Листаем страницы истории. Откуда есть пошла школа в Чубейках?
Гісторыю нават аднаго жыцця поўнасцю занатаваць немагчыма. А што тычыцца гісторыі ўстановы, арганізацыі ці краіны, то напісаць яе ад “А” да “Я” – задача з мноствам невядомых. З цягам часу таямніцы прыадкрываюцца, і здаецца, што ўжо можна паставіць кропку – аднак неўзабаве кропка зноў становіцца шматкроп’ем...З часу стварэння музея “Зямля гудагайская” напісана шмат старонак гісторыі нашай навучальнай установы. У савецкі час усе школы вялі свае летапісы. І ў перадваенны час іх таксама пісалі – пра гэта нам паведаміў адзін з першых вучняў Гудагайскай школы Станіслаў Шлыковіч, які зараз жыве ў Польшчы. Толькі час і абставіны загубілі тыя напрацоўкі. І вельмі хочацца спадзявацца, што створаны школьны музей стане на доўгі час не толькі крыніцай інфармацыі, але і надзейным сховішчам матэрыялаў, што тычацца нашага рэгіёну – зямлі гудагайскай.
А не так даўно мы атрымалі неацэнны краязнаўчы падарунак: нам напісала нашчадак фундатараў і першых настаўнікаў Гудагайскай школы Данута Кавалеўская-Сохань. Падлеткам у 1945 годзе яна развіталася не толькі з родным домам, але і з Радзімай, назаўсёды звязаўшы сваё жыццё з Польшчай. Але ж месца нараджэння, дзяцінства, ружовага юнацтва застаецца ў сэрцы і ў памяці, вабіць да сябе. І ўжо ў вельмі сталым узросце пані Данута зноў наведала родныя мясціны, пакінуўшы нам свой адрас. Такая перадгісторыя гэтага ліста.А змест яго – гэта не толькі першыя старонкі з гісторыі школы, ён значна шырэйшы. Чытаючы ліст, разглядваючы фотаздымкі, дасланыя пані Данутай, апынаешся ў атачэнні таго часу. Спадзяюся, што многія чытачы пазнаёмяцца з яго зместам з задавальненнем і карысцю.
Марыя Васілёнак, кіраўнік музея Гудагайскай СШ.
Пераклад зместу ліста, атрыманага ад Дануты Кавалеўскай-Сохань, г. Оструда, Рэспубліка Польшча Мае бацькі былі настаўнікамі. Маці Аліна Кавалеўская паходзіла з сям’і Асьвецімскіх з Чубэек (вёска, якая зараз увайшла ў склад пасёлка Гудагай), уладальніцай якіх стала пасля смерці бацькоў. З 1925 года школа знаходзілася ў адным з пакояў жылога дома паноў у Чубэйках і ў доме Каткоўскіх у Табарышках. У гэтых школах і працавала мая маці, што было не вельмі зручна, бо школьныя памяшканні знаходзіліся на адлегласці 1 кіламетр адзін ад другога.
У 1925 годзе мама выйшла замуж за Леона Кавалеўскага, таксама настаўніка, і з гэтага часу яна ўжо больш не працавала ў школе.
У 1932 годзе са згоды маёй маці бацька вырашыў будаваць асобны будынак школы ў Чубэйках. Для пабудовы выкарыстоўвалі дрэва з нашага лесу, і людзям за працу плацілі таксама мае бацькі.
Пабудова мела тры вялікія класы, канцылярыю, раздзявалку, калідор і пакой для вартаўніка. Школа была шасцікласнай агульнаадукацыйнай. У 6 класе вучыліся 2 гады, на другі год выкарыстоўвалася іншая праграма навучання. Класы былі спараныя: першы вучыўся з другім, трэці – з чацвёртым, пяты – з шостым. Урокі ў спараным класе чаргаваліся: спачатку пісьмовыя (“ціхія”), затым – вусныя (“гучныя”). Школу наведвалі дзеці з навакольных вёсак – Гудагая, Табарышак, Палушаў, Вавяранаў, Фэрмы, Ліпак, Германішак, а таксама з бліжэйшых хутароў.Пасля заканчэння будаўніцтва школы у ёй працаваў мой бацька Леон Кавалеўскі, а таксама настаўнікі Эмілія Мацюсэвіч і Часлаў Вайтовіч. У 1934 годзе яны выехалі, а пачалі працаваць Ян і Хэлена Рабайчыкі, якія прыехалі з Кельц (Польшча).
Леон Кавалеўскі вучыў дзяцей польскай мове, прыро-дзе, гісторыі, малюнку, гімнастыцы, спевам, працы (заняткі практычныя). Ян Рабайчык быў настаўнікам матэматыкі і фізікі. Хэлена Рабайчык – настаўніцай прыроды, геаграфіі, польскай мовы, працы.
У гэтым складзе настаўнікі працавалі да 1939 года. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны калектыў настаўнікаў змяніўся. Сюды прыехала сямейная пара Гаро. Настаўніца Гаро (не памятаю яе імені) выкладала беларускую мову. Рускую мову вучыла настаўніца з Германішак Надзея Казлоўская. Сям’я Рабайчыкаў не магла прадаўжаць працу ў нашай школе з-за няведання рускай мовы.
У час нямецкай акупацыі, з 1941 па 1944 год, школа не працавала. У школьным будынку знаходзіўся лагер для рускіх ваеннапалонных. У гэты час я вучылася дома з прыватным настаўнікам.
Наша сям’я выехала ў Польшчу ў кастрычніку 1945 года і пасялілася ў горадзе Оструда. Вучобу я прадоўжыла ў гімназіі.
Адкуль паходзіць назва Чубэйкі, не ведаю. Гэты маёнтак купіў мой дзед ад уладальніцы Астраўца. Маёнтак Чубэйкі цягнуўся ад чыгункі да граніц сённяшняга Астраўца, дзе стаіць аўтазаправачная станцыя. На гэтай прасторы знаходзіліся нашы палі. Пасля ад’езду маёй сям'і ў 1945 годзе іх ніхто не апрацоўваў – і яны зараслі лесам. І зараз на месцы нашых уладанняў расце лес.Нямала нашых знаёмых з мясцін, дзе прайшло маё дзяцінства, таксама пасялілася ў Острудзе, у вёсках Орново, Рэшкі, Тырова. Некаторыя выехалі ў Хошчна, Гданьск, іншыя гарады Балтыйскага рэгіёна, на Дольны Слёнск. У Острудзе аселі сем’і Каткоўскіх, Яскулоўскіх, Малышкаў, Замара. Большасці з іх ўжо няма.
Я ўжо маю 86 гадоў.
