Бобровникская библиотека-музей. Дело спорится там, где им "горит человек"

Пасля пенсіі жыццё толькі пачынаецца – лічаць удзельнікі аб’яднання “Залаты ўзрост”, якое дзейнічае пры Бабраўніцкай бібліятэцы-музеі. І пацвярджэннем гэтаму стала чарговая вечарына-сустрэча, якая адбылася напачатку лютага. На ёй прысутнічалі ўдзельніцы аб’яднання, кіраўнік ветэранскага клуба “Актыўнае даўгалецце” Данута Францаўна Чарнушэвіч, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава і кіраўнік спраў Варнянскага сельвыканкама, а ў былым настаўніца Бабраўніцкай пачатковай школы Наталля Мікалаеўна Ціхевіч. Ну а размову ў патрэбнае рэчышча накіроўвала гаспадыня бабраўніцкай скарбніцы Сафія Іосіфаўна Комар.

Калісьці ў будынку цяперашняга музея вучыліся дзеткі. Па ўспамінах былой настаўніцы пачатковых класаў Наталлі Мікалаеўны Ціхевіч, у 1991 годзе, калі яе, маладога спецыяліста, прыслалі настаўнічаць у Бабраўніцкую пачатковую школу, тут было чатыры класы, у якіх займаліся каля 12 дзяцей. З падачы тагачаснага начальніка аддзела культуры Дануты Францаўны Чарнушэвіч у адным са школьных пакояў быў створаны этнаграфічны музей… У 2002 годзе пачатковую школу ў Бабраўніках зачынілі, а будынак цалкам адышоў пад бібліятэку-музей.

Хто б мог падумаць, што за гэты час з аднаго пакойчыка яна разрасцецца да сапраўднай скарбніцы?

Імпэт Сафіі Іосіфаўны, якая не толькі ў сваёй вёсцы, але і на бліжэйшых хутарах па крупінках збірала экспанаты, перадаўся і мясцовым жыхарам – і людзі пачалі прыносіць рэчы. Ураджэнец Бабраўнік, мясцовы краязнаўца Уладзіслаў Пралуцкі ахвяраваў музею калекцыю старажытных манет і грошай, а таксама некалькі старых рэчаў, знойдзеных на тэрыторыі акругі, мясцовыя жанчыны паздымалі з гарышча прасы і калаўроты… Спрацаваў механізм, калі добрыя намаганні аднаго чалавека прыцягнулі да справы і іншых людзей.

– У сучасным свеце назіраецца тэндэнцыя вяртання да каранёў, – гаворыць Данута Францаўна Чарнушэвіч. – І неаспрэчная заслуга Сафіі Іосіфаўны ў тым, што яна змагла сабраць такую вялікую калекцыю экспанатаў і дала другое жыццё даўно забытым рэчам. Часта ўзгадваю выпадак: на тэрыторыі нашага раёна толькі пачыналася будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Калі ў мяне запыталі прыезджыя расіяне, што можна паглядзець на Астравеччыне, то ў спіс, акрамя архітэктурных і прыродных помнікаў нашага краю, трапіла, вядома, і Бабраўніцкая бібліятэка-музей. Добра, што ў нашым раёне ёсць людзі, якія захавалі тое, што можна паказаць гасцям, дзецям і моладзі.

І сапраўды, любая справа спорыцца там, дзе ёй “гарыць чалавек”. Гэта тычыцца не толькі загадчыцы бібліятэкі, але і іншых мясцовых жанчын. Так, Ніна Уладзіміраўна Пташнік расказала ўдзельнікам імпрэзы аб сваіх вышываных работах і праспявала некалькі песняў, якія можна лічыць сучасным вясковым фальклорам. Акрамя гэтага, жанчына займаецца развядзеннем індыкоў. Па словах Ніны Уладзіміраўны, зараз у яе на панадворку “прапісана” каля трыццаці птушак, якія (не паверыце!) начуюць на садовых дрэвах.

Жанчыны ўспаміналі адметныя гісторыі са свайго жыцця, спявалі песні і дзяліліся думкамі аб лёсе роднага краю.

Спрадвечны ход сялянскага жыцця, якое віравала яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад у вёсках, быццам адрадзіўся ў гэты лютаўскі дзень у сценах Бабраўніцкай бібліятэкі-музея.

-------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.

Фота Наталлі АЧАРЭТАВАЙ.