75 лет Островецкому району. Как всё начиналось...

островец історіяДзіўная, часам парадаксальная рэч – гісторыя. Здараецца, гісторыкі (не кажучы ўжо пра журналістаў і пісьменнікаў) з дакладнасцю, нібы самі пры гэтым прысутнічалі, расказваюць, што і калі сказаў ці зрабіў нехта са шматлікіх Радзівілаў, каму і якімі словамі прызнаваліся ў каханні Людовікі і Фрыдрыхі – словам, распавядаюць нашчадкам пра тое, што адбылося некалькі стагоддзяў таму. А вось знайсці дакладныя звесткі аб тым, што адбылося некалькі дзесяцігоддзяў назад – адлегласць, здавалася б, і не такая ўжо і вялікая, у адно-два пакаленні, – часам надзвычай цяжка.

Сутыкнуліся мы з гэтым парадоксам, калі сталі рыхтавацца да 75-годдзя ўтварэння Астравецкага раёна. Здаецца, не так шмат часу мінула, але ж знайсці сведкаў тых падзей не так проста, дакументы – таксама, да таго ж часта яны супярэчаць адзін другому, і амаль немагчыма ўстанавіць, які з іх дакладны.

Першая бальніца ў Каменцы Першая бальніца ў Каменцы


Дапамагчы па магчымасці разабрацца ў гэтых супярэчнасцях мы папрасілі гісторыка, які давярае перш за ўсё фактам і дакументам. Да таго ж многае з мінуўшчыны, хай сабе і не ад пачатку стварэння раёна, памятае сама. Гэта – Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, галоўны захавальнік фондаў Астравецкага музея (для недасведчаных: будынка музея і пастаяннай яго экспазіцыі, за выключэннем створанай у “Доме Казіміра Сваяка” ў Баранях, у раёне пакуль няма – але музей як юрыдычная асоба існуе і нават мае сваё фондасховішча, хай сабе пакуль і не вельмі багатае, але досыць цікавае).
– Нядаўна ў музей паступіў цікавы дакумент – рашэнне аб стварэнні Астравецкага раёна Вілейскай вобласці БССР, датаванае студзенем 1940 года, – паказвае копію Ванда Міхайлаўна. – Адметнасць яго ў тым, што гэта, па сутнасці, “пратакол аб намерах”. У ім прапаноўваецца стварыць Астравецкі раён з цэнтрам у паселішчы Астравец. І мы ведаем, што Астравецкі раён быў створаны 15 студзеня 1940 года. Хоць першапачаткова цэнтр яго быў у Варнянах – на той час самым буйным населеным пункце з, як сказалі б сёння, развітой інфраструктурай. У Астравец цэнтр раёна перамясціўся ўжо ў верасні 1940-га года (па некаторых крыніцах – у жніўні). Галоўнымі аргументамі на карысць Астраўца сталі наяўнасць тут тэлефоннай сувязі і блізкасць да чыгункі.
– У склад Астравецкага раёна, у адпа-веднасці з гэтым рашэннем, – працягвае Ванда Міхайлаўна, – уваходзілі Варнянская, Гервяцкая воласці і часткова – Шумская і Міцкунская воласці Ашмянскага павета. Тэрыторыя складала 1 032,5 квадратных кіламетраў, насельніцтва – 37 391 чалавек. Гэтым рашэннем прапаноўвалася тэрытарыяльна падзяліць раён на 13 сельскіх Саветаў: Астравецкі, Варнянскі, Валэйкішкаўскі, Варонскі, Дравяніцкі, Быстрыцкі, Гервяцкі, Швяйлянскі, Міхалішкаўскі, Шульніцкі, Рымдзюнскі, Вялікаякентанскі, Дзягенеўскі, Гудагайскі, Байканскі. Самы буйны з іх быў Варнянскі – тут у 29 населеных пунктах пражывала 4 090 жыхароў. Для параўнання: у Астравецкім сельсавеце налічвалася 39 населеных пунктаў і пражывала 2 165 чалавек. Усяго ж у новаствораным раёне было 496 населеных пунктаў, 7?530 сялянскіх гаспадарак, у тым ліку тысяча – хутарскіх, дзейнічала 41 пачатковая і 4 няпоўныя сярэднія школы. Прамысловасць раёна складалі тры цагельныя заводы, дзве вапнавыя ямы, вадзяны электрычны млын з электрастанцыяй магутнасцю 10 кілават у Астраўцы і яшчэ 12 млыноў у раёне, 6 маслабоек. На ўсіх гэтых “прадпрыемствах” працавала 235 чалавек. У самім жа Астраўцы на той час, як сведчыць гэты дакумент, мелася 87 жылых пабудоў і пражывала 724 чалавекі. Першым сакратаром райкама КПСС новастворанага Астравецкага раёна – на той час менавіта камуністычная партыя валодала ўсёй паўнатой улады – з’яўляўся Рыгор Рыгоравіч Панамарэнка. Тады ж, у 1940 годзе, былі першыя спробы калектывізацыі. У той год у раёне было створана пяць калгасаў: у вёсцы Ізабеліна – у яго ўступілі 25 сялянскіх гаспадарак, у Варнянах – 14 гаспадарак, у Быстрыцы – 18. А ў Гервятах было створана ажно два калгасы (тады гэта практыкавалася – ствараць у адной вёсцы, асабліва буйной, па дзве, а то і тры калектыўныя гаспадаркі): у адзін было запісана 12 сялянскіх падвор’яў, а ў другі – 9.

