Астраўчане дзеляцца: што варта зрабіць кожнаму на Задушкі
09:00 / 01.11.2024
У гэтыя слатлівыя лістападаўскія дні, на пачатак якіх прыпадаюць успамін усіх памерлых вернікаў і Задушкі, здаецца, прытаілася нават прырода. Менавіта гэты перыяд – цудоўная нагода не толькі ў думках і ў малітвах прыгадаць сваякоў, сяброў, суседзяў і калег, якіх больш няма побач з намі, але і задумацца пра спрадвечныя жыццёвыя каштоўнасці, сэнс радавой памяці і пра тое, што кожны з нас пакіне пасля сябе.
Жыхары Астравеччыны паразважалі, што, на іх думку, варта зрабіць напярэдадні і падчас актавы ўспаміну ўсіх памерлых, якая працягваецца з 1 па 8 лістапада.Прыбраць могілкі
Хоць невялічкія вёскі, дарэчы, як і людзі, пакрысе аджываюць сваё і нават знікаюць з карты Астравеччыны, людская памяць застаецца нягледзячы ні на што. Ведаю не адзін прыклад, калі хтосьці ахвяруецца даглядаць месца спачыну не толькі сваякоў, але і іх аднавяскоўцаў.
Падчас сяброўскага візіту ў рэдакцыю прафсаюзны лідар сферы адукацыі Марына Кутовіч расказала пра традыцыю ў Мацканах, якая сучаснікам засталася ў спадчыну ад іх папярэднікаў.
– Побач з гэтай вёсачкай спакон вякоў былі могілкі – там ляжаць мае прапрадзеды, дзяды і бацькі. Хаваюць тут не толькі жыхароў Мацкан, але і бліжэйшых населеных пунктаў: ніз Ізабелін, Трайгі, Мікшаны, – расказала Марына Мар’янаўна.
– Заўсёды ў гэтай мясцовасці была традыцыя за некалькі тыдняў да Задушак прыбіраць усе магілкі, асабліва тыя, пра якія няма каму паклапаціцца. Раней гэта рабілі нашы дзяды і бацькі, а цяпер – мы. Мужчыны абкошваюць тэрыторыю, жанчыны зграбаюць траву, апалае лісце. Спачатку наводзім парадак на месцах пахавання, якія няма каму дагледзець. Па аб’ектыўных прычынах не ва ўсіх ёсць магчымасць гэта зрабіць: хтосьці прыхварэў ці не можа прыехаць. Толькі потым кожны «парадкуе» магілы сваякоў і блізкіх.
Па завядзёнцы ў гэтыя дні на могілкі прыязджае ксёндз і адзначае чысціню і дагледжанасць, якія пануюць тут, – іх падтрымліваем не толькі перад Задушным днём, але і на працягу года.
Напрыклад, калі аблупілася фарба на агароджы – збіраемся разам і абнаўляем яе.
Заўсёды быў ініцыятар, хто збіраў талаку. Даўней гэта была мая цётачка Генуэфа Грымбоўская, але з-за ўзросту яна крыху адышла ад спраў. Добра, што цяпер побач з могілкамі ёсць спецыяльныя кантэйнеры для смецця, якое пастаянна вывозіцца, а даўней трэба было яшчэ прыдумаць, куды яго падзець. Ведаю, што цётачка падключала старшыняў калгаса, сельсавета.
Цяпер, мне здаецца, нашмат прасцей. Асноўнае – гэта сабраць людзей, але і тут трэба пастарацца. Клопат аб гэтым на сябе ўзяла Тарэса Міхновіч.
Сёлета ўпершыню брала з сабой старэйшага ўнука Кірыла, які гасцяваў у нас. Мне здаецца, што толькі праз уласны прыклад можна захаваць гэтую традыцыю, якая нам засталася ад продкаў, і пераемнасць пакаленняў.
