Из рода Добжинских. Антон Добжинский
На старонках нашай газеты неаднойчы друкаваліся матэрыялы, якія былі прысвечаны жыццю і дзейнасці таленавітага мастака Льва Дабжынскага. Гэта імя сапраўды заслугоўвае нашай удзячнай памяці і адпаведнага шанавання.З успамінаў сястры мастака Надзеі Бітэль-Дабжынскай, якія друкаваліся ў “Астравецкай праўдзе” на працягу 2008-2011 г.г., можна даведацца пра іншых прадстаўнікоў гэтага старажытнага роду. Сярод іх вылучаецца постаць дзеда Льва Дабжынскага, аднаго з самых яркіх і вопытных следчых па палітычных справах апошняй чвэрці 19 стагоддзя, шостага дырэктара Дэпартамента паліцыі Расійскай імперыі, сенатара Антона Дабжынскага. Як адзначала ў сваіх успамінах Н. Бітэль-Дабжынская: “…род Дабжынскіх паходзіў з Валыні. Гэта была старая, радавітая, хоць не асабліва заможная шляхта. Шляхецтва іх продак атрымаў ад караля за гераізм, які ён праявіў падчас вайны з татарамі”. Карысталіся Дабжынскія гербам “Яліта”, на якім былі тры перакрыжаваныя стрэлы.
Нарадзіўся Антон Францавіч Дабжынскі 20 ліпеня 1844 года. Быў выключна здольным хлопцам, і нехта пан Замойскі даў яму грошы на атрыманне адукацыі. Пасля заканчэння ў 1859 годзе з залатым медалём Залатапольскай прагімназіі ў Кіеўскай губерні ён працягвае навучанне на юрыдычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Паступіўшы ў 1868 годзе на дзяржаўную службу, Антон Францавіч працуе следчым у судах розных інстанцый Адэскай акругі. У пачатку 80-х гадоў ён займае пасаду таварыша (гаворачы па-сучаснаму, намесніка) пракурора Адэскага акружнога суда.
Вопытны і здольны следчы, А. Дабжынскі, вёў некалькі гучных спраў супраць тэрарыстаў- народавольцаў. Быў вядомы тым, што схіліў да здрады Г. Гольдэнберга, які забіў харкаўскага губернатара князя Д. Крапоткіна. Дабжынскі пераканаў Гольдэнберга даць сведчанні, у якіх той апісаў біяграфіі, асабістыя якасці і прыкметы ўсіх вядомых яму 143 членаў “Народнай волі”.
У 1880 годзе Антон Дабжынкі прызначаецца таварышам пракурора Пецярбурскай судовай палаты, служыць загадчыкам часовай канцэлярыі пры Міністэрстве юстыцыі па выкананні асобых крымінальных спраў. У 1878-1889 гадах быў сябрам асобай нарады для разгляду прадстаўленняў аб адміністрацыйнай высылцы. Як адзначала ва ўспамінах яго дачка Вольга, “займаючы высокія пасады”, Антон Францавіч не забываў пра сваіх небагатых сваякоў і землякоў і многіх уратаваў ад высылкі ў Сібір. Урад па-ранейшаму даручаў яму найбольш адказныя справы, Антон Францавіч вёў допыты “народавольца” М. Рысакова і вядомай тэрарысткі Веры Фігнер.
У 1888 годзе А. Дабжынскі становіцца сапраўдным стацкім саветнікам, статут якога адпавядаў званню генерал-маёра ў войску. Асобы, якія мелі гэты чын, займалі вышэйшыя пасады і вызначалі курс дзяржаўнай палітыкі. За стараннасць і руплівасць Антон Дабжынскі быў узнагароджаны ордэнамі Св. Уладзіміра 4 і 3 ступені, Св. Станіслава 3 і 1 ступені. 23 мая 1896 года Антон Францавіч прызначаецца дырэктарам Дэпартамента паліцыі і кіруе гэтым ведамствам да самой смерці. Дэпартамент паліцыіі ўваходзіў у склад Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі, яму падпарадкоўваліся ахоўныя і сыскныя аддзяленні, паліцэйскія ўстановы, адрасныя сталы і пажарныя каманды.
