День Победы праздновали и деревни

Святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўпэўненымі крокамі прайшло па краіне. Да Мінска, абласных гарадоў і райцэнтраў далучыліся і вёскі. Святочная праграма сабрала жыхароў і гасцей Варнян у гістарычным цэнтры мястэчка.


З прывітальным словам перад прысутнымі выступіў старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Часлававіч Вярбовіч:

– Ветэранаў, удзельнікаў вайны і тых, хто памятае яе не па расповедах, застаецца з кожным годам усё менш. Зараз на тэрыторыі нашага сельскага Савета пражывае адзін ветэран Вялікай Айчыннай вайны Юрый Міхайлавіч Александровіч і тры вязні канцлагераў – Таццяна Нікіфараўна Волкава, Галіна Мікітаўна Петрык, Ніна Іванаўна Шчасная. Нізкі паклон ад нашчадкаў усім, хто набліжаў дзень Перамогі.

Ксёндз-дэкан Павел Звяжынскі зазначыў, што самы бясцэнны і святы дар – гэта жыццё, таму што Бог стварыў чалавека па сваім вобразе і падабенству. Калі ў сэрцы будзе радасць, калі мы будзем памятаць аб ветэранах і іх подзвігу і мець пашану да старэйшага пакалення – тады будзе мір.

Хвілінай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. А затым пачалася святочная канцэртная праграма.

Цёплыя словы, шчырыя песні, стройныя мелодыі гучалі ад вучняў і настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў, работнікаў Дома культуры і астравецкіх артыстаў. Змянілі іх жвавыя галасы ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні “Світанак”. А выступленне духавога аркестра Смаргонскай пагранічнай групы стала цудоўным завяршэннем канцэртнай праграмы.


---------------------------

Алена ЮРКОЙЦЬ.

Фота Івана ПЕТРЫКА.