Самодельная книга островчан стала победительницей областного конкурса
Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшую самаробную кнігуЯшчэ ў маі абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага аб'явіла конкурс на лепшую самаробную кнігу – і астравецкія бібліятэкары ўзяліся за распрацоўку ідэі, хаця стаць удзельнікамі конкурсу маглі ўсе жадаючыя. Але на прапанову бібліятэкараў адгукнуліся нямногія: у выніку на раённы конкурс было прадстаўлена толькі пяць кніг. Затое якіх!
– На абласны конкурс мы вырашылі адправіць усе пяць кніг, таму што кожная з іх заслугоўвала ўвагі. Так, бібліятэкары Гудагайскай і Палушскай сельскіх бібліятэк Анджэла Кукаловіч і Наталля Баран падрыхтавалі кнігу з бяросты – дарэчы, яна карысталася вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў выставы ў Шчучыне. У Гродна таксама адправіліся кнігі, зробленыя бібліятэкарам Варнянскай сельскай бібліятэкі Аленай Багдановіч і былой настаўніцай Варнянскай школы Людмілай Кухарэвіч, а таксама аўтарскія кнігі Любові Коўшык з Падольскай бібліятэкі і Марыі Вішнеўскай і Ганны Садоўскай з Варонскай бібліятэкі і Трокеніцкай бібліятэкі-клуба, – расказала загадчыца Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава.
Паехала ў Гродна і кніга «Астравеччыны маладая рунь», падрыхтаваная творчым калектывам у складзе загадчыцы аддзела бібліятэчнага маркетынгу Вольгі Тварагаль, мастака-афарміцеля Людмілы Міжыгурскай, загадчыцы раённай бібліятэкі Наталлі Ачарэтавай і майстроў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Пятра Праўко і Аксаны Вакуліч.
І гэтую работу па заслугах ацанілі члены абласнога журы. Астравецкая кніга-скарбніца была ўзнагароджана Дыпломам І ступені Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і Ганаровай граматай Гродзенскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі.– Усе кнігі, якія былі прадстаўлены на конкурс, былі незвычайнымі і прыгожымі – і журы было вельмі складана выбраць з іх самую лепшую, – падзялілася ўражаннямі Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава. – Вельмі прыемна, што ўсім астравецкім самаробным кнігам знайшлося месца на выставе ў Шчучыне. Яшчэ большую радасць выклікала ўзнагароджванне і высокая ацэнка нашай творчасці.
На жаль, па ўмовах конкурсу кнігі-пераможцы не вяртаюцца аўтарам, але супакойвае тое, што ў хуткім часе астравецкай кнігай можна будзе палюбавацца ў абласной бібліятэцы.
----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
