У Астравец Аляксандр Цымбаліст ехаў мэтанакіравана
Кожны год Астравеччына сустракае маладых спецыялістаў з нецярпеннем і цікавасцю. Бо яны прыходзяць у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна з жаданнем паказаць, чаму навучыліся; з надзеяй, што ім давераць адказны ўчастак работы, і прымуць у калектыў як сваіх… А чаго яны чакалі ад Астраўца; якімі былі думкі, калі накіроўваліся да першага рабочага месца; хто сустракаў і чым дапамог… Аб гэтым і не толькі мы запыталі ў маладых спецыялістаў розных сфер Астравеччыны.
Маладога чалавека сустрэла вечарам у гарадскім парку: пасля насычанага працоўнага дня ён сядзеў на лаўцы. «Рэлаксуеце?» – запытала. «Хвілінка адпачынку», – адказаў малады ўрач…
У медыцыну хлопец вырашыў пайсці яшчэ ў 9 класе, калі стала пытанне прафарыентацыі.
– Стрэльнула, – усміхаецца Аляксандр. – Узважыў усе «за» і «супраць», прааналізаваў свае адзнакі – за прахадныя балы не хваляваўся, таму што вучыўся добра. А са спецыяльнасцю вызначыўся на 5-м курсе: рыхтаваўся стаць хірургам, а калі пачаў падпрацоўваць, зразумеў, што мне бліжэй анестэзіялогія.
Родам Цымбаліст з-пад Гродна, вучыўся ў Віцебску, а працаваць прыехаў у Астравец.
– Пра гэты горад не чуў курса да 2-га – калі пачалі будаваць АЭС. Тады вырашыў, што хачу сюды на адпрацоўку. А на 5-м курсе спецыяльна наведаў Астравец, каб паглядзець, што за ён і якая тут бальніца, – расказвае Аляксандр. – Быў праездам на Нарач, аднак па горадзе пракаціўся і па тэрыторыі ЦРКБ прайшоўся. Тое, што ўбачыў, задаволіла.
На «практыцы», калі прыехаў працаваць, аказалася: горад яшчэ лепшы, чым бачылася ўпершыню.
– Вучыўся па накіраванні, таму ведаў, што адпрацоўваць буду на Гродзеншчыне, – працягвае малады доктар. – Калі прапанавалі Карэлічы або Дзятлава, адмовіўся – і ў прадстаўніка Гродзенскай вобласці папрасіўся менавіта ў Астравец – там якраз было вакантнае месца.
Нягледзячы на тое што ведаў, куды напраўляецца, хлопец хваляваўся: які калектыў, як там прымуць. Прынялі добра. Хоць калегі маладыя, аднак вопытныя – многаму навучаць, упэўнены Аляксандр. І прызнаецца: у першы дзень знаёмства з бальніцай было страшнавата. Загадчык аддзялення быў у адпачынку, яго намеснік – у камандзіроўцы, сустрэцца змог толькі з адным з урачоў, які і расказаў, што тут і як. Супакоіў.
– Астравец спадабаўся: новыя магазіны, школы і дзіцячыя сады. Чыста, – усміхаецца малады спецыяліст. – Вельмі рады, што адчуваю тут сябе добра, бо бліжэйшыя гады гэта мой дом.
Дарэчы, Аляксандру, як маладому спецыялісту, выдзелілі жыллё: пакой у кватэры, дзе жывуць яго калегі-анестэзіёлагі.
– Па сутнасці, мы ўвесь час змяняем адзін аднаго – то на рабоце, то на кухні, – смяецца Аляксандр.
ЛІЧБА35 маладых спецыялістаў у гэтым годзе прыйшлі працаваць у ЦРКБ, з іх 11 урачоў, 24 – сярэні медыцынскі персанал.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
Телеграм-канал «Островецкая правда» – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района.
