День белорусской письменности отметили в Заславле
Адспяваў, адтанцаваў, адзвінеў XXI Дзень беларускага пісьменства, які праходзіў 6 – 7 верасня ў старажытным Заслаўі Мінскай вобласці.Дзень пісьменства штогод святкуецца ў розных гісторыка-культурных цэнтрах Беларусі: Полацк, Тураў, Нясвіж, Орша… А ў Заслаўі яго сустракалі ўжо ў другі раз.
Сёлета святкаванне было асабліва грандыёзным. Распачалося яно 3 верасня ў Мінску традыцыйнай навукова-асветніцкай экспедыцыяй “Дарога да Святыняў”, удзельнікі якой рушылі да Заслаўя з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга.
На прэс-канферэнцыі, якая прайшла напярэдадні свята, старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова адзначыла, што на падрыхтоўку горада было зрасходавана каля 150 мільярдаў беларускіх рублёў.
Маленькім заслаўчанам і іх бацькам спадабаўся адчынены пасля рэканструкцыі Дзіцячы парк культуры і адпачынку, прыйшоўся даспадобы і штучны вадаём з фантанам.
– Глядзіце, глядзіце! А з іншага боку фантана бачна вясёлка! – даляталі здалёк радасныя словы дзятвы.
У суботу вечарам жыхары і госці горада нарэшце даведаліся, што хавалася пад ружовай заслонай: бронзавы помнік заснавальніку горада – Ізяславу. З гісторыі вядома, што амаль 1030 гадоў таму маленькага хлопчыка разам з маці Рагнедай князь Уладзімір Святаслававіч выслаў у Ізяслаўль. І сёння, дзякуючы скульптару Аляксандру Прохараву, сёння з кніжкай у адной руцэ і з мячом у другой з п'едэстала аглядае князь Ізяслаў свае мясціны.
Думаю, на выставе-кірмашы «Рамесніцкі гасцінец» многія прыкупілі для сябе штосьці цікавае. У кожнага горада і раёна Міншчыны быў свой так званы панадворак. Неардынарна, патворчаму падышлі да такой справы каледжы і цэнтры дзіцячай творчасці. Да прыкладу, каля двара Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа гасцей сустракалі рыцары ў даспехах і кавалі. А каля «Хаты паляўнічага», якую зладзіў Барысаўскі лесаагратэхнічны каледж, стаяла пудзіла дзіка, у самой жа хаце на шкуры адпачывала дзяўчына, побач з ёй ляжалі рогі, кветкі і зёлкі.
У горадзе майстроў кавалі, ткачы, ганчары і іншыя рамеснікі, апранутыя ў народныя касцюмы, дэманстравалі сваю прадукцыю і праводзілі майстар-класы. Так, жанчына ў прыгожым строі з саламяным какошнікам на галаве пераплятала на палачцы чырвоныя і зялёныя ніткі – гэта была майстрыха з Барысаўшчыны Ала Машкетава.
– Раблю ляльку «Лавец сну»! Звычайна яе кладуць пад падушку. Бачыце, тут толькі каляровыя ніткі: праз іх не пройдуць дрэнныя сны, – расказвае жанчына. Каля яе двара шмат кашоў, кошыкаў, кашолак, ваз…
– Усё гэта з лазы. Цікава, што сёння запатрабаваны кашы як сярод беларусаў, так і сярод замежных гасцей, – працягвае гутарку Ала Аляксандраўна. – Паверце, з лазы плесці, калі яна правільна нарыхтавана, лёгка нават жанчыне. Такі кош раблю дзесьці дзве гадзіны.
Іду па вуліцы далей. Экспазіцыі перыядычных выданняў, Белкнігі, пошты… Шмат людзей рознага ўзросту разглядаюць фотавыставу «Пераможцы», фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчынай вайны, зробленыя карэспандэнтамі «БелТА» ў розныя гады: ад грымучых саракавых да пачатку XXI стагоддзя. На іх няма тэхнікі, зброі, акопаў – ёсць толькі людзі. Іх стомленыя, узбуджаныя, трывожныя, вясёлыя… твары. Тут жыхарка Магілёва поіць салдата з чайніка, там – вайскойцы адпачываюць, смяюцца, гуляюць...
Яшчэ падчас прэс-канферэнцыі гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прэзентаваў адноўленую па стражытных тэхналогіях Біблію Францыска Скарыны. У Заслаўе прыехала і кніга, і сам унікальны станок, зроблены па гравюрах XVI стагоддзя з дуба. Такіх станкоў у свеце толькі некалькі. А цэлая кніга была надрукавана на падобным упершыню.
– Ідэя аднавіць кнігу Скарыны з’явілася гадоў пяць таму, – расказаў калекцыянер. – Я аб’ездзіў амаль усю Еўропу, каб даведацца, як рабілася папера раней. Была ідэя пераплесці кніжку ў скураны пераплёт. Паспрабавалі, але яна не адпавядала старажытнай Бібліі, таму выбралі мяккі пераплёт. Кніг пакуль аддрукавана толькі 7, але калі цікаўнасць будзе, то надрукуем больш экзэмпляраў.
На свяце кожны мог адчуць сябе першадрукаром: паспрабаваць зрабіць ліст са старажытнага выдання. Цікава было паглядзець на драўляны чан, дзе робяць паперу для старажытнай кнігі метадам “чарпання”.
Мерапрыемства закружыла, зацягнула. Праграма была настолькі насычанай, што ўбачыць усё было проста немагчыма.
Не сціхала музыка – гэта калектывы творчай самадзейнасці здзіўлялі гасцей. Хтосьці з задавальненнем вучыўся танцаваць беларускія народныя танцы, іншыя ўдзельнічалі ў сустрэчах з пісьменнікамі, выдаўцамі, журналістамі. Працавалі выставы “Юбіляры-2014”, “Новыя малюнкі да старых любімых кніг”, “Янка Купала і тэатр”…
Знакамі-сімваламі “Залаты Купідон” і дыпломамі былі ўзнагароджаны пераможцы рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2013 года”. Упэўнена, што ніхто не сумаваў, усе знайшлі занятак па душы.
…Развіталіся, раз’ехаліся госці, але духоўная асалода ад мерапрыемстваў засталася, думаю, надоўга. А свята Слова і далей будзе вандраваць па Беларусі.
Шчучын, чакай гасцей праз год!
----------------------------------------
Юлія БУКЕЛЬ, фота аўтара.
