Матчына мова ці русский язык: што выбіраем?

Вы заўважалі, што галоўныя, самыя дарагія словы ў нашым жыцці – «Радзіма», «зямля», «маці» (пералік можаце прадоўжыць) – жаночага роду? У тым ліку і мова, якую нездарма часта завуць матчынай.

Мова – зусім не тое, што язык, якім часта трэплюць без патрэбы і які часам справядліва раяць прыкусіць. А на мове  мовяць: размаўляюць, вымаўляюць, прамаўляюць, замаўляюць… Для іншых патрэб ёсць іншыя словы і азначэнні: можна жартаваць, пасміхацца, ушчуваць, пагражаць, лаяцца.

Але слова «мова» да падобных стасун­каў не падыходзіць. Яно святое, сакральнае. Як і маці, матуля – пагадзіцеся, гэта не зусім тое, што мамка, мамачка, матухна і іншыя вытворныя, магчыма, не менш ці нават больш ласкавыя і пяшчотныя, але з іншым значэннем.

Не проста шкада, а вельмі балюча, што прарочы наказ Францішка Багушэвіча «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі» мы ўспамінаем усё радзей, пры нагодзе, калі надарыцца чарговае беларускае свята ці сустрэча з беларускамоўным пісьменнікам. А ў астатні час імкнёмся быць «як усе»,
размаўляючы ў лепшым выпадку на трасянцы (хто б калі сказаў, што я назаву трасянку «лепшым выпадкам»!), а ў горшым ламаем свой генетычна «заточаны» пад беларускія словы і гукі моўны апарат, імкнучыся гаварыць «па-руску». Хоць пры гэтым наша беларускасць чутна з першага ж слова. І тады прыдумваем сабе апраўданні: не хочацца выдзяляцца, не зразумеюць…

Хоць, як паказвае практыка, у тым ліку і мая асабістая, калі пачаць гаварыць па-беларуску, то акажацца, што «не такіх, як усе» шмат больш, чым мы можам сабе ўявіць. Проста яны таксама імкнуцца «не выдзяляцца». А калі з імі пачынаюць размаўляюць, а не разговаривать, шчыра радуюцца – сведчу гэта таксама з уласнага досведу. Гэта такая асалода: стасавацца з суразмоўцам на роднай мове! Як крынічнай вады напіцца…

Нехта, прачытаўшы гэтыя радкі, усміхнецца: а сама?

Гэты камень справядліва пацэліў у мой агарод. Так, і сама такая…

Быў час, калі размаўляла і пісала выключна па-беларуску. Потым – я ж таксама дачка нашага талерантнага народа, які імкнецца для ўсіх быць добрым, памяркоўным, зразумелым, – выбрала пазіцыю: як да мяне звяртаюцца, так і адказваю. Аказалася, што гэтая пазіцыя не выключная – і вось ужо нават з тымі, хто ведае і любіць мову, мы разговариваем. Апраўдваю сябе: не адна такая, ад мяне мала што залежыць, ёсць пэўныя абставіны, матэрыялы пэўнай тэматыкі, героі, пра якіх лепш пісаць па-беларуску. І разумею, што ў большасці выпадкаў гэта толькі апраўданні.   

Грэшная, каюся…

Ці абяцаю больш не грашыць? Пастараюся… Не ўпэўнена, што атрымаецца. 

Да прыкладу, закончу пісаць гэты ма­тэ­­рыял – і пайду на інтэрв’ю да гасцей Астраў­ца, якія прыехалі з Казахстана. Калі буду гаварыць з імі па-беларуску, а яны са мной – па-казахску, то мы, вядома ж, не паразумеемся. І матэрыял пасля гэтага інтэрв’ю, напэўна, буду пісаць па-руску: хочацца ж, каб і ў Казахстане яго прачыталі…

*Проект реализуется  за счёт средств целевого сбора по созданию национального контента.
Текст: Нина Рыбик