Островчане ответили на пять вопросов о Великой Октябрьской революции
У людзей старэйшага пакалення словазлучэнне “Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя” было ўбіта ў падсвядомасць, можна сказаць, з нараджэння. А сёння дзеці часта пытаюць “А хто такі Ленін?”, “Што за свята мы адзначаем 7 лістапада?” І іх бацькі, “дзеці перабудовы”, таксама не заўсёды ў стане адказаць на гэтыя пытанні адназначна і кампетэнтна...Напярэдадні чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая адзначаецца ў суверэннай Беларусі як дзяржаўнае свята, мы вырашылі задаць падобнае пытанне – а таксама некалькі іншых, якія тычацца ўплыву рэвалюцыі на жыццё нашай незалежнай краіны і асобных людзей – жыхарам Астравеччыны, розным па зросту, светапогляду, прафесіі і роду дзейнасці.
1. Кастрычніцкая рэвалюцыя – гэта найвялікшая падзея ці найвялікшае злачынствамінулага стагоддзя?
2. Гісторыя, як вядома, не ведае ўмоўнага ладу, і немагчыма спрагназаваць, што было б, калі б… І тым не менш, давайце паспрабуем. Калі ўключыць фантазію і веды аб сваіх продках і ўявіць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя не адбылася – як бы склалася ваша асабістае жыццё, жыццё вашай сям’і?
3. Сёння ў многіх краінах былога Савецкага Саюза, у тым ліку і ў нашых бліжэйшых суседзяў – на Украіне, у Расіі – ідзе так званая “вайна з помнікамі”, у прыватнасці, правадыру сусветнага пралетарыяту Леніну: іх скідваюць, разбураюць… Якія вашы адносіны да гэтага?
4. Жыхары Астравеччыны, у тым ліку і на старонках нашай газеты, час ад часу ўздымаюць дыскусію: ці варта перайменоўваць буйнейшую ў горадзе вуліцу Валадарскага, названую ў гонар аднаго з паплечнікаў Леніна, які не тое, што пра Астравец – пра Беларусь наўрад ці што ведаў. Якое ў вас меркаванне на гэты конт?
5. Што добрага з вопыту першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы – Савецкага Саюза – суверэнная Беларусь павінна ўзяць на ўзбраенне?
Віктар Збігневіч Свіла, намеснік старшыні райвыканкама
1. Я б пазбягаў патэтыкі ў ацэнках якіх бы то ні было падзей – найвялікшая, галоўная… Кастрычніцкая рэвалюцыя – гэта, вядома, значная падзея ў гісторыі не толькі Расіі ці Савецкага Саюза, але і ўсяго свету, якая паўплывала на ход далейшай гісторыі і вынікі якой адчуваюцца і сёння. Гэта факт, які ніхто адмаўляць не стане.
А калі гаварыць пра другую складаючую вашага пытання – аб злачынстве, то любое злачынства, з юрыдычная кропкі гледжання, мае пад сабой нейкі карыслівы матыў. А пры ажыццяўленні Кастрычніцкай рэвалюцыі мэты ставіліся вельмі высакародныя.
2. Ну, хутчэй за ўсё мае бацькі б проста не сустрэліся. Бацька, думаю, застаўся б працаваць на зямлі, на гаспадарцы, не быў бы прызваны ў Савецкую армію і не атрымаў бы вадзіцельскія правы. Маці наўрад ці стала б аграномам: яна паходзіла з беднай сям’і ў Іўеўскім раёне, дзе было сямёра дзяцей, і наўрад ці хто клапаціўся б пра яе адукацыю…Малаверагодна, каб лёсы іх перасекліся. Хаця… Хто ведае, што было б, калі б… Вы правільна гаворыце: гісторыя не ведае ўмоўнага ладу.
