Гудогайскую школу посетил её бывший ученик Эдуард Станиславович Гриво
Эдуард Станіслававіч Грыва нарадзіўся ў вёсцы Палушы. Закончыў Мінскі інстытут замежных моў у 1973 годзе. З 1994 па 2008 год працаваў у Камітэце дзяржкантролю пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Прайшоў шлях ад галоўнага спецыяліста да начальніка Упраўлення.Годна нясе па жыцці, як і некалі ў піянерскім дзяцінстве, сцяг сваёй школы, сваёй радзімы былы вучань Гудагайскай школы Эдуард Станіслававіч Грыва.
Сярод наведвальнікаў школьнага музея “Зямля гудагайская: матэрыяльнае і духоўнае” часам сустракаюцца выпадкі, калі наведвальнік стаіць у зале – і адначасова глядзіць на нас са стэнда. Такіх людзей узгадваеш, калі хочацца параіць прыклад для пераймання “юнаку, што вырашае, рабіць жыццё з каго”.
Нядаўна госцем школы стаў яе колішні вучань, сцяганосец піянерскай дружыны імя Алега Кашавога ў сярэдзіне 50-ых гадоў мінулага стагоддзя Эдуард Станіслававіч Грыва.
Памяць мае ўласцівасць адкрываць даўно перажытае. Як толькі Эдуард Станіслававіч пачаў перагортваць старонкі сваёй “школьнай” памяці, перад слухачамі паўсталі вобразы яго першай настаўніцы – Лідзіі Васільеўны Купрэвіч, лагоднай, мяккай і патрабавальнай адначасова; сяброў Янкі Махневіча, Віктара Купрэвіча, Рычарда Шлыковіча, з якімі яны не раз перамагалі астравецкіх хлопцаў не толькі ў футбольных гульнях, але і нефармальных веласіпедных гонках на толькі што купленых бацькамі “Арлёнках”; інтэлігентных, прыгожых дырэктараў школы У.І. Нічыпаровіча і Р.А. Герта, а таксама дырэктара астравецкай дзесяцігодкі Браніслава Адамавіча Наркевіча, які адыграў бадай што галоўную ролю ў лёсе Эдуарда Грывы. Калі пасля заканчэння 9-га класа Эдуард прыйшоў да яго ў кабінет з просьбай аддаць дакументы, бо намерыўся хлопец па прыкладу аднавяскоўцаў ехаць у Вільнюс і атрымліваць рабочую прафесію, дырэктар ледзь не гадзіну пераконваў юнака, што яго чакае іншае жыццё, што ён здольны на большае…
Аднак першая спроба стаць студэнтам інстытута замежных моў была няўдалай. І на працягу года нядаўні вучань сам вучыў дзяцей у Крыванцаўскай школе, што на Ашмяншчыне, не толькі нямецкай мове, якую сам ведаў вельмі добра, але і хіміі, фізіцы, батаніцы, не кажучы ўжо пра фізкультуру ды працу. І які гонар адчуў ён, калі, ужо студэнт перакладчыцкага факультэта Мінскага інстытута замежных моў, сустрэў тут сваю былую вучаніцу.
Студэнцкія гады – гэта не толькі авалоданне мовай і спецыяльнасцю, але і рамантыка будатрадаў, што выязджалі на цаліну, загартоўка – аб гэтым сведчаць спартыўныя разрады па лёгкай атлетыцы і стральбе. А яшчэ – кнігі. У дзяцінстве і ружовым юнацтве незабыўнае ўражанне пакінулі ў душы хлопца Жуль Верн, Эміль Заля, Гі дэ Мапасан, Леў Талстой… А ў інстытуце ўжо на мове арыгінала – нямецкія філосафы, англійскія паэты і пісьменнікі. І ўжо з 3-га курса пачалася работа перакладчыка з грамадзянамі замежных краін, што наведвалі СССР. Наогул, веданне моў – адзін з рычагоў, што памагаюць чалавеку дасягнуць пэўных вышынь у жыцці, лічыць Эдуард Станіслававіч. Сам ён можа працаваць (пісаць, чытаць, гаварыць, думаць) на трох замежных еўрапейскіх мовах.
За час свайго напружанага працоўнага жыцця займаў ён адказныя пасады ў Маскве, Мінску, іншых еўрапейскіх сталіцах. Але не гэта галоўнае. Падчас сустрэчы склалася ўражанне, што нас наведаў былы вучань, які добра памятае сваю Гудагайскую школу і якому радасна бачыць яе абноўленай, у няспынным мэтанакіраваным руху наперад; чалавек, які тонка адчувае ўсё прыгожае, сапраўднае і які ўвабраў у сябе ўсё лепшае, што дае сёння чалавеку цывілізацыя; грамадзянін, які ганарыцца сваёй Бацькаўшчынай і балюча перажывае за ўсё, што тармозіць яе рух наперад.
-----------------------------------------------------
Марыя ВАСІЛЁНАК, кіраўнік музея.