Прыгадаць свой род і памерлых
На Задушкі прынята маліцца за памерлых на могілках і ў храме, падаваць запіску з прозвішчамі і імёнамі памерлых, запальваць лампадку ці свечку на месцы іх апошняга зямнога прытулку.
Настаўніца Гервяцкай школы Вольга Каткоўскіс усё гэта робіць, а яшчэ пераглядвае альбом з фотаздымкамі, з якіх на жанчыну глядзяць родныя і любімыя людзі, якія адышлі ў лепшы свет.
– Продкі выконваюць ролю нашых анёлаў-ахоўнікаў. Іх сілы па нашай абароне, іх магчымасці засцерагчы нас ад памылак у многім вызначаюцца тым, наколькі добрая наша сувязь з імі. І сувязь менавіта праз памяць. Узгадваючы ўсё самае лепшае пра прашчураў, мы сімвалічна дабудоўваем тую частку маста, па якой можа прыйсці іх дапамога. Падобна да таго, як наша любоў да Бога перш за ўсё патрэбна не Яму, а нам, гэтак жа і наша любоў да блізкіх памерлых з’яўляецца шляхам узаемадзеяння з імі, – лічыць жанчына. – Цяпер асаблівыя дні. Здаецца, што ўсё ідзе сваім шэрагам (дом-работа-дом), але на падсвядомым узроўні я прыгадваю свайго брата, які рана сышоў з жыцця, бацьку, дзядуль і бабуль. Успамінаю самыя лепшыя моманты жыцця, якія звязаны з імі, і ў думках размаўляю. Ёсць шмат гісторый пра анёлаў-ахоўнікаў, і гэта не выдумкі, а рэчаіснасць. Я, напрыклад, ведаю сваіх заступнікаў – гэта мой тата і брат.
Асабліва цёплыя і шчымлівыя ўспаміны ў жанчыны засталіся ад бабуль і дзядуль, асабліва па матчынай лініі.
– З маленства я тузала бабулю з роспытамі, як яны жылі даўней. І гэтыя расповеды для мяне былі лепшымі за самую чароўную казку, – узгадвае Вольга Станіславаўна. – Дзед Юзаф Штура цудоўнай душы чалавек і моцны гаспадар. З бабуляй Антанінай па вадзе яны сплаўлялі бярвенні, марылі іх, высушвалі і будавалі хату. Дарэчы, яе і тыя маляўнічыя мясціны Альхоўкі часта бачу ў снах. Дзядуля ў ваколіцах быў паважаным чалавекам. Самае цікавае, што па пашпарце ён быў Осіпам, для блізкіх – Юзафам, а аднавяскоўцы звярталіся да яго выключна па бацьку – Сямёнавіч. Ён быў ветэранам працы. Без работы не мог уседзець і хвіліну, заўжды быў нечым заняты. Толькі ў нядзелю дазваляў сабе пасядзець з вудай на беразе ракі ці схадзіць на ціхае паляванне. Дзядуля быў выдатным самавучкам-гарманістам, без яго не абыходзілася ніводная сямейная ўрачыстасць ці танцы, якія тады ладзіліся па хатах. Знешне ён быў хударлявы і высокі, чарнявы, меў невагодна прамую паставу і насіў вусы. Калісьці дзеду сшылі карычневае паліто, а бабуля купіла яму шапку тыпу папахі. «Выліты Чапаеў!» – казалі, калі Штуры прыязджалі да сватоў у Варняны.
Шыццё, вязанне, ткацтва, саломапляценне – гэта ўсё пра бабулю, у якой без перабольшвання былі не толькі залатыя рукі, але і сэрца.
Па татавай лініі бацькі былі простымі калгаснікамі, але таксама гаспадарлівымі і працавітымі. Бабуля да 1939 года працавала пры панскай сядзібе, а пасля ўсё жыццё цялятніцай. Дзядуля Станіслаў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, быў брыгадзірам. Яны сапраўдны прыклад вяскоўцаў: працалюбівыя, цягавітыя, моцна знітаваныя з зямлёй усёй сваёй існасцю.
