"Репортер выходит в свет". Кого благодарят за здоровье островчане

2
Напярэдадні Дня медыцынскага работніка наш карэспандэнт распытаў жыхароў горада і раёна, як часта яны звяртаюцца да ўрачоў і каму б з іх хацелі падзякаваць.

Часлава Лушчыцкая, пенсіянерка (без фота):
– Нараканняў на работу нашых урачоў няма. Па стану свайго здароўя сустракаюся з імі часцей, чым хацелася б. Шчыра дзякую Сяргею Івашку, які паставіў мяне на ногі – і зараз я жыву і радуюся жыццю. Мне падабаецца, як працуе псіхатэрапеўт Юлія Карагода. Шкада, што яе рабочы кабінет перанеслі ў іншае месца.

Федаровіч2Данута Федаровіч, пенсіянерка:
– Я да ўрачоў стараюся трапляць як мага радзей. Сачу за сваім здароўем: час ад часу раблю зарадку, займаюся прафілактыкай захворванняў. Добра ў барацьбе з самымі рознымі хваробамі дапамагае фізічная праца: калі чалавек заняты – у яго няма часу хварэць. Ну, а калі ўжо не спраўляюся з хваробай самастойна, то тады, зразумела, іду ў паліклініку.
Доктар Філатава – мой любімы ўрач: заўсёды вельмі ўважліва да сваіх пацыентаў адносіцца.

Леанарда Буц, пенсіянерка (без фота):
– У нашай бальніцы бываю часта. Мой тэрапеўт – малады ўрач Дзяніс Пупейка заўсёды і выслухае, і аналізы прагледзіць уважліва, і раскажа што ад чаго і для чаго прымаць трэба – цудоўны доктар!
Хачу падзякаваць свайму неўрапатолагу Галіне Пуляк – таксама “залаты” ўрач. А ўвогуле, лічу, што мне на дактароў заўсёды шанцуе. І ў працэдурным кабінеце працуюць дзяўчаты, прабачце, прозвішчаў не памятаю, з залатымі сэрцамі і такімі ж рукамі: у мае дрэнныя вены з першай спробы іголкай трапляюць.

Вера Янушэўская, хатняя гаспадыня (без фота):
– У бальніцу звяртаюся рэдка. Як, напэўна, і кожны чалавек крыху ў леках разумею: ведаю калі аспірын прыняць, калі парацэтамол, калі анальгін. Стараюся не хварэць – вельмі гэта накладна. Да ўрачоў звяртаюся хіба што, калі ўжо моцна прыцісне ці трэба медыцынскую камісію праходзіць.
Нашай бальніцы, лічу, шанцуе на кваліфікаваных урачоў і добры медперсанал: больш сталыя – вопытныя, а моладзь – скурпулёзная і дасціпная.

ЛипскиВіктар Ліпскі, вадзіцель:
– У нашай бальніцы я бываю часта. Хочаш-не хочаш, а захварэў – мусіш ісці да доктара. Задавальняе, што адносіны да пацыентаў у нас чулыя. Асаблівую падзяку хацеў бы выказаць Галіне Пуляк і Людміле Шлыковіч. Адзінае, што крыху нервуе, часам доўгія чэргі  ў рэгістратуры.

Антон ЧЫК