Семинар по охране труда прошел в Островце

охрана трудаНекалькі гадоў назад Астравецкі раён быў адным з раёнаў, у якім не было зафіксавана цяжкіх выпадкаў траўміравання работнікаў. Сёлета сітуацыя змянілася ў іншы бок. Як пазбегнуць няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, што мы робім не так і чаму людзі бяздумна ідуць на парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі – атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна было падчас семінара па пытаннях заканадаўства аб ахове працы, які на мінулым тыдні прайшоў у Астраўцы пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама П.В. Мілешкі.

Намеснік пракурора Астравецкага раёна Дзмітрый Анатольевіч Дамарад яшчэ раз нагадаў кіраўнікам прадпрыемстваў пра адказнасць пры парушэннні заканадаўства аб працы.
Нягледзячы на тое, што ўсе ведаюць артыкулы закона, не ўсе лічаць патрэбным іх выконваць. Адсюль і няшчасныя выпадкі. У сваім выступленні Дзмітрый Анатольевіч падрабязна спыніўся на няшчасных выпадках, па якіх узбуджаны крымінальныя справы. І ў чарговы раз заклікаў адказных за ахову працы да забеспячэння бяспечных умоў, каб пазбегнуць падобных выпадкаў. Пра выкананне патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства гаварыла Вольга Генадзьеўна Крукава з раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
– Сёлета пры правядзенні планавых праверак мы сутыкнуліся з праблемай праходжання работнікамі прадпрыемстваў і арганізацый прафаглядаў, – адзначыла Вольга Генадзьеўна. – Не заўсёды ў арганізацыях разумеюць адрозніванне паміж вадзіцельскай і медыцынскай камісіяй па прафесіі.
Начальнік Смаргонскага міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Аляксандр Мікалаевіч Асмолік звярнуў увагу на стан вытворчага траўматызму ў раёне. А сваё выступленне падмацаваў відэасюжэтамі з будаўнічых пляцовак. Толькі ўбачыўшы, што іх здымаюць, «героі» відэаролікаў пачыналі карыстацца страховачнымі рамянямі і выконваць іншыя правілы тэхнікі бяспекі.
– Здараецца, што ў няшчасным выпадку вінаватыя самі работнікі, аднак адказнасць з наймальнікаў ніхто не здымаў, – падкрэсліў у сваім выступленні Аляксандр Мікалаевіч.
Пра патрабаванні да выплаты заработнай платы, прыём на работу і налічэнне адпускных гаварыла ў сваім паведамленні галоўны дзяржаўны інспектар працы Смаргонскага міжраённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Святлана Юр'еўна Шатохіна.
Напрыканцы семінара яго ўдзельнікі змаглі застацца на асабісты прыём, які правялі яго арганізатары.


Алена ЯРАШЭВІЧ


Фото с сайта rsed.pnzreg.ru