О чём молчит Кайминский мост

Каймінскі мост мяне цікавіў даўно. Памятаю, некалі бацька на матацыкле вазіў мяне ў тагачасны культурны цэнтр нашай мясцовасці – Жукойні Страчскія да зубнога ўрача. Праз мост ён матацыкл вёў у руках, абмінаючы небяспечныя месцы, часам і мне загадваў падштурхнуць. Калі я бачыла праз вялікія дзіркі, як далёка ўнізе імкліва віруе па камянях вада, то адчувала яшчэ большы страх, чым у пачакальні стаматалагічнага кабінета.
Скупыя звесткі пра гэты мост я сабрала раней і апублікавала ў сваёй кніжцы “Мікратапонімы Спондаўскага краю”. А ў мінулым годзе, дзякуючы інтэрнэту, адшукала свайго дзядзьку Нарцыза Лаўрыновіча , ураджэнца в. Кайміна Горная, які зараз жыве ў Калузе. Чалавек адукаваны, з вялікім багажом ведаў, моцнай памяццю і настальгічным замілаваннем да мясцін, дзе нарадзіўся і вырас, ён расказаў мне пра Каймінскі мост многа цікавага, чаго я не ведала раней.
Мост існаваў яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы, таму што быў жыццёва неабходным для жыхароў густанаселеных тагачасных вёсак. Ён злучаў населеныя пункты, размешчаныя на гэтым баку возера, з Міхалішкамі. Старажылы ўпэўнены, што тут праходзіў знакаміты тракт Стэфана Баторыя. Тракт вёў з Вільні праз Новую Вілейку – Міцкуны – Лаварышкі – Слабодку – Сыманэлі – Міхалішкі – Свір – Канстанцінава – Кабыльнік – Дунілавічы – Глыбокае – Полацк. Адрэзак дарогі Міхалішкі – Свір, згодна паданняў, якраз і праходзіў праз Кайміну.
Той мост, які памятае Нарцыз Лаўрыновіч, быў пабудаваны пры польскай уладзе і злучаў навакольныя вёскi з Жукойнямi (Страчскiмi), дзе была гміна, i Мiхалiшкамi – галоўным гандлёвым цэнтрам наваколля. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, па гэтым мосце сталі ездзіць нямецкія аўтамабілі і цяжкая ваенная тэхніка – яны яго і разламалі. У 1942 г. быў прывезены капёр (абсталяванне для забівання сваяў) – і больш за 15 мужчын яўрэйскай нацыянальнасці з сем’ямі. Жанчыны з маленькімі дзецьмі кватаравалі ў каймінскіх гаспадароў. Нарцыз памятае, як па-суседству з імі, у Валуевіч Схолі, жыла дзяўчынка Мерка са сваёй мамай – добрыя, ціхія людзі з пастаянным выразам страху і безвыходнасці ў сумных вачах. Яны падаравалі хлопчыку шорцікі на шлейках з чырвонай у белыя гарошкі лёгкай тканіны – такіх не было ні ў аднаго хлапчука ў акрузе. Маленькага Нарцыза маці прыбірала ў іх па святах і тады, калі бацька вазіў да ўрача.
Мужчыны-яўрэі працавалі на будоўлі. Яны перасоўвалі капёр па старым мосце і забівалі сваі для новага. Немцам мост быў патрэбен, каб мець паралельную з бальшаком дарогу: Міхалішкі – Жукойні Страчскія – Спонды – Лынтупы – Паставы і далей – на Полацк.
Каймінскія мужчыны прыходзілі на мост “пакурыць” ды пагутарыць пра жыццё. Яўрэй Бэрка, адзін з будаўнікоў, падзяліўся з бацькам Нарцыза сваімі трывожнымі прадчуваннямі, што пасля заканчэння будаўніцтва немцы іх не пакінуць жывымі. Лаўрыновіч раіў, каб яўрэі ўцякалі да партызан, тым больш што зрабіць гэта было лёгка: жылі яны без аховы ў ельніку, адразу за мастом. З імі быў толькі майстар. Добрасумленна закончыўшы будаўніцтва, Бэрка знік. Астатніх, напэўна, не змог пераканаць, і людзі аддаліся на волю лёсу. А лёс іх чакаў жудасны: яўрэяў, як статак авечак, пагналі на Міхалішкі… Пасля жыхар Кайміны Вайнілка Браніслаў расказваў, што каля Міхалішак немцы іх расстралялі. Каб не марнаваць патроны, забітых і параненых фашысты скідвалі ў яму і пасыпалі соллю. Відавочцы расказвалі, што яшчэ два дні на тым месцы варушылася зямля.