3. Давайце для пачатку паспрабуем разабрацца, што ж такое помнік? Гэта – нейкі твор мастацтва, у дадзеным кантэксце – скульптура, якая павінна ўвекавечыць памяць нейкага дзеяча ці гістарычнай падзеі. Помнікі Леніну, якія стаяць у Беларусі, у тым ліку і ў нашым Астраўцы – іх, па вялікім рахунку, нельга назваць помнікамі. Іх можна назваць помнікамі толькі ў тым кантэксце, што гэтыя ў большасці сваёй тыражыраваныя копіі адной і той жа скульптуры нагадваюць нам аб пэўным перыядзе нашага жыцця – савецкім перыядзе, які сам па сабе заслугоўвае ўвекавечвання. Помнікі Леніну, што стаяць на тэрыторыі ўсёй нашай краіны, – гэта не помнік канкрэтнай асобе, а хутчэй тым падзеям, якія адбыліся пад яго кіраўніцтвам, таму часу, у якім мы жылі. А змагацца з помнікамі, разбураць іх, ды яшчэ такімі вандальскімі спосабамі, дакладна не варта – гэта, я лічу, прыніжае годнасць найперш тых людзей, хто гэта робіць, а не тых, чые помнікі яны разбураюць.
4. Калі гаварыць менавіта пра вуліцу Валадарскага ў Астраўцы, то тут я не бачу нейкіх супярэчнасцей: гэтая вуліца забудоўвалася і набыла свой сучасны выгляд менавіта пад гэтай назвай. Хоць асоба гэтага рэвалюцыйнага дзеяча даволі неадназначная і ён не мае ніякага дачынення да Астраўца – але, раз ужо вуліцу першапачаткова назвалі ў яго гонар, то, на мой погляд, хай бы так і заставалася. Ёсць шмат іншых вуліц, якія ўзніклі даўно, мелі свае назвы, але затым былі зменены на больш кан’юнктурныя – вось у адносінах да іх, лічу, варта было б аднавіць гістарычную справядлівасць.
5. Першае і галоўнае, што дала савецкая ўлада нашай краіне, – гэта тэрыторыю. У тых памерах, на якія гістарычна маглі прэтэндаваць беларусы, ці не, што нам “прырэзалі”, а што забралі – гэта ўжо справа іншая.
Немалаважна, што Беларусі шанцавала на лідараў, якія стараліся гэтую тэрыторыю прывесці ў парадак і разумна гаспадарыць на ёй. Гэта было ў савецкай Беларусі, гэта застаецца і ў сучаснай. Развіццё навукі, сельскай гаспадаркі, адукацыі – усе гэтыя дасягненні савецкай рэспублікі – склалі аснову нашай сучаснай краіны, і іх неабходна захоўваць і развіваць.
Віталій Іванавіч Лянкевіч, гісторык, былы дырэктар Гудагайскай СШ
1. Безумоўна, Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя была найвялікшай падзеяй мінулага стагоддзя! Вы ж успомніце, колькі сацыяльных заваёў дала народу рэвалюцыя: бясплатная адукацыя, ахова здароўя, сацыяльная абарона чалавека.
Ды і на выбар шляху развіцця іншымі дзяржавамі свету наша рэвалюцыя паўплывала – няважна, прызнаюць яны гэты факт, пайшлі па сацыялістычным шляху ці не. Да прыкладу, той жа “шведскі сацыялізм”, пра які так шмат зараз гавораць – карані яго таксама хаваюцца ў нашай рэвалюцыі. Швецыя пайшла іншым шляхам і дабілася большага ў сваім развіцці. Але без вопыту Расіі, Савецкага Саюза наўрад ці адбыліся б там сённяшнія пераўтварэнні ў сацыяльнай абароне чалавека.
2. Ёсць усе падставы меркаваць, што, калі б не адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыі, не было б і мяне самога – мае бацькі проста не сустрэліся б. Бацька – тутэйшы, байканскі, ўсе нашы продкі былі сялянамі. Маці прыйшла ў Заходнюю Беларусь пасля вызвалення гэтай тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў... Так што, калі б абставіны склаліся на іншаму, то іх сустрэча магла б і не адбыцца.
3. Ну як можна адносіцца да разбурэння якіх бы то ні было помнікаў? Вядома, кожны цвяроза думаючы чалавек супраць такога вандалізму! Пасля рэвалюцыі вунь таксама разбуралі – помнікі, палацы, сядзібы. А цяпер успомнілі, што гэта – наша спадчына, шукаем, аднаўляем. Навошта ўвогуле нешта разбураць? Зламаць – лягчэй лёгкага, адбудоўваць цяжка…
Тым больш, што Ленін быў фігурай сусветнага маштабу, што б там сёння пра яго ні гаварылі і як бы ні спрабавалі перакроіць гісторыю. Нават Карл Маркс сцвярджаў, што немагчыма перамога сацыялізму у адной асобна ўзятай краіне – а Ленін даказаў усяму свету, што гэта магчыма! І ў 1937 годзе Савецкі Саюз выйшаў на першае месца ў Еўропе і другое ў свеце па валавой вытворчасці прадукцыі – і гэта краіна, якая пры сваім нараджэнні ляжала ў руінах, знаходзілася ў стане грамадзянскай вайны.
