Фестиваль средневековой культуры прошёл в Гольшанах
24 мая Гальшанскі фэст адзначыў, так бы мовіць, прамежкавы юбілей – сваё пяцігоддзе. І мы та м былі, мёд-піва пілі… Пра піва, канешне, хлушу – свята традыцыйна безалкагольнае, але гэты факт ні на ёту не робіць яго менш захапляльным, цікавым і забаўляльным.За пяць гадоў у фестывалю, арганізатарам якога з’яўляецца Ашмянскі райвыканкам, ужо паспелі з’явіцца свае традыцыі і пастаянныя ўдзельнікі. Да прыкладу, конна-гістарычны клуб «Залатая шпора» з Мінскага раёна, які на гэты раз паказаў гледачам фэсту тэатралізаванае прадстаўленне «Чатыры эпохі беларускай кавалерыі»: скакаў на кані ў яблыкі Усяслаў-Чарадзей, ваўкалакам вынюхваючы сляды ворагаў; Вітаўт разам з паплечнікамі праехаў побач у накірунку на Грунвальд; былі і татары, і крыжаносцы, і прадстаўнікі 25-тысячнага ваярства ВКЛ, якія ў свой час у жаданні аднавіць краіну сталі пад сцягі Напалеона.
Сярэднявечная музыка, бліскучыя даспехі рыцараў, вецер у грывах пародзістых танканогіх коней… На нейкім этапе пачуццё часу згубілася – ХХІ стагоддзе збянтэжана адступіла і зноў загучала спрадвечнае: “Гонар і Айчына!”…
Потым прыйшла чарга памерацца сіламі латнікам, і ход паядынкаў нярэдка вызначаўся рэакцыяй гледачоў. Прычым публіка была прыкметна “ангажыравана”: у паядынку паміж крыжаком і ліцвінам перамогу аддавала яўна слабейшаму ліцвіну, паміж маскалём і ліцвінам, паміж ляхам і ліцвінам – усё роўна ліцвіну…
А жыццё, між тым, віравала паўсюдна: спакушалі прысмакамі міні-кавярні, ад багацця тавараў ламіліся гандлёвыя сталы майстроў народных промыслаў. Адносіны паміж сабой высвятлялі лучнікі. За невялікую плату можна было нават паганяць па шкляному лабірынту заморскіх прусакоў на шоу “Прусачыныя гонкі”…
Дождж з грымотамі і нават з градам наляцеў раптоўна – бы войска Вітаўта на крыжакоў, і народ дружна палез пад тэнты палявых кавярняў, пад дрэвы, у аўтамабілі, на крытую сцэну... Слабакі, спалохаўшыся, з’ехалі. І дарэмна – аказалася, што стаяць, лічы, на адной назе ў шчыльным вісклівым натоўпе весела! І потым: быць у Рыме і не ўбачыць Святога Айца?!..
Напэўна, нават калі б выпаў снег, большасць гледачоў засталася б на месцы дзеля таго, каб стаць саўдзельнікам незвычайнага дзейства: тут, ля былой раскошы старадаўняга замка, мелася адбыцца ўнікальная пастаноўка мюзікла “Соф’я Гальшанская” ў выкананні артыстаў Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра.
З-за наступстваў дажджу яе пачатак крыху зацягнуўся – артысты балету не маглі танцаваць на мокрых дошках сцэны. А вось для гледачоў празмерная вільгаць асаблівага значэння не мела – іх сагравалі промні свежапамытага сонца і ўласнае нецярпенне…
Як і большасць прысутных, я прыгатавала фотаапарат, каб нарабіць здымкаў “на памяць”. Як і ў большасці прысутных, ён так і застаўся незапатрабаваным – пра яго існаванне і не ўспомнілася…
Дзейства захапіла з першага музычнага акорду, каб не адпусціць да апошняга. І нават пазней.
…У Гальшанскім замку чакаюць прыбыцця караля Ягайлы, які мае намер ажаніцца са старэйшай сястрой Соф’і Васілісай. Ягайлу ўжо за семдзесят, і ён паспеў пахаваць тры жонкі. Васіліса, закаханая ў прыгожага рыцара Ганчу, не марыць пра каханне з Ягайлам – ёй дастаткова трона каралевы Польшчы…
Манарх прыбывае. Спачатку з’яўляецца світа, потым уносяць трон і…
Не, ну так нельга! Ягайла, канешне, спрэчная гістарычная асоба, але рабіць з яго прыдурка неэтычна – страшны, як смяротны грэх, скача малпай…
Чэлядзь Гальшанскіх у роспачы! Іх шэпты спыняе Васіліса: жаніх! І знешнасць яго значэння не мае, калі яна дае доступ да трона…
У гэты момант канцлер Уга (яшчэ адзін незабыўны вобраз) абвяшчае: кароль Польшчы Ягайла! І ўваходзіць… прыгажун. Ён у курсе падзей. “Выходзь за майго блазна, раз ты ў яго закахалася, – гаворыць ён Васілісе. – А я ажанюся з Соф’яй”.
