Гудогайская школа отметила 90-летний юбилей
Днямі ў Гудагаі адсвяткавалі два юбілеі: 90 гадоў споўнілася з таго часу, як у пасёлку была адчынена школа, і 25 гадоў – як адукацыя пасёлка асялілася ў сённяшнім школьным будынку.Не дзіва, што ў актавай зале Гудагайскай сярэдняй школы сабралася шмат ганаровых гасцей.
У 1925 годзе ў Гудагаі ў доме пана Свяцінскага была адкрыта сямігадовая школа. Восем гадоў кожны дзень сюды хадзілі дзеці, пакуль у 1933 годзе настаўнік Лявон Кавалеўскі не пабудаваў новую школу.
З таго часу будынак школы зведаў многае – у вайну ў ім размяшчаўся лагер ваеннапалонных, і потым доўга яшчэ вучні на школьнай тэрыторыі знаходзілі кавалкі калючага дроту. У мірны час школьнае жыццё з яго радасцямі і засмучэннямі, з буднямі і святамі прадоўжылася. На працягу года тут праходзілі ўрокі, а летам школа ператваралася ў летнік, у якім адпачывалі не толькі мясцовыя школьнікі, але і дзеці з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Пра тое, як адпачывалі дзеці ў летніку, сведчаць цікавыя фотаздымкі, якія ў дзень юбілею падарыў школьнаму музею былы вучань, вядомы беларускі мастак Алег Драбышэўскі. Алег Аляксандравіч узгадаў пра тое, што раней месца, дзе размяшчалася Гудагайская васьмігодка, называлі не інакш, як Чубэйка. Аднак на вокладцы сшыткаў пісалі Станцыённа-Гудагайская васьмігадовая школа. Чаму? На гэтае пытанне ў школьныя гады Алег Драбышэўскі адказу так і не знайшоў.
А вось 1990 год помняць многія жыхары пасёлка. Тады школьнікі пераехалі, а калі быць больш дакладнай – перайшлі ў новы двухпавярховы будынак. Як успамінаў на школьным юбілеі тагачасны дырэктар Віталь Іванавіч Лянкевіч, калона школьнікаў тады расцягнулася на некалькі соцень метраў. І пачалося новае жыццё.
Вучыцца ў новай школе было значна лепш, чым у старой. А вось добраўпарадкаваннем яе тэрыторыі займаліся самі школьнікі і педагогі. На вечарыне было што ўспомніць даўняму сябру школы – фермеру Чаславу Станіслававічу Лабачэўскаму: менавіта пры яго падтрымцы на школьнай тэрыторыі быў закладзены яблыневы сад – сёння ён ужо радуе школьнікаў і педагогаў шчодрымі ўраджаямі. Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі прыехаў на юбілей школы з грашовым падарункам, а таксама – кнігамі сучаснага садавода, прысвечанымі догляду за садам.
Ганаровым госцем юбілейнай вечарыны стала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, якая перадала педагогам і школьнікам віншаванні і падарунак ад Астравецкага райвыканкама і Савета дэпутатаў.
– 25 гадоў назад я пераехала ў Астравецкі раён. І першае, што па дарозе сюды кінулася мне ў вочы, – ваша школа. Пазней даведалася, што яна выхавала шмат годных людзей, якія праслаўляюць нашу радзіму ў Беларусі і за межамі нашай краіны, – сказала ў прывітальным слове Ірына Эдуардаўна.
Гудагайская школа сапраўды вядома многімі добрымі справамі. Напрыклад, кадэцкімі класамі – менавіта тут былі створаны першыя ў раёне ваенна-патрыятычны і прававы класы. І таму не маглі не прыехаць на школьнае свята супрацоўнікі органаў пагранічнай службы і раённага аддзела ўнутраных спраў. На працягу вечарыны дарылі песні ўсім, хто сабраўся ва ўтульнай зале школы, удзельнікі ваеннага аркестра Смаргонскай пагранічнай групы. А начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Іванавіч Квач прывёз узнагароды школе і вучням 9 прававога класа Мікіту Вішнеўскаму і Ілоне Масейка, якія сталі пераможцамі штогадовага конкурсу сярод супрацоўнікаў МУС і вучняў прававых класаў.
Да юбілею школа падышла сур’ёзна – 734 мільёны рублёў было затрачана ў мінулым годзе на яе абнаўленне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. І што ўзрадавала больш за ўсё: школьны музей пераехаў у новае памяшканне, прыгожае і больш прасторнае. І трэба было бачыць, якой радасцю і надзеяй свяціліся вочы кіраўніка школьнага музея Марыі Карлаўны Васілёнак падчас экскурсіі, якую школьнікі правялі для гасцей. Сярод іх была і старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч: дзякуючы падтрымцы гэтай грамадскай арганізацыі, вядомай добрымі справамі, у музеі з’явіліся новыя стэнды “З гісторыі зямлі гудагайскай”.
Многія выпускнікі не змаглі прыехаць на школьны юбілей – яны перадалі пісьмовыя прывітанні і віншаванні. Тыя ж, хто прыйшоў, выказалі ў адрас педагогаў і школьнікаў шмат цёплых слоў.
Віншаванні ў той вечар гучалі ад старшыні Гудагайскага сельскага Савета дэпутатаў Марыі Іванаўны Безляповіч, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Іосіфаўны Станкевіч, старшыні прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Ларысы Васільеўны Ярмоліч, першага сакратара райкама БРСМ Аксаны Паўлаўны Лазаравай, старшыні прафкама СВК “Гудагай” Ганны Іосіфаўны Налівайка, ветэранаў педагагічнай працы, педагогаў і бацькоў сённяшніх вучняў.
Сімвалічным і кранальным момантам свята стала запальванне свечкі любові да дзяцей, школы і адзін да аднаго – гэтую місію выканалі былы дырэктар школы Віталь Іванавіч Лянкевіч і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Іосіфаўна Лянкевіч, якія ўсё сваё жыццё прысвяцілі Гудагайскай школе і яе вучням. На працягу вечарыны запальваліся свечкі дзяцінства, мудрасці, памяці, сяброўства, надзеі і веры, гучалі песні і віншаванні, уручаліся падарункі, узгадвалася гісторыя школы, і тых людзей, хто яе пісаў.
І падумалася: як цудоўна, што школа жыве і на працягу многіх гадоў дорыць веды і запальвае новыя імёны. А такія юбілеі – гэта яшчэ адзін шанс падзякаваць любімай школе і дарагім настаўнікам.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.
