Как поминали усопших наши предки

Здаўна на Беларусі адзін з восеньскіх дзён прысвячаўся ўспамінам пра памерлых продкаў. Свята “Дзяды” адзначаецца і сёння ( афіцыйная дата – 2 лістапада). У гэты дзень памінаюць памерлых і ўвесь род. Гэты абрад з’яўляецца вытокам чыстых помыслаў і пачуццяў. Метавіта ён можа выратаваць ад забыцця сваіх каранёў, што вядзе да бездухоўнасці і абыякавасці.

Народ, які страціў памяць, знікае з твару зямлі. Нашы продкі гэта разумелі, таму і называлі дні “Дзядоў” святымі, светлымі.
Як жа нашы продкі праводзілі абрад памінання продкаў? На могілкі ішлі ўсёй сям’ёй. Успаміналі памерлых родзічаў, сваякоў, маліліся над кожнай магілкай, звярталіся да памерлага як да жывога. Калі вярталіся дадому, то пачыналі памінальную вячэру. Пры гэтым загадзя ў хаце ўсё мылі, прыбіралі, накрывалі белым абрусам стол. На стале, калі збіраліся прадстаўнікі ўсёй сям’і, абавязкова прысутнічалі тры абрадавыя стравы: куцця, бліны ды кісель. Са словамі: “Памяні, Божухна, нашых святых дзядоў! Няхай яны са святымі спачываюць, а нам хлеба-солі засылаюць!” – гаспадар на сподачак, пакрыты блінамі, адкладваў трошкі з кожнай пададзенай стравы (найчасцей іх было 7) і ставіў на падваконне. Пасля ён гаварыў: “Святыя дзяды! Прыйдзіце сюды – гэта для вас!” Затым гэтыя словы паўтаралі ўсе члены сям’і. На стале таксама пакідалі месца і асобныя сподак і напоўненую шклянку для памерлых.
Успаміналі дзядоў. Прыгадвалі нейкія звесткі з жыцця, іх справы, наказы, знешнасць. Мінімальнай у народнай свядомасці лічылася памяць да трэцяга калена. У род хлопца прымалі, калі той мог успомніць родзіча з пятага калена, але традыцыйна патрэбна захоўваць памяць да дзясятага калена. Гаварылі за сталом толькі пра добрае, пра самае патаемнае. Вячэра цягнулася да “трэціх пеўняў”.
А вось сучаснае запрашэнне дзядоў на вячэру можа быць і такім:
Дзяды нашы шаноўныя, завітайце да нас.Чакаем вас, як і тысячы, і сотні гадоў назад чакалі. Хадзіце на бяседу ціхую, спавядальную ўсе, хто на гэтай зямлі некалі жыў – і старыя, і немаўляты малыя, і маці, і сёстры, і браты, і бацькі, і людзі чужыя, незнаёмыя. Душа ваша жыве ў Сусвеце. Нам не жыць, калі не помніць вас. Вы мудрэйшыя за нас, нам патрэбны ваш розум, дух, традыцыі і вопыт.

Вядома, правесці абрад – гэта не самае важнае. Галоўнае ж, напэўна, зразумець неабходнасць гэтага абраду для сваёй сям’і, для ўсяго чалавецтва, для захавання памяці.
Нашаму пакаленню патрэбна гэта памяць. У нас у школе напярэдадні свята “Дзядоў” наладжана  выстава – конкурс радаводаў “Я і мая сям’я”, гэтай тэме прысвячаліся класныя гадзіны, зроблены падбор вершаў беларускіх пісьменнікаў па гэтай тэматыцы.




-------------------------------------------------------------

Тэрэза Бабіч, настаўніца Альхоўскай СШ.