Некаторыя кажуць, што да жадання вывучыць род трэба дарасці. Я лічу, што не варта чакаць моманту, а трэба працаваць над гэтым ужо сёння. Трэба расказваць дзецям і ўнукам пра іх прадзедаў, разам глядзець фотаздымкі і ўспамінаць сямейныя гісторыі і паданні. Часцей браць з сабой на вёску паслухаць старых людзей. Мне здаецца, калі малое з дзяцінства бачыць любоў, узаемапавагу членаў сям’і і іх моцную сувязь, яно абавязкова гэта ўсё возьме з сабой у дарослае жыццё.
Мая чатырохгадовая ўнучка ўжо ведае кожнага з нас па імені і хто кім працуе. (Усміхаецца.) Ёсць надзея, што нітачка сямейнай памяці ў нашым родзе ніколі не перарвецца.
Сваім продкам у першую чаргу я падзякавала б за тое, што ў мяне ёсць магчымасць жыць, любіць, працаваць, дыхаць, марыць…
Памаліцца і ўспомніць усіх святых
Лічыцца, што калі шчыра ў гэтыя памінальныя дні наведваць могілкі і маліцца за памерлых, то можна выратаваць адну душу.
Старшакласнік з Варнян Аляксандр Блашкевіч прывык да малітвы ледзь не з пялюшак, больш таго, пробашчу ў мінулыя гады ён дапамагаў падчас аб’езду могілак, а іх у парафіі больш за 10.
– Па расповедах цёці Жанны Радзевіч ведаю, што ў касцёл мяне бралі з маленства. Але калі былі чытанні, мяне гушкалі на руках, бо не мог спакойна ўседзець, – успамінае малады чалавек. – Міністрантам стаў пры ксяндзы Віктары Захарэўскім, таму дапамагаю яму пры алтары і па магчымасці ў іншых патрэбах. Святар на задушныя дні аб’язджае ўсе могілкі з нашай парафіі. Аказваецца, за невялічкімі вёсачкамі ёсць могілкі, пра існаванне якіх у такім месцы нават не ведаў.
Хлопец распавёў, што на Задушкі моліцца за бабуль, дзядуль, бацьку і іншых сваякоў.
– З аднаго боку, гэтыя памінальныя дні светлыя, таму што мы стараемся ўзгадаць самыя добрыя і станоўчыя моманты з жыцця, калі блізкія яшчэ былі побач. З іншага – яны сумныя, таму што з гэтым чалавекам больш ніколі не сустрэнешся і ніколі не атрымаеш ад яго адказаў на пытанні, якія турбуюць, – працягвае Аляксандр. – На могілкі звычайна хаджу з блізкімі. Запаліш свечку, прамовіш малітву за вечны адпачынак – і адпускае.
У каталіцкім календары ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў папярэднічае ўрачыстасць Усіх Святых. У варнянскай парафіі дзеці з дапамогай дарослых ладзілі адмысловы баль у іх гонар.
– Калі быў меншым, таксама ўдзельнічаў. Правесці баль прапанавала цёця, задумку з радасцю падтрымаў ксёндз і ўсе астатнія, – працягнуў старшакласнік. – Я быў Юзафам, а мой зводны брат Максім – Езусам. Іншыя хлопчыкі і дзяўчынкі таксама выбралі сабе асобу пэўнага святога і з дапамогай бацькоў рыхтавалі вобраз. У некаторых выпадках падабенства было стопрацэнтнае! Мы папрасілі Наталлю Гендрыкаўну Адулу прыдумаць для кожнага вершыкі. Гэта было сапраўднае свята для нас, пасля якога на памяць засталіся фотаздымкі.
Сваім апекуном і нябесным заступнікам па-ранейшаму лічу святога Юзафа, які быў другім бацькам для маленькага Езуса, прыняў і гадаваў яго, як уласнае дзіця.