На Островетчине успешно реализовывается проект "Краеведение без границ"

Чацвёрты год запар у Астравецкім раёне пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта вядуць актыўнае супрацоўніцтва дзве ўстановы адукацыі: Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі з беларускага боку і краязнаўчы цэнтр “Ускраіны Віленшчыны” з літоўскага боку. Імі рэалізуецца сумесны міжнародны краязнаўча-турыстычны праект “Краязнаўства без межаў”.


У рамках праекта прайшло шмат цікавых мерапрыемстваў, сустрэч, экскурсій і семінараў. Апошняя экскурсія па Беларусі была прысвечана нашаму земляку Міхаілу Агінскаму. 25 верасня будзе адзначацца 250 гадоў з дня нараджэння гэтага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, кампазітара, а ў Літве 2015-ты год аб’яўлены годам Агінскага.

Настаўнікі-прадметнікі з Літоўскай Рэспублікі і супрацоўнікі Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пачалі падарожжа па Беларусі з наведвання сядзібы Агінскага, дзе даведаліся аб жыцці і творчасці кампазітара, праслухалі знакаміты “Паланэз”, зазірнулі ў былы кабінет славутага земляка і ўбачылі адноўленую аранжарэю.

Пасля беларуска-літоўская дэлегацыя накіравалася ў Мінск – аглядная экскурсія па горадзе і наведванне Нацыянальнай бібліятэкі пакінулі незабыўныя ўражанні і добрыя ўспаміны.

Літоўскія госці сваё меркаванне выказалі ў анкетах: “Спадабалася ўсё! Поспехаў арганізатарам!”, “Усе аб’екты, якія мы наведалі, нам спадабаліся!”, “Думаю, што сустракаемся не ў апошні раз!”, “Часцей арганізоўвайце такія праекты!”, “Дзякую Цэнтру ў Астраўцы!”, “Няхай літоўцы паглядзяць, як трэба гаспадарыць у сваёй краіне!” – гэтыя і шэраг іншых каментарыяў пераконваюць, што час у Беларусі суседзі-літоўцы правялі цікава і карысна.

Але галоўным сваім дасягненнем арганізатары праекта лічаць тое, што, нягледзячы на межы, атрымалася наладзіць сяброўскія стасункі паміж педагогамі дзвюх суседніх краін. Пра гэта сведчыць не толькі вялікі стос фотаздымкаў, але і тое, з якім захапленнем расказвалі ўдзельнікі праекта – беларускія і літоўскія педагогі – аб падарожжах і сустрэчах.


-------------------------------

Вольга Сцефановіч.