В Островецком районе проводилось мероприятие "Нелегал"
На тэрыторыі Астравецкага раёна прайшло спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Нелегал”.Падчас мерапрыемства супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў разам з органамі пагранічнай службы і дзяржаўнай бяспекі праводзілі праверку населеных пунктаў, якія прылягаюць да Дзяржаўнай мяжы, а таксама аўтадарогі рэспубліканскага значэння Полацк – Глыбокае – мяжа Літвы.
Не засталіся без увагі рынак, вакзал, забаўляльныя ўстановы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, інтэрнаты, дзе пражываюць будаўнікі БелАЭС, а таксама найбольш верагодныя месцы знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства: аб’екты агратурызму, здымныя кватэры.
Праведзеная работа была накіравана на ўзмацненне кантролю за знаходжаннем замежных грамадзян на тэрыторыі раёна, выяўленне парушэнняў заканадаўства аб прававым палажэнні ў Беларусі, а таксама папярэджанне і спыненне гэтых парушэнняў.
У выніку правядзення прафілактычных мерапрыемстваў “Нелегал” было выяўлена пяць парушэнняў міграцыйнага заканадаўства Беларусі. Чатыры чалавекі расплацяцца за свае парушэнні штрафамі, а вось грамадзяніна Афганістана чакае дэпартацыя і забарона на ўезд у Беларусь на пяць гадоў.
Акрамя гэтага, у адносінах да ўкраінца складзены адміністрацыйны пратакол за кіраванне транспартам у нецвярозым стане – зараз разглядаецца пытанне аб яго высылцы з Беларусі.
Нагадваем, што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2010 года №105-З “Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь” вызначаны тры рэжымы знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны: часовае знаходжанне – рэгістрацыя на тэрмін да 90 сутак у год; часовае знаходжанне – на тэрмін да 1 года; пастаяннае пражыванне – замежныя грамадзяне ва ўстаноўленым парадку атрымліваюць від на жыхарства.
Пастаянна пражываючыя іншаземцы маюць усе сацыяльна-эканамічныя правы, якімі карыстаюцца грамадзяне Беларусі. Замежныя грамадзяне могуць займацца працоўнай, прадпрымальніцкай ці іншай дзейнасцю на аснове спецыяльнага дазволу (выключэнне складаюць грамадзяне дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюза – Расія, Казахстан, Кыргызстан і Арменія).
За больш падрабязнай інфармацыяй па гэтых пытаннях звяртайцеся ў аддзяленне па грамадзянству і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Астравецкага райвыканкама.
Мікалай ХАЛЕЦКІ,
першы намеснік начальніка РАУС.
Фото с сайта rusdozor.ru
