На пять вопросов о главном ответили островчане накануне Пасхи
13:00 / 04.04.2015
Мы такія розныя – са сваімі патрэбамі, турботамі, думкамі. Але мы разам, і яднае нас вера… Езус праз сваё змёртвыхпаўстанне злучае нашы думкі, сэрцы – дорыць надзею, умацоўвае веру і вучыць любові.
Людзям, якія заўтра будуць сустракаць самае Вялікае свята – Уваскрэсенне Езуса, мы задалі пяць пытанняў аб галоўным:
1. Вялікдзень – гэта…
2. Як вы сёлета рыхтаваліся да свята?
3. Раскажыце пра асноўныя традыцыі і сімвалы Змёртвыхпаўстання Хрыста.
4. За што або за каго вы будзеце маліцца падчас Пасхальнай Вігіліі і ўрачыстасці Уваскрэсення Пана?
5. Што вы пажадаеце чытачам “Астравецкай праўды”, сваім сябрам, знаёмым і ўсім людзям, якія заўтра будуць вітаць уваскрэслага Езуса?
1. Вялікдзень – гэта паўната радасці для кожнага чалавека, найвышэйшая яе ступень. Вялікдзень – гэта знак вечнага жыцця. Вялікдзень – гэта час, калі мы глыбока перажываем таямніцу верхавенства Божай любові над людскімі грахамі і правінамі.
2. Кожны веруючы чалавек на працягу Вялікага Посту рыхтуе сябе да велікоднага свята праз пост (дысцыпліна фізічная) і малітву (дысцыпліна духоўная). Злучаючы гэта ў адно, мы вітаем з мёртвых паўсталага Езуса ў сваім сэрцы і душы, у сваёй сям’і і коле сяброў. Калі чалавек не адчувае гэтай шчымлівай радасці – значыць, на працягу сарака дзён ён не рыхтаваўся належным чынам. Мы не павінны ствараць свае правілы, трэба імкнуцца жыць згодна з Божымі запаветамі. Звычайна людзі становяцца веруючымі ў глыбокім сэнсе гэтага слова толькі падчас таго, як прыходзяць у касцёл. Па-за храмам свецкі пачатак перамагае рэлігійны. Важна памятаць, што наша вера праяўляецца не толькі падчас імшы або споведзі, але і ў штодзённым жыцці: на працы, дзе мы праводзім большую частку дня, у сям’і, дзе паказваем прыклад сваім дзецям, у грамадстве – праз нашы ўчынкі.
3. Сімвал Вялікадня – гэта найперш крыж. Ён – знак нашага Збаўцы. Пасхал – вялікая свечка, якая сімвалізуе ўваскрэслага Хрыста. Пяць гранул на ёй сімвалізуюць раны Сына Божага. Велікоднае яйка – сімвал колазвароту і бясконцасці жыцця. Паводле біблейскага падання, Марыя Магдалена прынесла ў падарунак рымскаму імператару Ціберыю чырвонае яйка як сімвал невінаватасці Хрыста.
4. Я буду маліцца за ўвесь свет, за ўсіх людзей: мая дзейнасць у якасці ксяндза-пробашча не абмяжоўваецца маім прыходам. Супольныя малітвы буду ўзносіць да Бога з тымі, хто прыйдзе прывітаць уваскрэслага Езуса, і за тых, хто ў гэты дзень не пераступіць парог касцёла.
5. Рабіць пастановы трэба не толькі падчас посту. Мы кожны дзень, кожную хвіліну нясём адказнасць за наш выбар. Жыццё – адно імгненне ў прызме існавання свету – і гэта не чужы, а наш шлях. Хочацца, каб у гэты Вялікі дзень людзі адчулі ўсю паўнату радасці. Каб умелі прыкмячаць дробязі, якімі напоўнена нашае жыццё. Каб былі больш чулымі да тых, каму патрэбна дапамога. Не маеш грошай – дапамажы словам. Не ведаеш малітваў – звярніся да Бога з адным слоўцам, і будзеш пачуты… Трэба вучыцца праз Любоў Божую бачыць адзін аднаго.
Яўгенія Раткевіч, верніца парафіі святых Космы і Даміяна, настаўніца англійскай мовы гімназіі №1 г. Астраўца:
1. Вялікдзень стаў для мяне самым галоўным святам не так даўно. Раней я больш любіла свята Божага Нараджэння. Вялікдзень заўсёды нагадваў мне аб посце, нейкіх адрачэннях і цярпеннях, якіх я да канца не магла зразумець. Перамена наступіла пасля таго, як змянілася ўнутранае перажыванне і ўспрыманне гэтага свята. Яно стала для мяне вельмі асабістым. Цяпер я дакладна ведаю, што Езус вызваліў мяне – менавіта мяне, а не кагосьці іншага – ад цемры, якая часта авалодвала маім сэрцам, а значыць – і маім жыццём. Гэтую ўнутраную свабоду, якую дае мне Езус, немагчыма параўнаць ні з чым іншым! Гэта несамавітая радасць жыцця і давер Богу незалежна ад знешніх абставін. Калі я атрымала гэтую ласку, Вялікдзень стаў маім улюбёным святам.
