Пісьмо без адрасата
1
Я пішу ад імя нашчадкаў табе – не, сотням васямнаццаці-дваццацігадовым хлопчыкаў – “цынкавым” і выжыўшым у той непамерна балючай для вашага ўзросту вайне. Але ці можна ўвогуле вайну суаднесці з узростам? Чалавек ніколі па ўласным жаданні да яе не дарасце.Я свядома не абіраю імені, хоць так карціць назваць цябе Сашкам ці Андрэйкам, як у дзяцінстве клікала мама ці за некалькі тыдняў, як ты трапіў у пекла, ласкава называла каханая дзяўчына.
Як звалі цябе там, пад палячым сонцам і чужым небам, калі боль абпаленага гарачым пяском цела нельга было параўнаць з тым, што тварылася ў душы? Цябе звалі Салдат – і ты выконваў свой доўг, часам выракаючыся прыроднага інстынкту самазахавання.
Ці мог бы ты ўцалець? Адмовіцца ехаць? Схавацца – каб толькі застацца ў жывых? Не. Для вас Радзіма была святой, як маці. Любячы сын не мог здрадзіць. Гэта зараз, у ХХІ стагоддзі, мы больш дбаем пра ўласны дабрабыт і задавальненне сваіх патрэб. Зараз чамусьці лічыцца, што жыццё ўдалося, калі ў чалавека ёсць кватэра ці дыхтоўны дом, машына і адпачынак за мяжой. У іншым выпадку, як кажа моладзь, ты – лузер, няўдачнік... Тыя ідэалы, якімі ты жыў, непазнавальна сказіліся за гэты час у крывым люстэрку, якое стварыла спажывецкая культура.
А табе за шчасце было, што застаўся ў жывых, што, нарэшце, можаш удыхаць водар квітнеючых яблынь у родным садзе, ступаць па зямлі, на якой ты нарадзіўся, бачыць не фіялетавыя горы і суцэльныя пясчаныя раўніны – а зеляніну. І звычайных людзей, якія ніколі не змогуць уявіць, што ты перажыў.
“Мамачка, я жывы... Жывы! Жывы!” А пасля кароткай эйфарыі – працяглае маўчанне. Бо тыя хлопцы, якія за вайну табе сталі бліжэйшымі, чым родны брат, не вярнуліся. Яны засталіся там, дзе пясок, горы і кроў, – на Афганскай вайне...
Кажуць, што час – лепшы лекар, што наша псіхіка, каб чалавек не звар’яцеў, здольная запусціць механізм выцяснення, калі ўспаміны не сціраюцца, а хаваюцца далёка-далёка ў глыб памяці пад пячатку “табу”. Але як забыць вочы маці сябра, калі замест свайго сына – якому яшчэ жыць і жыць! – яна атрымала цынкавую труну?
А колькі такіх мацярок на прасторах былога Савецкага Саюза? Яны ж нараджалі сваіх дзетак у муках, песцілі і гадавалі, недасыпаючы па начах, цешыліся іх поспехамі і засмучаліся дзіцячымі свавольствамі, назіралі метамарфозу ператварэння хлопчыка ў юнака, чакалі ўнукаў… А атрымалі цынкавыя скрыні. І нікому ў цэлым свеце не зразумець пакут маці, пазбаўленай ўсялякай магчымасці апошні раз убачыць свайго сына, дакрануцца да яго шчакі...Дзесьці там, у далёкай і чужой краіне, як міражы ў пустыні, разам з табой і тваімі сябрамі засталіся недакаханыя дзяўчаты, ненароджаныя дзеці, унукі, якіх ніколі не будзе, ненапісаныя кнігі, лякарствы, якія маглі б ратаваць ад невылечных хвароб. Але вашы імёны навек запісаны ў памяці нашчадкаў, ад якіх я і пішу гэты ліст.
…Сашка, Андрэйка і сотні, тысячы іншых хлопчыкаў, якія прайшлі афганскае пекла ці загінулі, мы схіляем свае галовы перад вамі – вы не здрадзілі сваёй Радзіме, калі яна паклікала вас.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