Адзін з асаў вышуку ў гісторыі Расіі, галоўны герой разгрому тэрарыстаў “Народнай волі”, А.Ф. Дабжынскі памёр 8 жніўня 1897 года і быў пахаваны ў мураваным склепе пад Лашанскай капліцай. На жаль, у 70-я годы мінулага стагоддзя мясцовыя вандалы не толькі разрабавалі і знявечылі гэтую капліцу, але і знішчылі магілу сенатара, не пакінуўшы нават металічнай шыльды з труны. У гэтай сувязі хочацца прывесці гісторыю, якую змясціў у газеце “Слова” ў 1933 годзе гісторык і супрацоўнік археалагічнага музея пры Віленскім універсітэце Уладзімір Галубовіч.Напрыканцы 19 стагоддзя ў тутэйшай старонцы мясцовы люд ахапіла ліхаманка скарбашукальніцтва. Прыняў удзел у ёй і лашанскі гаспадар Антон Дабжынскі. Аўтар артыкула адзначыў: “На працягу шасці квадратных кіламетраў ля вёскі Лоша скарбаманія мае багатыя традыцыі. Распачалося гэта каля 30 год таму. Пагалоску пусціў нейкі прайдзісвет, і яна загуляла па наваколлю. Абмяркоўвалі ў вёсцы, абмяркоўвалі ў двары, дайшло да аддаленых вёсак. Прайдзісвет так доўга і старанна ўгаворваў пана генерала, уладальніка бліжэйшага маёнтка, што той урэшце на свой страх і рызыку дазволіў узарваць падлогу ў драўлянай царкве (цяпер – касцёл) і з дапамогай некалькіх дваровых людзей перакапаць увесь пясок. Капалі доўга – не знайшлі нічога”.
Праўдападобна, што ў аповядзе ішла размова пра пабудову пад лашанскай капліцай мураванага склепа. Аднак з цягам часу паданне набыло зусім іншы змест і перасло ў пошук скарбу. Легенда пра золата перажыла войны, не страціла прывабнасці і знайшла сваіх злодзеяў-выканаўцаў у савецкі час.
Каб зразумець, што прадстаўляла Лоша ў той час, калі там жыў Антон Дабжынскі, варта нагадаць нешматлікія звесткі яе папярэдняй гісторыі.
Адным з першых вядомых спадчыннікаў тутэйшага маёнтка ў 1743 годзе ўзгадваецца Ёзаф Нарамоўскі. З вопісу касцёлаў Віленскага дэканата Віленскай дэацэзіі з 1784 года да Цудзенішскага касцёла адносіцца двор і вёска Лоша, што знаходзілася каля аднайменнай ракі, якія ў гэтым годзе ўжо належаць ясна- вельможнаму пану Ходзьку. Побач, на Чорным гасцінцы, знаходзілася “карчма, пры ёй некалькі дамоў і новазбудаваная капліца”. Дом, пазначаны таксама ў вопісе каля маёнтка, стаў з млыном.Новы ўладальнік Лошы з фальваркам Мазурышкі Казімір Барэйка-Ходзька быў вядомай на той час асобай. Абозны Ашмянскага павету, лоўчы таго ж павету з 1783 па 1796 год, камісар грамадзянска-вайсковай камісіі, люстратар староства і суддзя земскі Ашмянскага павету, К. Барэйка-Ходзька карыстаўся гербам “Касцеша”. У далейшым найбольш праславіўся з яго нашчадкаў унук Леанард Ходзька (1800-1871), які стаў знаным гісторыкам, выдаўцом і вядомым эмігранцкім дзеячам. Пакуль дакладна невядома,калі і на які час ад Ходзькаў маёнтак Лоша пераходзіць новым яго ўладальнікам – Лакуціеўскім. Падзеі вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў прыводзяць да закрыцця лашанскай капліцы, а з 1865 года мясцовым маёнткам валодае пані В.І. Антоневічава. Як вынікае з інфармацыі, якая была надрукавана ў 1884 годзе ў 5-ым томе “Слоўніка геаграфічнага Караўлеўства Польскага і іншых славянскіх краін”, гэтая пані на год выхаду даведніка яшчэ была ўладальніцай Лошы.
Нарэшце, у 90-я годы 19 стагоддзя тут пачынаюць гаспадарыць Дабжынскія. Паводле сямейнага падання, маёнтак Лоша, як і фальваркі Пярловая Гара і Багданоўка каля Крэва, былі набыты жонкай Дабжынскага – Марыяй. Пасля смерці Марыі Дабжынскай 502 гектаровы лашанскі маёнтак пераходзіць па спадчыне дачцэ Вользе. Да 1939 года яна юрыдычна лічылася апошняй яго ўладальніцай.
На жаль, не захаваліся пабудовы з той пары, калі тут жыў Антон Дабжынскі. Аднак некаторыя з іх можна пабачыць на старых архіўных фотаздымках ці малюнках Льва Дабжынскага. Старадаўняя сядзіба Ходзькаў і пазнейшых уладальнікаў Лошы была пабудавана з дрэва лістоўніцы, а для лепшага ацяплення ашалявана вертыкальнымі дошкамі. Сярэднюю частку будынка, з боку пад’езда, аздабляў порцік з чатырох шырокарастаўленых драўляных калон, завершаных трохвугольным шчытом. З той самай эпохі, што і сядзібная пабудова, паходзіў свіран на падворку. Што цікава: на адным з уваходаў у яго быў бачны надпіс “Збудаваны 1780 гаду 8 бра 5 дня”. Над другім уваходам быў выразаны герб “Касцеша” роду Ходзькаў.
Такім чынам да сучаснікаў вяртаецца яшчэ адна постаць, якая была звязана з Астравецкім краем. А мы, звяртаючыся да мінулага, раскрываем для сябе цяперашні час.
Уладзімір ПРЫХАЧ.
