Всемирный день донора отмечается 14 июня
Яна цячэ па нашых венах, забяспечваючы кругазварот жыцця. Кроў – неад’емная складаючая арганізма чалавека, без якой немагчыма існаванне. Аднак здараюцца розныя непрадказальныя сітуацыі: аварыі, раненні, хваробы – і мы яе трацім. А затым, прыйшоўшы ў прытомнасць у бальнічнай палаце, затуманена назіраем, як па тоненькіх трубках уліваецца новая кроў – наша новае жыццё, якое нам дорыць невядомы донар.Здаць сваю кроў рашаецца далёка не кожны – адны лічаць гэта непатрэбным, другія пабойваюцца самога працэсу, трэція не падыходзяць па медыцынскіх паказаннях. Аднак ёсць у нашым раёне і пастаянныя кліенты аддзялення пералівання крыві Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы, якія ў вызначаны дзень прыходзяць сюды з аднолькавай просьбай: “Вазьміце ў мяне кроў”.
– Здаваць кроў да нас прыходзіць шмат людзей, але пастаянна – дзесьці 130-150 чалавек, – расказвае старшая медсястра аддзялення пералівання крыві Марына Аляксандраўна Сянюць. – Многія з іх з’яўляюцца донарамі на працягу не аднаго года. Некаторыя нават працягваюць сямейныя традыцыі. Як вядома, гэтая добрая справа кампенсуецца матэрыяльна: за кроў выплачваецца 765 тысяч – яе можна здаваць раз у тры месяцы, за плазму – 1 мільён 71 тысяча рублёў, і яна здаецца кожны месяц. Дарэчы, у нашым раёне ўжо ёсць адна жанчына, якая адмовілася ад грашовага ўзнагароджвання і здае кроў бескарысна. Таксама часам здаюць кроў бясплатна і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Любая добрая справа не застаецца незаўважанай: штогод у раённай бальніцы ўзнагароджваюць ганаровых донараў – людзей, якія на працягу многіх гадоў аддаюць часцінку сябе, каб падарыць камусьці жыццё. Сёлета іх колькасць павялічылася на чатыры чалавекі – ва ўрачыстай атмасферы загадчык аддзялення пералівання крыві Астравецкай ЦРБ Андрэй Тадэвушавіч Субаткевіч павіншаваў іх і ўручыў пасведчанне і нагрудны знак “Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь” Кацярыне Рышардаўне Вайцяховіч, Алене Леанардаўне Мятлеўскай, Чаславу Станіслававічу Мілашу і Ганне Тадэвушаўне Масейка.
– Чаму я пайшла ў донары? – перапытвае Алена Леанардаўна Мятлеўская з Варнян. – Напэўна, нагледзелася на бацьку – ён таксама быў ганаровым донарам. І я вырашыла прадоўжыць сямейныя традыцыі – праўда, здаю не кроў, а плазму. Дзевяць з паловай гадоў з’яўляюся донарам – і ні разу не пашкадавала аб гэтым.
Кацярына Рышардаўна Вайцяховіч з Маляў упершыню прыйшла здаць кроў трынаццаць гадоў назад, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. У жанчыны рэдкая, чацвёртая, група крыві, таму і падумалася аднойчы – чаму б не падзяліцца ёй з іншымі.
З юнацтва прыйшоў у донарства астраўчанін Часлаў Станіслававіч Мілаш. Як прызнаецца мужчына, у той час здача крыві лічылася справай гонару. У яго сям’і амаль усе былі донарамі – вядома ж, не застаўся ў баку і Часлаў Станіслававіч.
– Шчыра кажучы, упершыню аб донарстве я задумалася ў бальніцы, калі мне самой рабілі пераліванне крыві, – успамінае жыхарка Ізабелін Ганна Тадэвушаўна Масейка. – Праўда, ажыццявіць гэтую ідэю атрымалася не адразу, а ў 2000 годзе я ўсё ж рашылася здаць кроў – і з той пары раблю гэта рэгулярна.
У гэты дзень яны сталі ганаровымі донарамі, але ўжо даўно з’яўляюцца сапраўднымі “братамі па крыві” – не толькі паміж сабой, але і з тымі людзьмі, у чыіх венах цячэ іх кроў.
Марына МАЦКЕВІЧ