4. Валадарскі – фігура, вядома, неадназначная… Але тое, што яго імем назвалі вуліцу ў Астраўцы, абгрунтавана: напачатку гэтай вуліцы, за сённяшнім “Белаграпрамбанкам”, знаходзілася рэдакцыя “Астравецкай праўды” – вось і далі вуліцы імя першага савецкага камісара друку. Цалкам лагічна!
5. Дык мы і ўзялі! Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, лічу, вельмі правільна захаваў прамысловую вытворчасць у краіне, сельскую гаспарадку. Канешне, наша прамысловасць была энергаёмістай, бо ў савецкі час дзейнічала як зборачны цэх усяго Савецкага Саюза – але, пераарыентаваўшы яе на сучасны лад, наша краіна змагла застацца лідарам на постсавецкай прасторы па валавой вытворчасці прадукцыі.
Нельга не вітаць, што ў сучаснай Беларусі захавана сацыяльная абарона чалавека, усе заваёвы сацыялізму – сёння ніводзін грамадзянін, незалежна ад узроўню яго даходаў і стану здароўя, не галадае і не жыве на вуліцы, мае магчымасць атрымаць медыцынскую дапамогу, вучыць сваіх дзяцей. Гэта дарагога варта, і гэта трэба цаніць.
Дзмітрый Анатольевіч Дамарад, намеснік пракурора Астравецкага раёна
1. Безумоўна, Кастрычніцкая рэвалюцыя – гэта значная падзея ў сусветнай гісторыі, якая аказала вялікі ўплыў на развіццё не толькі тых краін, якія ўвайшлі ў склад Савецкага Саюза, але і ўсяго свету, і на лёсы людзей, якія насялялі гэтую краіну. Які гэта быў уплыў – размова іншая і больш працяглая.
2. Спрагназаваць, што было б, калі б… – мне здаецца, немагчыма. Магу толькі сказаць, што мае продкі гаспадарылі на зямлі ў Карэліцкім раёне, людзі былі добрыя і працавітыя. Рэвалюцыю і прыход савецкай улады не віталі – аж да таго, што прадзед пасля прыходу саветаў хацеў з’ехаць у Аргентыну – не паспеў, пачалася вайна. Пазней іх раскулачылі… Уявіць, як склалася б іх жыццё, а затым – маіх дзядоў, бацькоў, маё асабістае, – немагчыма.
3. Увогуле да помнікаў Леніну, якія зараз стаяць у кожным населеным пункце Беларусі, я адношуся адмоўна. Лічу, што помнікі трэба ставіць тым людзям, якія зрабілі нешта значнае для развіцця дзяржавы ці гэтай тэрыторыі – дзяржаўным дзеячам, вядомым пісьменнікам, мастакам і г.д., якія праславілі сваю радзіму і свой народ, жыццё якіх можа стаць прыкладам для пераймання, на прыкладах якіх трэба вучыцца. А Ленін, уласна кажучы, і да Беларусі не мае ніякага дачынення, не тое, што да Астраўца.
Але пры тым помнікі Леніну я б не чапаў – навошта нешта разбураць? У крайнім выпадку – помнікі усім гэтым дзеячам рэвалюцыі варта было б сабраць недзе ў музеі – каб людзі памяталі сваю гісторыю.
4. Адносна вуліцы Валадарскага ў Астраўцы ў мяне меркаванне адназначнае: яе трэба пераймяноўваць. У нас, у які горад ні прыедзеш, усюды сустрэнеш вуліцы Валадарскага, Леніна, Кастрычніцкую, Савецкую – нібы няма больш як называць… А між тым, у кожным горадзе і вёсцы ёсць свая гісторыя, свае вядомыя людзі – іх імёны і варта даваць вуліцам.