Нянавісць да больш удачлівай сястры не перамагчы. І калі Соф’я нараджае сына, а каралеўскі двор, які жыў спадзяваннямі, што ліцвін Ягайла памрэ, не пакінуўшы наследніка, Польшчай зноў будзе “жондзіць поляк”, пачынае бурліць, як кацялок з кіпенем, Васіліса вырашае адпомсціць і абвінавачвае сястру ў здрадзе. Дзіця, маўляў, не каралеўскае – ад Ганчы…
Турма. Ноч перад смерцю. Суд. Прабачэнне. Пакаянне Васілісы. Усё заканчваецца па законах меладрамы. Гэта – мастацкае прачытанне гісторыі.
Насамрэч за ўсімі гэтымі падзеямі стаяў Вялікі князь літоўскі Вітаўт, стрыечны брат Ягайлы. Яны раслі разам і былі як родныя. А потым у пагоні за ўладай Ягайла забіў Кейстута, бацьку Вітаўта, і яго жонку. Падманам паланіў Вітаўта і кінуў яго ў муры Крэўскага замка, маючы намер забіць і яго. Таму амаль цудам удаецца ўцячы…
Прайшлі гады, перш чым яны прымірыліся. Хоць блізкімі не сталі ніколі.
…Так склалася, што ні ў Вітаўта, ні ў Ягайлы не нарадзілася наследнікаў – ні адзін, ні другі не мелі каму перадаць карону. І Вітаўт, ведаючы слабыя месцы стрыечнага брата, вырашае сыграць на іх “ліцвінскую” партыю: падсунуць у жонкі старому каралю юную ліцвінку, якая пасля смерці Ягайлы стане адзінаўладнай каралевай Польшчы…
І тут здараецца тое, на што не спадзяваўся ніхто: Соф’я нараджае сына. Другога. Трэцяга…
Для Вітаўта гэта быў удар, ад якога ён так ніколі і не аправіўся. І гэта менавіта ён, Вітаўт, з’явіўшыся ў Варшаву на сойм, абвінаваціў Соф’ю ў здрадзе, абазваўшы сыноў Ягайлы бастардамі. Гэта ён запатрабаваў правядзення следства. Гэта па яго патрабаванні кароль Польшчы адправіў на дыбу Ганчу. І перадаў у рукі ката фрэйлінаў каралевы…
І Ягайла да канца жыцця так і не змог пазбавіцца ад падазрэнняў. Хацеў – і не мог. Хоць гісторыкі сцвярджаюць, што, калі сыны Ягайлы падраслі, іх падабенства з каралём-бацькам стала неаспрэчным. Толькі таго ўжо не было ў жывых…
Галасы… Сапраўдныя, магутныя, без ніякай “фанеры”. Драматычны талент артыстаў. І балет! Ён не проста дапаўняў дзейства – апранаў яго ў эмоцыі, паглыбляў трактоўку, рабіў празрыстымі думкі герояў. Вось арыя Васілісы, якая чакае прыезду Ягайлы і марыць аб будучым каралеўстве. Здавалася б, цалкам нейтральна. Але навокал, як згусткі цёмнай энергіі, што ўсё мацней завалодвае думкамі дзяўчыны, скачуць у вар’яцкім тэмпе чорныя постаці…
А вайна… Рухамі, ламанасцю харэаграфічных ліній перадаць трагізм эпохі, ды так, што салёны камяк у горле…
Артыстам апладзіравалі стоячы. Не адпускалі са сцэны доўга. Пра ўбачанае думалася нават назаўтра…
Але надышоў час канцэртаў, і першымі на сцэну Гальшанскага амфітэатра вышлі ўдзельнікі капэлы “Гуды”, выступленне якіх супадала з заяўленай тэмай – галоўным чынам яны выконвалі сярэднявечную музыку. І рабілі гэта цудоўна. Потым былі агністыя “Баламуты” (абодва калектывы – з універсітэта культуры).
І нарэшце – “Стары Ольса”. Вось жа магнетызм у “ольсаўцаў”! Асабліва ў іх лідара Дзмітрыя Сасноўскага: слова скажа – усе рагочуць. Пад іх мелодыі падняліся на ногі і самыя стомленыя: затупалі, запляскалі. А маладыя сталі ў некалькі ланцужкоў ля сцэны і затанцавалі старажытныя танцы – як некалі іх пра-пра-
пра-пра…
І яшчэ. Гальшанскі фэст – беларускае свята: турніры і конкурсы праводзяцца па-беларуску, аб’явы і ўзнагароджанне – таксама. (Дарэчы, адзінае, што не спадабалася ў мюзікле – яго незразумелае двухмоўе).
Калі “Стары Ольса” даспяваў апошнюю песню свайго канцэрта, гледачы дружна заскандыравалі: ”Яшчэ. Яшчэ!”. А ў самы канцы: “Дзякуй!”. Ніхто і не думаў, на якой мове трэба крычаць, – само палезла аднекуль, з нутра.
Так вось, напэўна, і трэба вяртаць да жыцця родную мову – ненавязліва, праз зацікаўленасць і эмоцыі.
А ў самым канцы, ужо ў поўнай цемры, распачалося фаер-шоу. І было яно дымным і казачным…
--------------------
Ганна ЧАКУР.
Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА і Ю. ГОРЫДА.
