Островчане вспомнили события Афганской войны, поблагодарили воинов-интернационалистов и почтили память погибших

афганГэты дзень наўрад ці можна назваць святам, хоць ён і адзначаны ў календары. Гэтая дата пранізана болем і невыносным цяжарам дзён, якія хочацца забыць. Толькі памяць аб Афганскай вайне павінна жыць! Дзеля тых, хто справай прадэманстраваў, што значыць выконваць свой абавязак. Дзеля тых, хто за кароткі тэрмін з бесклапотных юнакоў ператварыўся ў загартаваных мужчын. Дзеля тых, хто, нягледзячы на подых смерці ў затылак, вярнуўся з афганскага пекла дадому жывымі. І дзеля тых, хто застаўся там назаўсёды…

15 лютага адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Штогод у гэты дзень удзельнікі вайны збіраюцца разам на ўрачыстым мерапрыемстве. Сёлета іх прывітаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
– Воіны-інтэрнацыяналісты ў той гарачы час зведалі шмат выпрабаванняў, напэўна, нават больш, чым можа вытрымаць чалавек, – адзначыў у сваім выступленні Віктар Збігневіч. – Але кожны з вас пайшоў туды не за медалямі, пашанай ці льготамі – вы выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Менавіта на такіх прыкладах павінна выхоўвацца наша моладзь. І мы схіляем перад вамі галовы.
Пашану і ўдзячнасць прысутным выказаў і ваенны камісар ваенкамата Астравецкага раёна Раман Аляксандравіч Курлоў.
– Падчас той вайны галоўная задача савецкіх воінаў была дапамагчы, а не заваяваць тэрыторыю ці прадэманстраваць сваю сілу. І яны з годнасцю выканалі абавязак. На жаль, многія коштам свайго жыцця. Але іх прозвішчы не забыты – яны залатымі літарамі назаўсёды ўпісаны ў гісторыю нашых Узброеных Сіл.
Прывітаў баявых таварышаў і старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сцяпан Сцяпанавіч Ціток.
Работнікі культуры шчырымі і пранікнёнымі песнямі ўшанавалі памяць загінуўшых падчас вайны ў Афганістане і выказалі павагу жывым.
Пасля афіцыйнай часткі ўдзельнікі мерапрыемства паехалі па знаёмым маршруце: да памятнага каменя воінам-інтэрнацыяналістам, каб ускласці кветкі і хвілінай маўчання ўспомніць загінуўшых. А затым накіраваліся ў Гудагай і Завідзіненты, каб у чарговы раз сустрэцца са сваімі таварышамі, якія ўсё тымі ж дваццацігадовымі юнакамі пазіраюць з фотаздымкаў на помніках, – Іосіфам Канстовічам і Станіславам Бялячыцам. І пакланіцца іх маці – за мужнасць, за цярпенне, за сыноў…

-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.