Пробашч Андрэй Горбач для парафіян: душпастыр, гаспадар, сябар

15:00 / 15.11.2024

Так проста, па-свой­ску многія аст­раў­чане называлі свайго святара – пробашча парафіі Узнясення Святога Крыжа Андрэя Горбача. Іх душ­пастыр, дарадца, сябар,  прыклад для пераймання, пуцяводная нітка да Царства Нябеснага – іх Андрэй, навуку якога часта цытавалі ў размовах і мала­дыя, і пажылыя,  адышоў у вечнасць 1 лістапада – у дзень Усіх Святых. Раптоўна... 

Быў прыкладам 

Расказвае Уладзімір Барысевіч:

–  Андрэй Горбач у нашай парафіі праслужыў 13 гадоў – у 2011-м сюды прызначаны. Па сутнасці, гэта яе першы пробашч. Храм дзейнічаў і да таго часу, але пастаяннага святара тут не было, ды і парафія наша не была адасоблена. 

З прыходам Андрэя адразу адчулася: з’явіў­ся гаспадар. Першае, з чаго ён пачаў, – навёў парадак у храме: патынкаваў  сцены, па­фар­баваў падлогу. А пасля распачалося ў нас будаўніцтва плябаніі, якую ўзвялі ўсяго за 2 гады, – лю­дзі дапамагалі ахвотна. Святар заўсёды пры­слухоўваўся да парафіян, раіўся – іх меркаванне было важным. А тады абдумваў дэталёва, прытрымліваўся правіла наспех не прымаць рашэнняў – лічыў, Бог павінен блаславіць на правільную думку. 

Ва ўсіх касцёльных справах наш пробашч быў не толькі арганізатарам, але і першым іх вы­канаўцам. Як за такім прыкладам не пайсці! Усё, што мог зрабіць сам,  рабіў. Калі парафіяльны дом будавалі, ён працаваў і за брыгадзіра, і за стропальшчыка, і за рабочага –  асноўная нагрузка была на ім. Качагарку касцёльную пабудаваў. Вароты ў храм, каваная жырандоля, ліхтар, сонечны гадзіннік на тэрыторыі касцёла, нават посуд для богаслужэння  – яго таленавітых рук работа. Алтар рабілі па эскізе нашага святара і пад яго кіраўніцтвам.

Добраўпарадкаванне тэрыторыі таксама іш­ло з яго непасрэдным удзелам. Увогуле, і па ўласных назіраннях, і з размовы з братам ксяндза Андрэя, наш пробашч  за што б ні браўся – гарэў справай, мог зрабіць усё.  Але асабліва любіў працаваць з металам. Ён і казаў: «Не трэба мне ніякіх падарункаў, лепш жалязяку прынясіце, з яе можна нешта зрабіць».

Наш святар меў грандыёзныя планы: зрабіць рамонт у храме, замяніць асвятленне, вокны, лавы… 

Пробашч ведаў усіх парафіян, помніў, каго пахрысціў, каму даваў шлюб, прычым не толькі сваю паству, але і людзей з іншых парафій, якія прыходзілі на яго набажэнствы. Да слова,  пра колькасць прыхаджан у храме – наконт таго, мала народу прыйшло ці многа – меў такі погляд: гэта як з тайнай вячэраю: каго Бог запрасіў, паблаславіў, той і прыйдзе.  І так яно было. Напрыклад, ніколі не прызначалі ў нашай парафіі вуліцы, якія адказваюць за ўборку: аб’яўлялі –  і людзі прыходзілі.

Андрэй Горбач быў сапраўдным павадыром, умеў запаліць у сэрцах парафіян агонь да супольных спраў – грэў, як полымя, колькі мог…

Туліў да сябе людзей

Расказвае Дзяніс Кісель:

–  Мы пазнаёміліся, калі Андрэй шукаў запчастку. У магазіне такой было не купіць, і ён пацікавіўся, дзе можна знайсці. Я сказаў, што маю такую і прывязу.  Назаўтра аставіў ля хаты святара тое, што паабяцаў. Неўзабаве Андрэй прыехаў да мяне на работу падзякаваць. 

Падчас адной з сустрэч  зачапілі ў размове тэму тэхнікі – аказалася, што ў нас агульная цікавасць. Я паказаў сваю машыну, расказаў пра захапленне гонкамі па бездарожжы і запрасіў пракаціцца. Гэта было пасля спаборніцтваў, «кропкі» яшчэ пазначаны. Мы «прайшлі» па вадзе, балоце, праз перашкоды – вочы майго пасажыра гарэлі. «Аляксандравіч, адрэналін проста вёдрамі качае!» – захоплена заўважаў ён пасля джыперскіх прагулак.

Напачатку нашых стасункаў стараўся трымаць дыстанцыю: усё ж Андрэй – святар, а я пры­хаджанін. Але ксёндз яе разарваў на шчаўчок, даючы зразумець, што такі ж чалавек, як і я. Ён стаў не проста сябрам, а членам нашай сям’і. Ведаем: Андрэй любіць радыску. Толькі з’явіліся першыя караняплоды – маці ўжо пакуе для яго.  



