Как устроен современный профилакторий для телят на МТК «Гоза» КСУП «Гервяты»

Па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым годзе па ўсёй краіне будуюць звыш паўтысячы сучасных прафілакторыяў для цялят. 


У разрэзе вобласці наш раён выглядае вельмі годна: усяго на Астравеччыне 20 падобных аб’ектаў, у тым ліку 2 узвялі ў гэтым годзе ў дастаткова сціслыя тэрміны.

У чым перавага такога жытла для цялят, чаму краевугольным каменем у працэсе гадоўлі жывёлы з’яўляецца строгая дысцыпліна і выкананне тэхналогій – пра гэта і многае іншае карэспандэнт даведаўся на малочна-таварным комплексе «Газа» КСУП «Гервяты», дзе 18 жніўня справілі наваселле ў новым прафілакторыі. 

Кампетэнтна

Вольга Умрыхіна, першы намеснік начальніка ўпраў­лен­ня сельскай гаспадаркі і харчавання:

– Рашэннем аблвыканкама ў лютым гэтага года зацверджаны пералік сельгасарганізацый, дзе пабудуюць прафілакторыі для цялят. 

Адным з лідараў стаў наш раён. Летась на Астравеччыне ўзведзена 5 аб’ектаў, сёлета 2 – на базе МТК «Беразоўка» (аграфірма «Варняны») і МТК «Газа» (КСУП «Гервяты»).

На кожным малочна-таварным комплексе ёсць падобныя прафілакторыі для ўтрымання маладняку. Там  сучасныя кормакухні,  ёсць пастэрызатары, малочныя таксі ці транспарціроўшчыкі малака, мыйшчыкі сосак і вядзерац.

Галоўная мэта такіх маштабных інвестыцый у жывёлагадоўчую галіну – аблегчыць цяжкую працу цялятніц, аўтаматызаваць руцінныя працэсы, а таксама максімальна забяспечыць захаванасць маладняку і ўмацаваць здароўе жывёлы з першых дзён жыцця. 

Нагадаю перагісторыю МТК «Газа». Пяць гадоў назад гэты комплекс адышоў КСУП «Гервяты». Найперш тут зрабілі рэканструкцыю: перакрылі дахі ў некалькіх памяшканнях і адрамантавалі іх, усталявалі новую сістэму гноевыдалення, забетаніравалі пляцоўкі.

Паклапаціліся і пра жывёлу: рацыёны розных груп сталі збалансаванымі, у кароўніках на месцах лёжкі з’явіліся спецыяльныя дыванкі, а сумесь на сталы рагулям стаў развозіць кормараздатчык. На першы погляд можа падацца, што змяненні і не такія маштабныя, але вынік не прымусіў сябе чакаць.

Літаральна за месяц-два тут цалкам выйшлі на малако гатунку экстра, яго таварнасць дасягнула 95%, выраслі надоі і валоўка. Для параўнання: калі напачатку 2022 года за дзень з «Газы» на перапрацоўку адпраўлялі 4,5 тоны малака, то ў 2026-м – 12. Дойны статак вырас з 300 да 420 галоў. Таму на гэтым аб’екце наспела патрэба ў маштабаванні вытворчасці.

Хоць, у адрозненне ад іншых малочна-таварных комплексаў, тут не замкнуты цыкл гадоўлі жывёлы, тым не менш, быў вельмі патрэбен сучасны прафілакторый для цялят.

Узводзіць яго з нуля на тэрыторыі МТК узяліся будаўнікі з ААТ «ПЕРФАРАТАР». Яны справіліся з задачай у тэрмін: будаўніча-мантажныя работы завяршыліся ў сярэдзіне жніўня.

Кампетэнтна

Генаефа Харкевіч, начальнік МТК «Газа»:

– На комплексе я з 1983 года. За гэты час многае змянілася. Найбольш кардынальныя пераўтварэнні адбыліся, калі нас з КСУП «Варняны» «перавялі» ў «Гервяты». Надой з 12-ці кілаграмаў вырас да 28-мі, павялічылася і пагалоўе. Акрамя гэтага, цалкам адышлі ад выкарыстання зялёнай масы ў кармленні кароў, што ў сваю чаргу станоўча адбілася на малацэ. 

На комплексе і да будаўніцтва прафілакторыя добра клапаціліся пра цялят, упэўнена, што такі падыход захаваецца і надалей.

З плюсаў арганізацыі памяшкання для гадоўлі цялят – тое, што ў лепшы бок зменяцца ўмовы працы для жывёлаводаў.

Лічба

710 тысяч рублёў (крэдыт і ўласныя сродкі) затрачана на будаўніцтва прафілакторыя і набыццё неабходнага абсталявання.

Дзіцячы садок для цялят – так назвала б новы аб’ект – пабудаваны ў форме літары «П»: у цэнтры размешчана малочная кухня, ад якой адыходзяць два крылы.

