Островетчина отметила 70-летие Великой Победы
Святкаванне Дня Перамогі ў нашым раёне пачалося задоўга да 9 мая – яно доўжылася цэлы тыдзень, вылілася ў шэраг яркіх і прыгожых мерапрыемстваў, апафеозам якіх, безумоўна, стаў святочны мітынг і дэманстрацыя, а затым – канцэрт і народныя гулянні.
Зранку кіраўнікі раёна ўсклалі кветкі і вянкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам. А да дзесяці гадзін раніцы пад гукі песень ваеннай пары цэнтральную плошчу горада запоўнілі святочна ўбраныя “каробкі” працоўных калектываў: кожная ўстанова і арганізацыя пастаралася ў гэты дзень нечым выдзеліцца на агульным фоне – адмеціцца не толькі прыгожа аформленай эмблемай, але і якой-небудзь асаблівай, агульнай для ўсіх членаў калектыву дэталлю ў адзенні ці ўбранстве калоны – і гэта выглядала вельмі святочна і прыгожа.
Сімвалічна, што сёлета Дзень Вялікай Перамогі амаль супаў з Днём Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь – толькі дзякуючы заваяванай 70 гадоў назад Перамозе наша краіна змагла набыць сваю незалежнасць, займець свае дзяржаўныя сімвалы, якія ў гэты дзень маленькімі кропелькамі на сімвалічных бутаньерках – кветках Вялікай Перамогі – расцякліся па лацканах пінжакоў і святочных сукенках практычна ўсіх удзельнікаў свята.
І ўрачысты мітынг пачаўся менавіта з узняцця Дзяржаўнага сцяга – гэтае ганаровае права было прадстаўлена лепшым людзям раёна: ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Юрыю Міхайлавічу Александровічу; кіраўніку адной з найбольш паспяховых арганізацый раёна, дырэктару ДЛГУ “Астравецкі лясгас”, дэпутату раённага Савета дэпутатаў Рыгору Мечыслававічу Долгаму; прафесіяналу вышэйшага класа, пераможцу абласнога і рэспубліканскага конкурсаў прафесійнага майстэрства ўрачу-стаматолагу цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандру Алегавічу Шоўкуну; прадстаўніку “залатой моладзі” Астравеччыны – кандыдату ў майстры спорту, пераможцу і прызёру рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў баксёру Марку Маргужу. Пад гукі Дзяржаўнага гімна чырвона-зялёнае палотнішча ўзнялося ў сіняе неба як сімвал велічы і незалежнасці Беларусі.
Урачысты мітынг адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Кіраўнік раёна выказаў цёплыя і шчырыя словы прызнання ветэранам за іх бессмяротны подзвіг, зрабіў грунтоўнае асэнсаванне значэння Вялікай Перамогі для ўсёй краіны і нашага раёна, павіншаваў са святам жыхароў раёна.
Старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт падзяліўся сваімі дзіцячымі ўспамінамі пра пачатак вайны і нагадаў прысутным, што ўрокі сямідзесяцігадовай даўнасці забываць нельга – бо ўжо знаходзяцца жадаючыя не толькі перапісаць гісторыю, але і развязаць новыя войны, у тым ліку на парозе нашага роднага дома – Беларусі.
Першы сакратар райкама БРСМ Аксана Лазарава ад імя моладзі раёна падзякавала ветэранам за шчаслівае жыццё і паабяцала, што маладое пакаленне зробіць усё магчымае, каб захаваць і прымножыць іх заваёвы.Пра найбольш яркія моманты даўно мінуўшай вайны – абарону Брэсцкай крэпасці, змаганне беларускіх партызан, дзейнасць палявых шпіталяў, салдацкі адпачынак падчас кароткіх перадышак паміж баямі – нагадалі рухомыя тэатралізаваныя інсталяцыі, створаныя прадпрыемствамі і арганізацыямі горада: на грузавых аўтамашынах яны праехалі па цэнтральных вуліцах горада.
А затым на плошчу, чаканячы крок, выйшлі прадстаўнікі сілавых структур – ваеннаслужачыя-пагранічнікі і выратавальнікі. І гэтак жа годна, як старэйшыя таварышы, прайшлі маршам вучні кадэцкіх класаў Гудагайскай школы: будучыя абаронцы Айчыны і ўжо сёння – яе патрыёты!
Адметным, кранаючым да слёз, стала шэсце юных піянераў, якія неслі ў руках партрэты ветэранаў вайны, што не дажылі да 70-годдзя Перамогі – але дзякуючы юным патрыётам Айчыны, нашчадкам іх слаўных спраў у гэты дзень яны зноў сталі ў строй, хай сабе і сімвалічны, і тыя словы віншаванняў, што гучалі ў адрас ветэранаў, хочацца спадзявацца, чулі іх душы…
Ветэраны змагаліся, пралівалі кроў, аддавалі сваё жыццё, перамаглі ў той вялікай вайне дзеля міру, росквіту і развіцця дзяржавы – і парад сельскагаспадарчай тэхнікі стаў не толькі “выстаўкай дасягненняў народнай гаспадаркі” раёна, але і своеасаблівым наглядным лікбезам для “дзяцей асфальту”, у якіх сельская гаспадарка асацыіруецца з плугам і касой. Тыя сучасныя машыны, якія прайшлі роўным строем па плошчы, на якіх сёння працуюць лепшыя механізатары раёна, твораць сапраўдныя цуды на палях раёна – рэкордныя ўраджаі, якія зараз збіраюць на не вельмі багатых палетках Астравеччыны, – вынік інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
А затым усе ўдзельнікі мітынгу: ветэраны – на спецыяльна абсталяваных адкрытых легкавых аўтамашынах, працоўныя калектывы – урачыстым маршам пад гукі духавога аркестра – рушылі да помніка воінам-вызваліцелям, дзе былі ўскладзены кветкі і вянкі да вечнага агню.
…Свята плаўна перацякло ў лесапаркавую зону, дзе гучалі песні, працавалі гандлёвыя рады, праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, паказальныя выступленні пагранічнікаў і выратавальнікаў: кожны, хто прыйшоў у лесапарк, – а сюды прыйшоў, здаецца, увесь горад – змог знайсці пажыву для розуму і настрою.
Увесь дзень у горадзе працягвалася свята. А заключнай кропкай яго – велічнай, урачыстай, незвычайна прыгожай – стаў вячэрні салют. Пад гукі стаўшай сапраўды народнай песні “Дзень Перамогі”, якую спяваў у той вечар увесь шматтысячны люд, які сабраўся на набярэжнай ля вострава, узляталі ў начное неба, засланяючы сваім бляскам зоры, рознакаляровыя вялізныя люстры, букеты, спіралі – яны множыліся, драбіліся на воднай гладзі, раствараліся, знікалі ў бездані неба і вады, каб тут жа саступіць месца новым, яшчэ больш яркім, незвычайным, нябачаным!
Здаецца, усе былі ў той вечар аднадушнымі: такога цудоўнага, шчырага і шчымлівага святкавання Дня Перамогі, як яе слаўнае 70-годдзе, у нас яшчэ не было. Свята было вартым гэтай вялікай даты і надоўга запомніцца ўсім астраўчанам.--------------------
Ніна РЫБІК.
Фота Антона Мальшэўскага і Івана ПЕТРЫКА.