Дарэчы, завядзёнку, калі пасля імшы дзеці ішлі павітацца са святаром і расказаць яму пра справы, увяла наша Ева (дачка. – Заўв. аўт.). Ён любіў дзяцей, умеў знайсці падыход і абавязкова кожнаму – пачастунак ці невялічкі падарунак. Неяк пасля аднаго з такіх дзіцячых візітаў, усміхаючыся, заўважыў, што тумбачка пустая, маўляў, трэба сястры законнай наказаць, каб трымала на кантролі яе напоўненасць – не з пустымі ж рукамі прымаць юных сябраў.    

Андрэй узгадваў настаўленне сваёй маці: «Помні: твая сям’я – гэта твая парафія». І было заўважна, што па-сямейнаму добрыя, цёплыя адносіны ў яго былі да людзей, ён хваліў, умеў адзначыць лепшыя якасці – рабіў гэта шчыра. Гэты чалавек прыцягваў энергетыкай, з ім хацелася  падтрымліваць стасункі, да яго туліліся. А, між іншым, можна толькі ўяўляць, наколькі нялёгка яму даводзілася: парафіяне раскрывалі яму сэрца, ішлі з праблемамі, набалелым – і ўсё ён успрымаў як асабістае, прапускаў праз сябе. 



Аблятаў думкамі свет 

Расказвае Генадзь Календа:

–  Пробашч заўсёды адчуваў патрэбу парафіян у кан­крэтны момант. Так было і з нашым маладзёжным хорам: калі мы толькі вучыліся ўдзель­нічаць у літургіі, развучвалі песні, заўсёды пад­трымліваў, падказваў. Да слова, ён таксама валодаў музыч­ным інструментам – іграў на «Ямасе». А што тычыцца апаратуры для хора: част­ку сваёй тэх­нікі нам даў ксёндз Андрэй, част­ку купілі на ахвя­ра­ванні. 

Вядома ж, падбадзёрвала яго пахвала. А вось  сам пробашч пахвалы не любіў, лічыў, што не робіць нічога звышнатуральнага.

Яго адкрытасць, спагадлівасць, падтрымка, пазітыў і пачуццё гумару мелі магнетычную сілу. Не раз заўважаў: хутка пачнецца літургія, а людзі, зайшоўшы ў касцёл, накіроўваюцца ў захрыстую – проста павітацца. 

Для парафіян святар быў не толькі ду­хоў­ным настаўнікам, а сябрам. Таму і на просьбы яго народ адгукаўся.  Ён не казаў шмат, дастаткова было адной аб’явы – і ўсе збіраліся на супольную справу. З апошняга: прывезлі нямала драўніны, якую трэба было папілаваць, пасекчы на дровы і скласці – прыйшло столькі памагатых, што не асабліва хапала месца, дзе развярнуцца.

У Бібліі сказана «Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся і за ўсё дзякуйце, бо такая воля Божая» – так жыў ксёндз Андрэй. І парафіянам казаў, што заўсёды памятае нас у сваіх малітвах. Ён гаварыў: «Саджуся вечарам – і магу ўвесь свет абляцець думкамі,  прыгадваючы тых, з кім на жыццёвых пуцявінах зводзіў Бог».


Запалі ў душу яго словы (хто ж мог падумаць тады, што ён адпраўляе апошнюю імшу!) пра тое, што дзень Усіх Святых – гэта не смутак, а радасць, урачыстасць, баль для святых… Думаю, што наш пробашч трапіў на той баль. 

Вучыў цаніць незаўважнае

 Расказвае Віялета Раткевіч:

–  Навука, якую прамаўляў падчас імшы свя­тар, ішла ад пераасэнсавання пачутага на спо­ведзі – ксёндз пра гэта не гаварыў. Але той, да сэрца каго ў першую чаргу хацеў дастукацца, разумеў – я і на сабе не раз адчувала. Андрэй тактоўна, не асуджаючы ўчынкаў, даваў параду, дзяліўся развагамі, як можна зрабіць
у тым ці іншым выпадку і чаму.   

Неяк стаяла перад вельмі складаным выбарам. Па сутнасці, я для сябе вызначыла перавагу, але патрэбна была парада майго святара. Расказала яму пра ваганні, пра боязі, а ў адказ пачула: «Ты ўсё зробіш правільна». Ён зразумеў мой выбар і адобрыў яго. Ксёндз Андрэй, апроч таго, што доб­ра ведаў сваіх парафіян, быў тонкім псіхолагам. 

Казаў навуку коратка і канкрэтна, вылуча­ючы галоўнае. Умеў растлумачыць складаныя для ўспрыяцца рэчы проста і завастрыць  увагу, навучыць цаніць важныя жыццёвыя дэталі, якія чалавек не заўважае. І ніколі не ўшчуваў людзей за  тое, што рэдка альбо  ўвогуле не ходзяць у касцёл. Наш святар прытрымліваўся меркавання, што прыйсці да Бога пад прымусам нельга – наступіць момант, калі ў чалавека ўзнікне патрэба ў гэтым. Яно і сапраўды так, у жыцці здараюцца сітуацыі, калі супакаенне, акрамя як у храме Божым, не знойдзеш.  

Ксёндз Андрэй – чалавек-усмешка. Што б яго ні турбавала, настрой быў пазітыўны – гэта прыцягвала людзей. Усмешка засталася на яго твары, нават калі ён адышоў у лепшы свет. 

Пробашч быў для мяне настаўнікам, ён стаяў на адной прыступцы з бацькамі. 



Текст: Рита Дремо
Фото: з архіва парафіі Узвышэння Святога Крыжа