Першы калёсны трактар.  Першая ў раёне жанчына- трактарыстка  Я.В. Багдановіч, 1951 год Першы калёсны трактар.
Першая ў раёне жанчына-трактарыстка Я.В. Багдановіч, 1951 год


Сучасным жыхарам трэба памятаць, што першапачаткова Астравецкі раён прасціраўся толькі да Віліі, так званая “завілейская зона” была далучана да яго шмат пазней, у 1960 годзе, пасля ліквідацыі Маладзечанскай вобласці і Свірскага раёна. (З 1944 да 1960 гг. Астравецкі раён адносіўся да Маладзечанскай вобласці).
Як вядома, новаствораны Астравецкі раён праіснаваў нядоўга: пачалася Вялікая Айчынная вайна. На Астравеччыне яна была не такая кровапралітная і знішчальная ў адносінах да мясцовага насельніцтва, як ва ўсходніх раёнах Беларусі, хоць падчас вайны загінула больш як тысяча жыхароў Астравеччыны, з іх 290 былі забіты на франтах, 205 прапала без вестак.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Астравецкі раён, можна сказаць, ствараўся нанова, прычым у вельмі няпростых умовах: не сакрэт, што да “ўлады саветаў” мясцовыя жыхары адносіліся насцярожана. Усе, хто ішоў на службу савецкай уладзе, аўтаматычна траплялі пад прыцэл вінтовак “лясных братоў”, прычым зусім не віртуальны – і трагічны лёс былога намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райплана камуніста Мікалая Сцяпанавіча Калгушкіна і старшыні гэтага сельсавета Івана Аляксандравіча Ушакевіча, якія загінулі ў няроўным баі з бандытамі пры правядзенні калектывізацыі ў Якентанскім сельсавеце, таму пацвярджэнне. У той самы складаны час, з 1944 па 1950 года, першым сакратаром райкама партыі з’яўляўся Іван Васільевіч Мацюшаў.

Трактарная брыгада з в. Чэхі, 1951 год Трактарная брыгада з в. Чэхі, 1951 год


Пасля вызвалення раёна пачалася другая спроба стварэння калектыўных гаспадарак на вызваленай тэрыторыі. Але працэс калектывізацыі ішоў туга – зрэшты, як і паўсюль. Дастаткова сказаць, што ў 1944 годзе ў раёне было толькі тры калгасы – у Астраўцы, Варнянах і Гервятах, якія аб’ядналі 63 сялянскія падвор’і і налічвалі “ажно” 67(!) гектараў зямлі. Гэтыя лічбы сведчаць, што пайшлі ў калгасы толькі самыя бедныя, малазямельныя сяляне, у якіх і абагульваць не было чаго. І нават у 1947-1948 гадах у раёне было толькі пяць калгасаў. А Падольцы ў 1947-48?гг. адносіліся да Свірскага раёна.
Масавая калектывізацыя ў раёне пачалася ў 50-я гады, пасля 19 з’езда партыі: тады ўсіх аднаасобнікаў паставілі перад выбарам: альбо калгас – альбо Сібір. Выйсця не было, і практычна ўсе сялянскія гаспадаркі аб’ядналіся ў калектыўныя.
У 1951 годзе ў раёне налічвалася ўжо 127 калгасаў і адзін саўгас. Пра магутнасць гэтых калектыўных гаспадарак сведчыць хоць бы той факт, што сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па раёну складала 5-6 цэнтнераў з гектара. У 1955 годзе адбылося першае – але далёка не апошняе – аб’яднанне калгасаў, і іх засталося 52.
Тады ж пачалі стварацца і машына-трактарныя станцыі: набываць тэхніку калгасам было не па сродках, і на дапамогу ім прыходілі МТС. У Астраўцы машына-трактарная станцыя была створана ў 1945 годзе, у Варнянах – у 1950, у Падольцах – у 1951 годзе.
Прамысловасць раёна ў 1945 годзе была прадстаўлена прамкамбінатам, у склад якога ўваходзілі лесапілка, тры вапнавыя ямы, цагельны завод. У 1955 годзе ў раёне была пабудавана Янаўская гідраэлектрастанцыя магутнасцю 150 кілават. У тым жа годзе аднавіла сваю дзейнасць кардонная фабрыка “Альхоўка”.