Неаспрэчны плюс у тым, што прафілакторый на 152 пастановачныя месцы збудаваны з улікам прынцыпу «пуста-занята» – гэта залатое правіла тэхналогіі вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы. Напрыклад, нельга засяляць і вызваляць асобныя стойла-месцы паасобку. Секцыя павінна быць вызвалена ад жывёлы цалкам. Пасля таго як яна стала «нежылой», праводзяць грунтоўную ачыстку, дэзінфекцыю, санацыю, прасушку. Толькі пасля ў «аддзяленне» засяляюць новую групу цялят. 

Такі прынцып дазваляе мінімізаваць захворваемасць сярод маладняку.

Запаўняць прафілакторый на МТК «Газа» плануюць па меры ацёлаў. У дзень майго прыезду тут быў з дзясятак цялят; астатніх, якія нарадзіліся да ўвядзення ў эксплуатацыю аб’екта, утрымліваюць на вуліцы ў індывідуальных дамках. 

Як адзначыў дырэктар КСУП «Гервяты» Ігар Жданаў, узвесці прафілакторый – толькі палавіна справы. Куды больш важным патрабаваннем з’яўляецца няўхільнае захаванне тэхналогіі гадоўлі. Менавіта таму ў гэтай гаспадарцы (як, зрэшты, і ў іншых перадавых сельгаспрадпрыемствах) тэхналагічная дысцыпліна ўзведзена ў ранг закону.

Па вялікім рахунку, шлях да фарміравання высопрадукцыйнага статка і вялікіх надояў пачынаецца з маленькай цялушачкі. Менавіта ад першых месяцаў яе жыцця залежыць, ці вырасце добрая малочная карова. Таму штодзённы дбайны дог­ляд, збалансаванае кармленне і своечасовае правядзенне ўсіх неабходных ветэрынарна-заатэхнічных маніпуляцый набываюць сёння архіважнае значэнне.

Кампетэнтна

Дмітрый Будай, галоўны заатэхнік КСУП «Гервяты»:

– У першую гадзіну жыцця цялё з дапамогай дрэнчара выпойваюць малозівам (10% ад масы цела), каб сфарміравалася дастатковая колькасць імунаглабулінаў; а таксама не больш як на 2 гадзіны змяшчаюць пад спецыяльную лямпу і толькі потым пераводзяць у прафілакторый.

На працягу першых трох сутак малое ў ідэале атрымлівае малозіва маці. Пры вялікім прыплодзе можна выкарыстоўваць зборны прадукт.

Пры пераходзе з малозіва на малако ўводзім вітамінна-мінеральную дабаўку для стабілізацыі сістэмы стрававання.

Выпайка малаком адбываецца тры разы на дзень, на чацвёрты цяля прывучаюць да старцернага камбікорма. Пры гэтым абавязкова ў вядзерцы ёсць цёплая вада.

У прафілакторыі цяля ўтрымліваецца да 2-3 месяцаў. 

Новы цялятнік запаўняецца толькі нованароджанымі. Напрыклад, у верасні на комплексе павінны ацяліцца 42 рагулі, таму адна секцыя запоўніцца. Па папярэдніх разліках цалкам прафілакторый будзе заняты маленькімі жыхарамі да канца года.

Пакуль на МТК працягваецца абуладкаванне кормакухні і закупка неабходнага абсталявання. Заказалі мыйныя машыны для сосак і вядзерац. У планах набыць яшчэ адно малочнае таксі з функцыяй пастэрызацыі.

Пра ўсіх цялят (81 галава) клапоціцца Таццяна Тумінская: на таксі дастаўляе малако, насыпае камбікорм, налівае цёплую ваду, мые вядзерцы, падсцілае салому… У жывёлагадоўлі жанчына ўсё жыццё: з 17-ці даіла кароў, а апошнія 7 гадоў працуе цялятніцай. 

– Цяляты марозу не баяцца, галоўны вораг для іх – скразнякі, – падзялілася прафесійнымі сакрэтамі жанчына, і на яе твары з’явілася шчырая ўсмешка. – Таму вельмі добра, што ў адным памяшканні будзе сканцэнтравана ўся жывёла, а вытворчыя працэсы арганізаваны ў адным месцы. Ды і ў мяне будзе надзейны дах над галавой, бо даводзілася працаваць пад адкрытым небам. Нават у самыя лютыя маразы прыходзілася быць на нагах, клапаціцца пра маладняк, не зважаючы на стомленасць ці холад. 

Дарэчы, не толькі цялятніцы будзе прасцей працаваць, але і ветурачу праводзіць неабходныя маніпуляцыі з самымі маленькімі жыхарамі комплексу.

…Менавіта ў сучасным прафілакторыі ў першыя два-тры дні жыцця цяляці закладваецца генетычны і прадуктыўны патэнцыял жывёлы, а значыць – і эканоміка гаспадаркі. 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич