День памяти воинов-интернационалистов. Спасибо живым и низкий поклон погибшим в Афганистане!
У паветры лунае водар выхаднога дня. Людзі спяшаюцца па сваіх справах ці, наадварот, няспешна шпацыруюць па вуліцах Астраўца. Маці з дзецьмі гуляюць у гарадскім парку. Магазіны напоўнены пакупнікамі – там пануе вясёлы гоман. Звычайная нядзельная раніца...Невялікая чародка мужчын збіраецца каля кінаканцэртнай залы “Астравец”. Сустракаюцца, вітаюцца, усміхаюцца, размаўляюць. Ніхто з прахожых не здагадваецца, што большасць з іх гэтай ноччу дрэнна спала… А некаторыя – не спалі наогул. Яны жылі прадчуваннем гэтай сустрэчы.
Сёлета, як і штогод, яны прыйшлі, каб сабрацца разам і аддаць доўг памяці. Астраўчане, салдаты, браты-афганцы…
15 лютага адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Сёлета ўрачысты мітынг, прысвечаны гэтай даце, праходзіў ля памятнага каменя-знака, дзе будзе ўстаноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Шчырыя словы выступаючых, пранікнёныя словы вядучых... Жывыя кветкі на халодным камені, агеньчыкі памінальных свечак. І хвіліна маўчання, бы пульс, кожнай секундай адлічвае моманты жыцця.
– У гэты дзень у першую чаргу хочацца сказаць дзякуй, – гаворыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Дзякуй вам, жывым, і нізкі паклон салдатам, чыё жыццё абарвала вайна ў Афганістане. Гонар і пашана бацькам загінуўшых хлопцаў. Мы помнім… І будзем помніць заўсёды.
Цёплыя, шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас войнаў-інтэрнацыяналістаў прагучалі таксама ад намесніка ваеннага камісара Астравецкага ваенкамата Дзмітрыя Аляксандравіча Клімчэні і старшыні раённага Савета ветэранаў Расціслава Арсенцьевіча Герта.
– Ну што ж, браты… Я вельмі рады вас бачыць, – прывітаў таварышаў старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сцяпан Сцяпанавіч Ціток. – Нас не злавіла куля на вайне – мы выжылі… На жаль, з кожным годам нас становіцца менш – у рэспубліцы, вобласці, раёне. Таму сёння хочацца звярнуцца да вас зараз з просьбай – беражыце сябе. І вечная памяць загінуўшым.
Затым воіны-інтэрнацыяналісты наведалі могілкі ў Гудагаі. Прыцярушаныя снегам, маўклівыя, бязлюдныя. Тут няма “ўчора” і “заўтра” – час спыніўся ў вечным быцці. А з помніка на гасцей, што прыходзяць сюды штогод у гэты дзень, глядзіць Іосіф Канстовіч: “Дзень добры, хлопцы! Прыйшлі зноў адведаць. Не забыліся… Гляджу, пастарэлі на год. А я ўсё такі ж малады…”
– Мы раслі ў Гудагаі, – узгадвае Уладзімір Мар’янавіч Алізар. – Часта гулялі разам у дзяцінстве. Праўда, ён значна старэйшы за мяне. Якім ён быў? Таварыскім. А ўвогуле – звычайным хлопцам. Памятаю, як яго забіралі ў армію. Памятаю, як ён вярнуўся адтуль… У цынкавай труне… Я малы быў, у школу хадзіў. Ды тады ніхто і не ведаў, што там за вайна. Даведаўся я пазней, праз некалькі гадоў – калі сам апынуўся ў Афганістане.
Пасля мы адпраўляемся ўшанаваць памяць Станіслава Бялячыца на могілкі ў Завідзіненты. Частка воінаў-інтэрнацыяналістаў разам з прадстаўнікамі мясцовай улады, райкама БРСМ едзе да маці загінуўшага хлопца – праведаць, падзякаваць, пакланіцца. А затым усе збіраюцца ля магілы Станіслава. Як і ў Гудагаі, ускладваем вянок, запальваем свечку. Гучаць скупыя, але такія шчырыя, сапраўдныя словы… Мы помнім! Хвіліна маўчання…
І толькі лёгкі шолах верхавінак дрэў парушае цішыню. А можа, гэта вольныя душы загінуўшых воінаў?..
----------------------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ, фота аўтара.