2. Сёлета падрыхтоўка да Вялікадня была звязана не толькі з перажываннем перыяду Вялікага Посту, як кожны год, але таксама з тым, што мне пашчасціла менавіта перад Вялікім тыднем ажыццявіць паломніцтва на Святую Зямлю.
Гэта была мая даўняя і запаветная мара, якую здзейсніў Пан Бог у гэтым годзе. Разам з іншымі вернікамі мы ішлі слядамі Езуса Хрыста па той зямлі, дзе Ён нарадзіўся, жыў, працаваў, чыніў цуды, аздараўляў невылечна хворых і ўваскрашаў мёртвых, навучаў любові; па той зямлі, якая стала алтаром, на якім здзейснілася збаўленне кожнага чалавека і маё.
Гэтыя месцы ўражваюць не столькі сваёй прыгажосцю, велічнасцю або незвычайнасцю, колькі сваёй прастатой, а найбольш – тымі падзеямі, якія там адбыліся 2015 гадоў назад… Чытаю Біблію – і цяпер усе гэтыя месцы і падзеі становяцца “жывымі” для мяне і ясна паўстаюць перад вачамі. Шчыра жадаю кожнаму чалавеку, асабліва хрысціяніну, атрымаць ласку наведання Святой Зямлі.
3. Асноўнымі традыцыямі Вялікадня для мяне з'яўляюцца, па-першае, саракадзённы Вялікі Пост: падчас яго імкнуся больш маліцца за сваіх бліжніх, працаваць над сваімі слабасцямі, дапамагаць сябрам, а асабліва тым людзям, якія маюць у гэтым патрэбу. Па-другое, значны сэнс для мяне мае Вялікі тыдзень (апошні перад Уваскрашэннем Езуса), а асабліва ўрачыстасці Трыдуума Пасхальнага – Вялікі Чацвер, Вялікая Пятніца, Вялікая Субота.
У ноч з суботы на нядзелю ў нашым касцёле штогод адбываецца начное чуванне, таксама і для моладзі, у якім я звычайна прымаю ўдзел – ёсць час на малітву ў цішыні і на радасны спеў на хвалу Уваскрэслага! Урачыстая працэсія і Iмша на світанні ў нядзелю – тое, без чаго я не ўяўляю святкавання Вялікадня…
Пасля гэтага мы вяртаемся дадому і хуценька накрываем стол для святочнага снедання з так званай “свянцонкай” – хлеб, фарбаваныя яйкі і каўбаса.
4. Падчас Пасхальнай Вігіліі і ўрачыстасці Уваскрашэння Пана я буду асабліва прасіць аб навяртанні і жывой веры для ўсіх жыхароў Астраўца і Астравеччыны, а асабліва – для моладзі і дзяцей.
Таксама буду шчыра маліцца за маю сям’ю, за сваіх родных і блізкіх, сяброў, а таксама дзякаваць Пану за мноства ласкаў, якія атрымліваю ад Яго кожны дзень. А для сябе, напэўна, прасіць буду аб тым, каб заўсёды заставацца Яму вернай, а таксама за свайго будучага мужа.
5. Жадаю ўсім чытачам “Астравецкай праўды”, сваім сябрам, знаёмым і ўсім людзям, якія заўтра будуць вітаць Уваскрэслага Езуса, каб пасхальная радасць заўсёды напаўняла сэрцы. Няхай кожны ваш дзень будзе праслаўленнем Пана і падзякай Яму за ласку жыцця і ласку збаўлення, нягледзячы на розныя цяжкасці і перажыванні. Жадаю заўсёды быць у жывым кантакце з нашым Тварцом!
1. Вялікдзень з’яўляецца самым вялікім хрысціянскім святам. Людзі пачынаюць наводзіць парадак у дамах і кватэрах, рыхтаваць стол. Аднак важна не тое, што ў цябе будзе на стале або ці да апошняй пылінкі ты прыбраў сваё жытло. Чысціня душы і думак – галоўнае. Саракадзённы Пост, які папярэднічае Вялікадню, дадзены нам не для таго, каб нейкім чынам абмежаваць чалавека – наадварот, з’яўляецца магчымасцю ўзрасці над сабой, сваімі слабасцямі і заганамі – стаць лепшым.