У хуткім часе зімой ішоў лясной дарогай з Глушыцы ад сваяка мужчына, а насустрач яму ў лесе выйшла калона партызан. Аказалася, што Бэрка ўзначальваў партызанскі атрад. Так гэта ці не, зараз сказаць цяжка.
Для мясцовай дзетвары новы мост стаў найлепшым месцам для забаў, своеасаблівым палігонам, дзе хлапчукі, разбіўшыся на каманды, гулялі ў вайну. Найбольш ім падабалася “бамбіць”. Дзетвара выкалупвала з брукаванай дарогі камяні і кідала іх з моста ў ваду. Раздаваўся “выбух”, і пырскі ўзляталі высокавысока, часам нават вышэй маста. Вось і была ў іх задача – хто мацней шлёпне каменем па вадзе. А потым такія ж звонкія “шлёпкі” атрымлівалі дзеці па голай попе ад бацькоў. Але ніякія забароны не дапамагалі – на масце тады дзетвара прападала цэлымі днямі.
Затым былі створаны калгасы. На гэтым беразе возера 30 гектараў палёў былі адведзены калгасу iмя Гiмбiцкага (Жукойнi). Мост зноў стаў актыўна эксплуатавацца і разбурацца. У 1955-1956 гадах Станіслаў Ёч, хлопец з суседняй Кайміны Дольнай, дэмабілізаваўшыся з арміі, дзе служыў сапёрам, уладкаваўся ў Свір дарожным майстрам і заняўся перабудовай маста. На беразе ляжаў капёр, і Нарцыз расказваў, як кожны раз, вяртаючыся з Жукойненскай школы – а вучыўся ён тады ў 10 класе і адчуваў сябе дарослым – спрабаваў паставіць гэтую жалязяку “на папа”, як рабілі гэта яго бацька з іншымі мужчынамі. Але, як ні намагаўся, нават адарваць ад зямлі не мог: капёр важыў 60 пудоў – 1 тону! Юнак разумеў, што яму яшчэ трэба многа з’есці сала з хлебам.
Каймінская зямля для механізаванай апрацоўкі на той час, калі не было меліярацыі, была мала прыгодная з-за кароткіх гонаў і касагораў, і калгас імя Гімбіцкага неўзабаве адмовіўся ад яе на карысць калгаса імя А. Кашавога (Спонды).
Пасля ўжо мост толькі рамантавалі. Праз гады па ім хадзіць было страшна і небяспечна нават адважным мясцовым хлопцам. Былi выпадкi, калi людзi правальвалiся: напрыклад, жыхар в. Каймiна Горная Яўген Лось правалiўся з канём i павозкай пад мост. Цэйка з Туроўя i Iван Салавей са Спондаў з матацыкламi ўпалi з маста, прычым апошнi атрымаў цялесныя пашкоджанні.
Раней, на ўсякі выпадак, побач з мастом заўсёды быў брод. Пад мастом ад берага да берага ляжалі кладкі, па якіх маглі праходзіць пешаходы і веласіпедысты. У іншым месцы праязджалі трактары і конныя павозкі, спускаючыся з крутога адкосу. Здараліся і трагічныя выпадкі. Так, адзін мужчына са Спондаў ехаў з Міхалішак, конь, пераязджаючы брод, нечага спужаўся і павярнуў проста ў Каймінскае возера. У гаспадара не аказалася нажа, каб перарэзаць гужы і вызваліць коніка, ён заблытаўся і ўтапіўся. Быў выпадак, калі загінуў чалавек. Восенню познім вечарам вярталіся з малацьбы двое мужчын – зразумела, нецвярозыя. Адзін кіраваў канём, а другі ляжаў на пустым возе – і захлынуўся, пераязджаючы сутокі.
Пачынаючы з 90-х гадоў па гэтым масце ўжо i пешшу прайсцi стала немагчыма. Жыхары Каймiна Горнай i навакольных вёсак звярнулiся да мясцовай улады з просьбай аб аднаўленнi пераправы. Летам 2005 года быў пабудаваны новы пешаходны мост, якім і сёння карыстаюцца ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу.
----------------------------
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.