5. Пасля рэвалюцыі было шмат станоўчых з’яў у развіцці краіны – тая ж новая эканамічная палітыка, нэп, да прыкладу, якая заахвоціла тысячы людзей развіць сваю прадпрымальніцкую ініцыятыву, дала магутны штуршок развіццю эканомікі. Былі і іншыя – сумныя, страшныя, злачынныя – прыклады ў жыцці краіны. Іх трэба памятаць – але нельга паўтараць. А на ўзбраенне сучаснай Беларусі варта ўзяць усё лепшае, што было ў савецкай краіне.
Сяргей Віктаравіч Шэін, гісторык, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама
1. Я б не даваў такіх катэгарычных, палярных адзнак, бо не лічу Кастрычніцкую рэвалюцыю ні найвялікшай падзеяй, ні злачынствам. Іншая справа, да чаго яна прывяла – грамадзянская вайна, трагедыі мільёнаў людзей і пры гэтым небывалая актывізацыя народных мас... А сама па сабе Кастрычніцкая рэвалюцыя – гэта, па сутнасці, пераварот, які быў зроблены амаль што бяскроўна. Яму папярэднічалі сапраўды значныя, знакавыя гістарычныя падзеі: адрачэнне цара ад прастола, буржуазна-дэмакратычная лютаўская рэвалюцыя… Бальшавікі вельмі ўдала скарысталі тую абстаноўку, якая панавала ў той час у Петраградзе, і захапілі ўладу. А што было потым – гэта ўжо зусім іншыя падзеі, прагрэсіўныя ці трагічныя.
2. Я не думаю, што маё жыццё кардынальна адрознівалася б ад сённяшняга, калі б не было рэвалюцыі. Пачатак мінулага стагоддзя – гэта пачатак многіх працэсаў у царскай Расіі, новых дэмакратычных пераўтварэнняў, на якія ішоў царскі ўрад. Мой дзед у той час, да рэвалюцыі, быў адукаваным па сваім часе чалавекам, ён закончыў гімназію – такіх напачатку стагоддзя нават у Гродне – было не так і шмат. Так што, думаю, адукацыю я б атрымаў у любым выпадку…
3. Я, канешне, супраць вайны з помнікамі. Але далёка не ўсе з іх з’яўляюцца сапраўды творамі мастацтва. Многія з тых скульптур, што стаяць на вуліцах і плошчах, у тым ліку і ў Беларусі, – гэта прыклад масавай безгустоўнасці. І такія, я лічу, трэба прыбіраць.
Хоць ёсць помнікі, якія знамянуюць сапраўды эпахальныя падзеі і асоб, маюць сапраўдную культурную, гістарычную і мастацкую каштоўнасць – я за такія помнікі, незалежна ад таго, каму і чаму яны прысвечаны.
4. Я згодзен з тымі прапановамі аб перайменаванні самай вялікай вуліцы Валадарскага ў нашым горадзе, якія гучалі ў тым ліку і са старонак раённай газеты. Так, у той час, як гэтая вуліца будавалася, яна адпавядала таму духу эпохі – мы тады на мітынгах і дэманстрацыях віталі гэтых рэвалюцыйных лідараў, у тым ліку і крывавых – Валадарскі быў адным з такіх. Але час мяняецца, і я лічу, для назвы галоўнай вуліцы Астраўца ёсць шмат сапраўды дастойных людзей, дзейнасць якіх нейкім чынам звязана з нашым горадам ці раёнам.
5. Мне здаецца, тое, што Беларусь магла ўзяць у тым часе, у тых умовах адсутнасці рэальнага суверэнітэту і раўнапраўя так званых братніх саюзных рэспублік, бо палітыка вялікадзяржаўнага шавінізму існавала і ў савецкі час, – яна ў свой час узяла. У нас было шмат талковых лідараў, якія маглі і рабілі многае для таго, каб умацаваць той самы суверэнітэт, развівалі эканоміку, высокаінтэлектуальную вытворчасць.
А галоўнае, што трэба ўзяць з таго часу, чаму трэба вучыцца – гэта выхаванню патрыятызму, шчырай веры народа ў тое, што мы будуем лепшую краіну ў свеце – бо бездухоўнае грамадства не можа стаць асновай ніякай дзяржавы. І мы гэта зараз паспяхова робім.