2. Напэўна, гэта банальна – але я хадзіў у касцёл на працягу гэтага перыяду і спавядаўся. Так робяць усе хрысціяне, у тым ліку і харцэры. Падчас посту я шмат часу праводзіў сам-насам з сабой: думаў аб сваім жыцці і аб гэтым свеце ўвогуле, аналізаваў свае ўчынкі і рабіў пэўныя высновы.
3. Рэлігійныя і народныя абрады святкавання Вялікадня цесна спляліся і сталі традыцыйнымі ў многіх сем’ях. Адным з атрыбутаў велікодных дзён з’яўляецца фарбаванае, найперш чырвонае, або пісанае яйка. На Астравеччыне дагэтуль існуе звычай прыносіць яго ў падарунак. Пасля ранішняй урачыстай імшы вернікі вяртаюцца дадому і збіраюцца за адным сталом, каб раздзяліць радасць ад усведамлення гэтай значнай падзеі з самымі блізкімі і любімымі. Часта гэты дзень становіцца днём прабачэння і згоды для людзей, у жыцці якіх раней узніклі непаразуменні ці ўзаемныя крыўды. У другі дзень свята прынята наведваць сваякоў ці знаёмых.
4. Шкада, што ў гэты дзень не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць быць побач з роднымі і блізкімі. Многія не могуць прыйсці ў касцёл з-за хваробы або занятасці на працы. Не трэба забываць пра вязняў, якія гэты светлы дзень будуць сустракаць за кратамі… Менавіта за гэтых людзей, у якіх з-за пэўных прычын і жыццёвых абставін няма магчымасці раздзяліць з бліжнім радасць Уваскрэсення Езуса, трэба маліцца.
5. Чытачам хочацца пажадаць дастойна правесці гэты Вялікі дзень. Няхай уваскрэслы Хрыстос напоўніць вашае жыццё радасцю!
Вераніка Асадчук, першы год падрыхтоўкі да святой Камуніі, вучаніца 4 класа Варнянскага ясляў-сада-сярэдняй школы:
1. Вялікдзень – гэта свята Уваскрэсення Езуса. Як я гэта разумею? (задумваецца. – Заўв.аўт). Перад тым як памерці на крыжы, у Вялікі Чацвер Хрыстос сабраў вучняў на вячэру. Са словамі “Бярыце і ешце, бо гэта цела маё” даў ім хлеб. Затым Езус падняў келіх з віном і вадой і сказаў: “Бярыце і піце – гэта кроў мая”.
У гэты дзень Хрыстос абмыў ногі ўсім сваім вучням. Ён не выдзяляў сябе сярод людзей, а, наадварот, праз гэты ўчынак паказаў, што кожнага любіць, як сваё дзіця. Аднак адзін вучань, якога звалі Юдаш, здрадзіў свайму настаўніку і выдаў яго на смерць… Езус вельмі добры, думаю, што ён не трымаў зла на свайго вучня…
У пятніцу Хрыстос быў асуджаны на крыжовую смерць. Ён памёр на Галгофе, а праз тры дні, у нядзелю, з мёртвых паўстаў.
2. На занятках па рэлігіі разам з катэхеткай Марынай Бразевіч мы рабілі крыжы: розныя – і вялікія, і маленькія, з дрэва і з іншых матэрыялаў. Драўляны крыж, з якім я ўдзельнічала ў Крыжовай дарозе, мне дапамог змайстраваць тата.
3. Вербачка, свечка, пасхальны агонь, келіх і Цела Божае, крыж і, канешне, чырвонае яйка – галоўныя сімвалы гэтага свята.
У нядзелю пасля імшы і “свянцонкі” разам з сябрамі іду па сваёй вуліцы па яйкі. Так цікава, якія пісанкі будуць у кошычку! А затым са старэйшым братам Арцёмам мы гуляем у “біткі”. І чаму ён заўсёды выйграе?
4. Я малюся за сваю сям’ю, асабліва за бабулю Яніну. А яшчэ кожны раз у думках успамінаю памерлых.
5. Усім сябрам і людзям, якіх я ведаю, хачу пажадаць здароў’я, шчасця і ўсяго самага лепшага. А яшчэ… Хачу сказаць Езусу дзякуй за тое, што ён памёр за нашы грахі і ўваскрос. Ён добры і любіць кожнага нават тады, калі мы атрымліваем дрэнныя адзнакі або не слухаем бацькоў, і вучыць нас сваёй любові.
Езунька, дзякуй табе вялікі!
--------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.