М.В. Галай (першы злева) – старшыня Астравец- кага райвыканкама з 1987 па 1989 год М.В. Галай (першы злева) – старшыня Астравецкага райвыканкама з 1987 па 1989 год


У 1945 годзе ў Астравецкім раёне налічвалася 64 школы, у тым ліку адна сямігодка. У 1946 годзе была адчынена першая ў раёне сярэдняя школа – Астравецкая, у 1949 годзе да сярэдняй “дарасла” і Варнянская школа. У 1953 годзе з’явілася Гервяцкая сярэдняя школа, у 1954 годзе – Міхалішкаўская і Жукойненская. У тым жа 1954 годзе Астравецкая СШ увайшла ў першы тыповы будынак.
Развіццё медыцыны ў раёне таксама пачалося пасля вызвалення яго ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: першая бальніца ў Каменцы, у былым панскім маёнтку, адкрылася ў 1944 годзе. Праз год была створана Міхалішкаўская ўчастковая бальніца і Варнянскі ўрачэбны ўчастак. У 1946 годзе з’явіліся фельчарска-акушэрскія пункты ў Байканах, Гудагаі, Быстрыцы.
Даўняя прыгаворка аб тым, што “Астравец – свету канец”, узнікла не на пустым месцы і, па праўдзе кажучы, адпавядала сапраўднасці. І справа была не толькі ў геаграфічным размяшчэнні раёна, які знаходзіўся куды бліжэй да сталіцы суседняй рэспублікі – Вільнюса, чым да беларускай. Гэта накладвала свой адбітак на развіццё раёна: моладзь з’язджала ў суседнюю Літву, накіраваныя ў раён спецыялісты разглядвалі падобнае размеркаванне як вельмі няўдалае і марылі аб адным: як мага хутчэй вырвацца з гэтага “канца свету”. Ды што там спецыялісты – кіраўнікі раёна затрымліваліся тут у 50-я гады па два-тры гады, не больш: хто сам уцякаў, каго “прасілі”. Адносна доўга, з 1951 па 1958 год, раён узначальваў Максім Логвінавіч Язычэнка, які, дарэчы, і пахаваны на астравецкіх могілках. Іван Рыгоравіч Пархоўчанка з’яўляўся першым сакратаром райкама партыі з 1958 па 1960 год, Віктар Ціханавіч Калакольнікаў – з 1960 па 1961, Віктар Антонавіч Кісялёў – з 1961 па 1962, Уладзімір Іванавіч Паспелаў – 1965 па 1967 год.
У 1962 годзе адбылася адна з драматычных падзей у гісторыі Астравецкага раёна: яго ліквідавалі. Няцяжка ўявіць, што б сталася, калі б у 1965-ым, раён не аднавілі – прыклад суседняга Свірскага раёна вельмі яскравы. А Астравецкі раён, магчыма, чакаў бы яшчэ больш сумны лёс. Нават за гэты нядоўгі час дроў паспелі наламаць шмат, і ў многіх галінах гаспадаркі пасля аднаўлення раёна давялося ўсё пачынаць нанова. Але, на шчасце, раён тады ўзначаліў першы сакратар райкама партыі Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя – добры гаспадарнік і граматны кіраўнік. І менавіта пад яго кіраўніцтвам – а доўжылася яно 13 гадоў, да 1976 года, калі Дзмітрыя Канстанцінавіча абралі першым сакратаром Гродзенскага абкама партыі, – Астравецкі раён дабіўся значных поспехаў ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.
Кажуць, у кожнага горада, раёна, краіны, як і ў чалавека, ёсць свой лёс, у якім бываюць узлёты і падзенні, шчаслівыя і драматычныя моманты. Астравецкі раён – таму пацвярджэнне. І хочацца спадзявацца, што, перажыўшы за час сваёй 75-гадовай гісторыі шэраг драматычных момантаў, Астравеччына ўступіць у пару сапраўднага росквіту і зойме свой “пачэсны пасад” між іншымі раёнамі краіны – наш край і яго людзі гэтага, безумоўна ж, заслужылі.

-------------------
Ніна РЫБІК.