Што змянілася за дзесяць гадоў у жыцці ўрача Людмілы Шлыковіч

Людміла Шлыковіч, загадчык аддзялення неўралогіі Астравецкай ЦРКБ.

1.jpg

«Лепшы падарунак у жыцці – гэта мае дзеці. Я ўвогуле па жыцці ў першую чаргу мама, усё, што звязана з дзецьмі, для мяне – самае галоўнае. Не ўпэўнена, што гэта правільна, але ў мяне менавіта так».
(З інтэрв’ю 2010 года)

– У сакавіку 2010 года заканчвала школу і рыхтавалася да паступлення мая старэйшая дачка Ксенія, і мы вельмі хваляваліся за яе. Цяпер гэта ўспамінаецца з усмешкай. З таго часу шмат вады сплыло: Ксенія паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, закончыла яго, выйшла замуж і зрабіла мяне двойчы бабуляй: падарыла цудоўных унукаў – Цімура і Арыяну. У мінулым годзе стала студэнткай і малодшая, Валерыя, – яна вырашыла прадоўжыць сямейную справу, выбрала лячэбны факультэт Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.
Многае змянілася і на маёй любімай рабоце: не паверыце, але за столькі гадоў мне не надакучыла справа, якой займаюся ўсё жыццё. Як і раней, працую загадчыкам аддзялення неўралогіі. Але калі раней мы «кватаравалі» ў кардыялагічным аддзяленні і працавалі хоць і не ў крыўдзе, але ў неймавернай цеснаце, то цяпер у новай бальніцы, умовы проста цудоўныя! Нездарма на базе нашага аддзялення створаны рэсурсны цэнтр для пацыентаў з вострымі парушэннямі мазгавога крывазвароту, які абслугоўвае жыхароў нашага, Ашмянскага і Іўеўскага раёнаў.  Работа, вядома, цяжкая, адказная, але якая радасць, калі хворыя выздараўліваюць!
Больш прасторы – і адпаведна, работы – стала і дома: мы нарэшце закончылі будаўніцтва і перабраліся з кватэры на сваю сядзібу, цяпер  усім хапае месца: нам, дзецям і ўнукам, якія прыязджаюць амаль кожныя выхадныя.
А шчасце жанчыны, кім бы яна ні працавала і якую б пасаду ні займала, лічу, найперш у сям’і, дзецях і ўнуках: калі ў іх усё добра, калі ўсе здаровыя і вясёлыя, то кожная маці будзе шчаслівай. Гэтага ўсім і жадаю.




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.



Текст: Нина Рыбик