулачкі, што “выцякаюць” з яго, – галінкі.
Галоўная водная артэрыя – рака Вілія. Па пятніцах мясцовыя жанчыны купаліся ў ёй і мылі бялізну. Месца купання мужчын знаходзілася асобна. Дзеці плёскаліся ў Віліі ўсё лета. Сноўдаліся баржы, перавозячы людзей і грузы, плытагоны гналі плыты. Зімой, калі рака замярзала, людзі каталіся на лёдзе.
Адорвалі сваімі багаццямі і навакольныя лясы. Там было поўна грыбоў і ягад. Прынамсі, з сасновай смалы выраблялі шкіпінар і дзёгаць. На захад ад Міхалішак знаходзіліся залежы вапняку, які выкарыстоўваўся пры вырабе керамікі і цэглы. Зімой мы каталіся з вапнавай горкі на санках.
Як і ў кожным іншым мястэчку ў нас былі свае шаўцы, краўцы, кавалі, хлебапёкі. Прыязджалі гандляры з іншых месцаў – свой тавар выкладалі проста на вазах. Самым даходным у ваколіцы лічыўся млын.
Па аўторках бывалі кірмашы, на якіх мы набывалі масла, яйкі, збожжа, зяленіва…
Пасля 1930 года (час сусветнага эканамічнага крызісу) пачаліся праяўленні антысеміцкага настрою. Маладыя пагромшчыкі і вандалы пераварочвалі сталы з крыкамі: “Не купляйце ў жыдоў!”. Часта прыходзілі жабракі. Для іх у Міхалішках існаваў спецыяльны дом, які зваўся “Хейдэк”. Бяздомныя людзі часам заставаліся ў ім надоўга – жылі ў спадзяванні, што нехта пакорміць. Многія з іх паміралі. Побач з “Хейдэкам” была сінагога.
За прытулкам знаходзіліся яўрэйскія могілкі, далей – нешта кшталту пахавальнага бюро, у якім існаваў спіс людзей, пахаваных за апошнія 400 гадоў.
Надзею на паляпшэнне свайго жыцця большасць маладых людзей звязвала з эміграцыяй у Палесціну або Злучаныя Штаты. Ужо тады разумелі, як важна атрымаць адукацыю – калі сродкі дазвалялі, ехалі вучыцца ў Вільню.
Кожную раніцу два-тры аўтобусы праязджалі праз наша мястэчка – яны  кіраваліся на Вільню. Вечарам аўтобусы вярталіся назад. Ранішнія спыняліся ля дома № 52, вячэрнія – ля дома № 138. У гэтым доме, дарэчы, існаваў невялічкі гатэльчык і крама спіртных напіткаў. У доме № 142 размяшчалася польская кавярня. Рух аўтобусаў спыніўся пасля пачатку вайны ў 1939 годзе.
РУСКІЯ ПРЫЙШЛІ!
У пятніцу мы з сяброўкай сабраліся ў лес за польскімі могілкамі, каб наламаць галінак для суботняга абеду.  Выйшлі на цэнтральную вуліцу, а там ужо было поўна жанчын, якія беглі і крычалі: “Вайна!”. Усе сабраліся ля польскай школы на Антокальскай вуліцы. У яе дырэктара было радыё. Людзі пачалі слухаць перадачу: Германія напала на Польшчу. У той час мне споўнілася дзевяць гадоў.
Праз дзень ці два пачалася мабілізацыя. Усе маладыя мужчыны былі прызваны ў армію.
Для нас, дзяцей, гэта быў захапляльны час!
Даволі хутка большая частка прызваных у армію мужчын вярнулася дадому – хаос, які панаваў у той час у польскім урадзе, рабіў немагчымым любое супраціўленне агрэсару.
19 верасня 1939 года прыйшлі рускія і занялі наша мястэчка, як і іншыя гарады і вёскі Усходняй Польшчы.
(Паводле архіўных дакументаў Міхалішкі былі заняты 412-ым асобным танкавым батальёнам 27-ай стралковай дывізіі 3-ай арміі Беларускага фронту. Мост праз Вілію да таго часу ўжо быў узарваны начальнікам мясцовай пажарнай аховы Вайнштэйнам. У выніку рота плаваючых танкаў Т-38 фарсіравала Вілію, а рота танкаў Т-26 і тылавое забеспячэнне зрабілі абход у 30 кіламетраў. У 22.00 батальён ужо разбіў бівак у Міхалішках.)
Мы ўсе моцна радаваліся рускім войскам – не таму, што яны нам падабаліся, але таму, што гэта азначала: немцы да нас не прыйдуць.  Чуткі пра тое, што немцы робяць з яўрэямі, ужо дайшлі да нас.
Першае, што зрабілі рускія, – гэта адмянілі прыватную ўласнасць. Школу “Тарбут” зачынілі, а ў другой забаранілі навучанне на ідыш і іўрыце. Нас, дзяцей, рускія мелі намер перавыхаваць у стопрацэнтных  грамадзян СССР і неўзабаве зрабілі членамі піянерскай арганізацыі. Як на мой розум, дык некаторыя змены былі нядрэннымі. Узровень адукацыі, да прыкладу, узрос. Многія маладыя людзі атрымалі працу. Мой бацька ўладкаваўся на Альхоўскую кардонную фабрыку. Да таго ж, на працягу кароткага перыяду прысутнасці рускіх, яўрэйская абшчына ў нашым мястэчку не адчувала антысемітызму. Адной з прычын гэтага было тое, што ўсе жыхары Міхалішак, у тым ліку і антысеміты, жылі ў пастаянным страху перад савецкай уладай.
Заможных людзей, якія выступалі супраць рускай паліцыі, саслалі ў Сібір (да прыкладу, Лейзера Арнштэйна, Элю  і Ёсіка Задзераў і інш.). Але і бедныя сем’і, да прыкладу, наш бацька, негатыўна ставіліся да рускіх. Аднак апошнім проста не хапіла часу на рэпрэсіі – немцы распачалі новы этап вайны.
НЯМЕЦКАЯ АКУПАЦЫЯ
22 чэрвеня… Нямецкія самалёты атакавалі міхалішкаўскія аэрадромы. Зямля дрыжэла, як каціны хвосцік. Выбухі, слупы агню, густы дым…
Першае афіцыйнае паведамленне было ў тым сэнсе, што гэта вучэнні і непакоіцца не варта. Але неўзабаве праз наша мястэчка пацягнуліся грузавікі з раненымі салдатамі і рабочымі з аэрадромаў. Частку раненых перавозілі ў “Гуту”, у якой рускія арганізавалі шпіталь. Нарэшце рускія былі вымушаны прызнаць, што вайна пачалася.
25 чэрвеня немцы ўвайшлі ў Міхалішкі. Ніякага ўзброенага супраціўлення з боку рускіх не было – яны своечасова адышлі на ўсход. Адным з нямецкіх афіцэраў аказаўся гарбун, які за дзень да нападзення быў заўважаны ў мястэчку – цікавіўся аэрадромамі.
Яшчэ да таго, як у Міхалішкі ўвайшлі немцы, палякі падпалілі наш храм. Некаторыя з іх урываліся ў нашы дамы і грамілі ўсё падрад. І пробашч пры гэтым ні слова не сказаў у абарону, хаця рускія не адправілі яго ў Сібір толькі таму, што заступіліся яўрэі.
Усё насельніцтва выйшла на рыначную плошчу, каб паглядзець на акупантаў. Стары Берл Мац, які добра размаўляў па-нямецку і памятаў прыязныя адносіны нямецкіх салдат падчас Першай сусветнай вайны, вырашыў загаварыць з нямецкім афіцэрам. У адказ той без дай прычыны ўдарыў яго ў твар. Такім было першае знаёмства з нацызмам.
Неўзабаве мясцовыя палякі сталі дапамагаць немцам у вызначэнні яўрэйскага насельніцтва мястэчка. У самых лепшых дамах яўрэяў размясціліся немцы, крыху менш дыхтоўныя занялі палякі.
З артыкула М. Ляшчыньскай:
У школе па вывучэнні Талмуда немцы адкрылі сваю пякарню, а скруткі Торы выкарысталі ў якасці паліва. Яўрэям было загадана нашыць на вопратку жоўтую латку, забаронена мець зносіны з іншымі людзьмі і з’яўляцца на рынку. Рабаванне яўрэйскага жытла набыло небывалы памеры.
ГЕТА
З артыкула М. Ляшчыньскай:

– У кастрычніку 1941-ага нацысты арганізавалі гета, у якое сагналі каля 1500 яўрэяў – не толькі з Міхалішак, але і з іншых мясцін. Першапачаткова пад гета планавалася задзейнічаць 50 дамоў, але ў рэшце рэшт немцы вырашылі скараціць іх колькасць удвая. Тэрыторыя была абгароджана калючым дротам – яўрэі не мелі права пакідаць яе. Быў сфарміраваны юдэнкрат на чале з Іцхакам Себірскім, яго намеснікам стаў З. Левін. Голад, цесната, антысанітарыя, якія панавалі ў гета, прывялі да ўспышкі брушнога тыфу.
Нацысты выкарыстоўвалі вязняў гета ў якасці бясплатнай працоўнай сілы: групу маладых людзей ганялі на працу на суседні лесапільны завод, яшчэ адна вялікая група людзей была задзейнічана ў арганізацыі Тодта. Рабочыя з Міхалішкаўскага гета працавалі на чыгунцы ў Маладзечна і Вілейцы – жылі яны ў так званых “абменных пунктах” паблізу ад Астраўца. Праз тры месяцы першую групу работнікаў расстралялі, а на іх месца прывезлі  “свежыя сілы”.
З яўрэйскага сайта, прысвечанага Міхалішкам:
– У канцы лета 1941 года некалькі юнакоў гета ўцяклі з прымусовай працы – немцы шукалі іх доўга, але безвынікова. Затое двух яўрэяў, якія былі заўважаны ў незаконнай спробе набыць ежу, застрэлілі проста на рынку – дзеля “навукі” ўсім астатнім.
З артыкула М. Ляшчыньскай:
Жорсткасцю славіўся нямецкі камендант Міхалішак Аўгуст Гізі. Адзін з інцыдэнтаў, звязаных з яго удзелам, апісвае К. Лівінгстон: «…У другі раз, чалавек па імені Гіршл быў арыштаваны “за кантрабанду курыцы” ў гета. Гізі ўзяў яго ў стайню, што стаяла за нямецкай штаб-кватэрай, і ўсю ноч біў. Потым яго павялі ў двор і расстралялі. Курыцу Гізі аддаў майму бацьку, які працаваў у канюшні, загадаўшы аддаць яе жонцы Гіршла.
Зімой 1942-43гг. акупанты вырашылі, што 50-кіламетровая паласа паміж Беларуссю і Літвой павінна быць свабоднай ад яўрэяў. У вызначаную паласу трапілі чатыры гета – у Ашмянах, Свянцянах, Солах і Міхалішках. У сакавіку 1943 года ў міхалішкаўскае гета сталі актыўна “падсяляць” яўрэяў з суседніх населеных пунктаў. А неўзабаве большасць з іх была дэпартавана ў Каўнас і Вільню, а адтуль – у Панары, дзе яны былі забіты.
Але расправа на гэтым не закончылася – нават у 1944 годзе, перад самым вызваленнем, непадалёк ад  Міхалішак немцы расстралялі 158 чалавек яўрэйскага паходжання.
Па словах Эстэр Кац Лівінгстон, 82 чалавекам з яўрэйскай абшчыны ў Міхалішках удалося перажыць вайну: 22 з іх хаваліся ў лясных зямлянках, у хлявах знаёмых сялян або перажылі акупацыю на незанятай немцамі тэрыторыі Расіі, 60 чалавек вярнуліся з розных канцлагераў. Але і ў родным мястэчку яны, як аказалася, не былі ў бяспецы: Іцхак Кац, Двара Клор і Шлоймка Каплановіч, якія перажылі вайну, хаваючыся ў зямлянцы, былі забіты ў дзень свайго вяртання ў Міхалішкі. Лейбла Габізэра забіў чалавек, які адмовіўся аддаць яму рэчы, украдзеныя падчас вайны. Дваццацігадовы Хаім Стэрнбліц загінуў па дарозе на працу.
Калі з’явілася магчымасць, міхалішкаўскія яўрэі, як і яўрэі іншых населеных пунктаў, эмігрыравалі – хто ў Палесціну, хто – у ЗША, хто – у Паўночна-Афрыканскую Рэспубліку…
------------------------------
Матэрыял па звестках інтэрнэту падрыхтавалі Ігар УСЦІМЕНКА і Ганна ЧАКУР.