Как бы ни было больно, но об Афганской войне нужно говорить

про АфганУ гісторыі здараюцца падзеі, якія не маюць тэрміна даўніны. Афганская вайна назаўсёды раз’ела прамежак часу з 1979 па 1989 год: заўчасна пабяліла валасы мацярок, сыны якіх так і не вярнуліся дадому, забрала юнацтва ў васямнаццаці-дваццацігадовых юнакоў, якім бы не зброю ў руках трымаць, а вучыцца, марыць, кахаць…
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў мы сустрэліся са старшынёй раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Сцяпанам Сцяпанавічам Цітком, каб зноў узгадаць тыя падзеі.

про Афган Титок– З таго далёкага часу, калі скончылася вайна ў Афганістане, мінула больш за чвэрць стагоддзя… Сцяпан Сцяпанавіч, з якімі думкамі, пачуццямі і эмоцыямі вы сёлета прадчуваеце Дзень памяці воінаў- інтэрнацыяналіс- таў?
– З трывогай на сэрцы. Паглядзіце, што творыцца ў свеце. Колькі людскіх лёсаў апалена вайной! Людзі, нягледзячы на тэхнічны прагрэс і з’яўленне новых суперсучасных відаў зброі, нічаму не навучыліся. І, здаецца, забыліся, што няма ў свеце нічога больш каштоўнага, чым жыццё. Мы, воіны-інтэрнацыяналісты, выканалі свой абавязак перад Радзімай, а грамадзянскі – яшчэ не да канца. Мы павінны выхоўваць моладзь, прывіваць ёй патрыятызм. Многія юнакі рознымі спосабамі стараюцца, як цяпер гавораць, “адкасіць” ад арміі, а гэтага не павінна быць. Як кажа Прэзідэнт нашай краіны, нам трэба карміць сваю армію, каб не карміць чужую. Маладыя людзі павінны ўсведамляць, што ад іх залежыць будучыня нашай краіны. Людзі майго пакалення слова “Радзіма” ўспрымалі выключна як “Радзіма-Маці”. А які сын не слухаецца маці?
– Як чалавек, які прайшоў Афганскую вайну і мае вялікі жыццёвы досвед, скажыце, як, па вашым меркаванні, павінна адбывацца патрыятычнае выхаванне?
– Галоўнае, каб маладыя людзі памяталі гісторыю, не забывалі пра Вялікую Айчынную вайну, Афганскую…
Каб у школах дзецям расказвалі пра герояў. А бацькі ўласным жыццём павінны вучыць іх любові да Радзімы. Напрыклад, у нашай сям’і гадавалася васьмёра дзяцей. Тата Сцяпан Васільевіч прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. Ён заўсёды казаў: “Што б там ні казалі пра Сталіна, я абедзвюма рукамі за яго… Дзякуючы яму мы перамагалі”.
Пасляваеннае пакаленне, нягледзячы на тое што многага не бачыла, недаядала, не азлобілася на свет. Яго прадстаўнікі былі сумленнымі людзьмі: хоць самі многага не мелі, але суседа ці нават незнаёмага чалавека не пакідалі ў бядзе. Тата часта нам паўтараў: “Калі ў тваю хату зойдзе пагарэлец ці бяздомны адзінокі стары – накармі яго, дай з сабой сала ў дарогу і, калі маеш у кішэні 20 рублёў, аддай палову.”
Я на ўсё жыццё запомніў бацькавы словы… У 80-м там, на вайне, я даваў сябру клятву: “Твая маці – мая маці”. Ён загінуў, і ўсё, што я магу зрабіць дзеля яго памяці, – гэта дапамагаць яго маці. Я раблю гэта. Жонка, пакуль не звыклася, казала, што ў мяне “афганскі сіндром”: у справе дапамогі такім сем'ям я не лічу часу і грошай.
– А якія асноўныя праблемы вырашае раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, старшынёй якой вы з’яўляецеся?
– Па-ранейшаму адной з галоўных задач застаецца ўстаноўка помніка ў памяць воінаў-інтэрнацыялістаў. А таксама дапамога мацяркам, якія страцілі сваіх сыноў.
про Афган2– Сцяпан Сцяпанавіч, усё ж такі “афганская тэма” балючая, колкая, не зажываючая для тых людзей, якія прайшлі гэтую вайну, застанецца такой на ўсё жыццё. Як вы лічыце, ці трэба гэтую тэму падымаць, пісаць, рабіць тэлерэпартажы пра тыя падзеі – але тым самым вярэдзіць душы воінаў-інтэрнацыяналістаў?
– Канешне, трэба! Трэба, каб моладзь ведала пра хлопцаў, якія загінулі на чужыне. Хоць, вядома, гэтая тэма вельмі балючая.
– Што вы пажадаеце сваім братам, воінам-інтэрнацыяналістам?
– Здароўя ім і іх сем’ям, дзецям, унукам. І няхай над нашымі галовамі сотні стагоддзяў будзе мірнае і блакітнае неба!
– Дзякуй вам за шчырую размову!

-------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.
Фота з інтэрнэт-крыніц і Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.