Пра гісторыю бытавой службы ў Астраўцы і Дайлідках расказваюць вет эраны
На гэты раз Казімір Станіслававіч расказаў пра мінулае бытавога абслугоўвання ў Дайлідках і пра ўмелых, майстравітых людзей, якія жылі ў гэтым краі.
А мы вырашылі пашырыць гэту тэму і ўспомніць сістэму бытавога абслугоўвання Астравеччыны – у свой час гэта быў значны напрамак сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, перш за ўсё вясковага, і астравецкая «бытоўка» знаходзілася на перадавых пазіцыях у вобласці і нават у краіне.
Майстры і майстрыхі
– Нашы продкі заўсёды імкнуліся перадаваць свае навыкі і майстэрства дзецям і ўнукам – так утвараліся дынастыі, – расказаў Казімір Станіслававіч. – Да прыкладу, у Тракелях была слынная дынастыя сталяроў Чарнушэвічаў. Бацька Раман і сыны Раман і Юзаф умела працавалі з дрэвам, маглі зрабіць вокны, дзверы. Раней не было сучасных рытуальных службаў і калі нехта паміраў, з просьбай зрабіць труну звярталіся да Чарнушэвічаў. Раман нікому не адмаўляў. І ніколі не браў грошы за работу. Ён быў глыбока веруючы чалавек і казаў: «За тое, што я раблю сваю справу бясплатна, Бог сцеражэ мяне і маю сям’ю: мы ніколі не пакалечыліся падчас работы». А яго жонка Вераніка была добрай краўчыхай: шыла людзям адзенне на заказ і, калі муж з сынамі рабілі труну, прыгожа яе аздабляла. Таксама можна ўзгадаць тракельскія дынастыі сталяроў і будаўнікоў Эдуарда і Станіслава Баніцэвічаў. Сем’і Чарнушэвічаў і Баніцэвічаў, а таксама Ян-Казімір Гіруць і Міхаіл Матыяшкойць з вёскі Міжаны дапамагалі, калі ў 1990 годзе мы ўзяліся аднаўляць дайлідскі касцёл. Ігнат Рзун, дзед старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі Марыны Кутовіч, Франц Грудзінскі, Антон Захарэўскі, Станіслаў Рабчун падсаблялі, калі ў 1924-1929 гадах касцёл будавалі.Узгадаў Казімір Станіслававіч і мясцовых кавалёў: Віктара Багдановіча з Дайлідак, Юзафа Гродаля з Вялікіх Якентан, Уладзіміра Пілецкага, які жыў на хутары паміж Ажуройсцямі і Свіршчызнай. Цудоўныя кормазапарнікі рабіў Вінцэнт Рэкець – да яго звярталіся з заказамі з усёй акругі.
Цёплым словам успомніў Казімір Варановіч майстроў, якія ўмелі працаваць з дрэвам і жалезам: Міхаіла Гродаля з Дайлідак, Віктара Герасіма, сем’і Стурлісаў і Яроміных з Ажуройсцяў. Станіслаў Багдановіч з Малых Якентан, дзед вядомых на Астравеччыне мастачак Тарэсы Варановіч і Ірэны Герасім, некалі дапамагаў у будаўніцтве гервяцкага касцёла.
Практычна ў кожнай вёсцы мелася свая краўчыха. Многія з іх не толькі былі адмысловымі майстрыхамі, але і вучылі свайму рамяству іншых. З такіх Юзэфа Лапун з вёскі Мілайшуны. Яна набірала вучаніц на тры месяцы, за кожны ёй плацілі на 2 пуды (32 кг) жыта. Шыць у яе вучыліся Станіслава Урбановіч, Леакадзія Ратомская і многія іншыя.
Славіліся сваім майстэрствам Ганна Гіруць в вёскі Міжаны, Ганна Карвэцкая і Тарэса Замара з Субялёў, Яўгенія Стурліс з Ажуройсцяў, Станіслава Багдановіч, Тарэса Захарэўская, Вераніка Кузьмітовіч (дачка першага старшыні калгаса Ігната Рзуна) з Дайлідак.
Былі сярод краўцоў і мужчыны. Ян Рыпінскі з Новых Якентан адмыслова шыў кажухі – усё раённае начальства заказвала ў яго абноўкі. Праблем з сыравінай не было: авечкі гадаваліся ледзь не ў кожным двары, а скуры выраблялі ў Літве.
Нараджэнне і росквіт дайлідскай службы быту
Першая бытоўка ў Дайлідках была створана ў 1960 годзе. Яна размяшчалася ў доме Станіславы Багдановіч – гаспадыня стала яе загадчыкам. Акрамя самой Станіславы, працавалі тут Тарэса Захарэўская з Дайлідак і Марыя Тарашкевіч з Тракель.У 1971 годзе ў Дайлідках пабудавалі асобнае памяшканне, дзе размясціўся комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання. Станіслава Багдановіч выехала ў Вільню, і «бытоўкай» стала загадваць Ганна Барткевіч. Пад яе кіраўніцтвам дайлідская служба быту дасягнула сапраўднага росквіту.
Ганна Барткевіч
Ганна Браніславаўна нарадзілася ў 1929 годзе ў Ашмянскім раёне ў мнагадзетнай сям’і, дзе выхоўвалася сямёра дзяцей. Пасля заканчэння сямігодкі дзяўчына паехала вучыцца ў Маладзечна, дзе атрымала спецыяльнасць тэхнолага харчовай прамысловасці. Працавала на Ашмянскім масласырзаводзе, у Смаргонскім райспажыўтаварыстве, на Сольскім гароднінасушыльным заводзе…У 1971 годзе яна ўзначаліла новапабудаваны Даўкшышскі комплексны прыёмны пункт – менавіта так ён называўся, хоць пасля 1949 года вёскі Даўкшышкі, Двор Даўкшышкі, Андрэеўшчызна, Каралюны і Дайлідкі былі аб’яднаны ў адну, якая стала называцца Дайлідкі.
Пад кіраўніцтвам Ганны Барткевіч Даўкшышскі КПП заўсёды перавыконваў планы, станавіўся пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва не толькі ў раёне, але і ў вобласці, а саму Ганну Браніславаўну адзначалі ганаровымі граматамі рознай вартасці і іншымі ўзнагародамі: медалём «За працоўныя заслугі», знакамі «Ударнік працы», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» і іншымі.
Ганна Барткевіч, Вераніка Кузьмітовіч, Аліна Балтрукевіч, Тарэса Захарэўская
У Даўкшышскім КПП можна было не толькі пашыць новую сукенку ці пінжак, звязаць модную кофту ці шаль, але і заказаць металічную печку, кормазапарнік, мэблю і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.– Ганна Браніславаўна была шчырай каталічкай, – расказвае Казімір Станіслававіч. – У Дайлідках у той час касцёл быў зачынены, і яна прымала актыўны ўдзел у жыцці Сольскай парафіі. Стала хроснай маці амаль для сарака дзяцей. Вучыла людзей жыць па Божых запаветах, старалася давесці дзяцей да першай камуніі, а маладых – да шлюбу.
На Даўкшышскім КПП Ганна Браніславаўна працавала да выхаду на пенсію і яшчэ два гады пасля таго, да 1986 года.
– Памерла яна светла і чыста, як і жыла, – узгадвае Казімір Варановіч. – Пасля імшы вярнулася дахаты, прылегла адпачыць – і не прачнулася. Пахавалі яе з вялікай пашанай і ўдзячнасцю за ўсё зробленае.
З 1986 года і да 1993-га Даўкшышскі КПП узначальвалі Крысціна Сапсаева і Таццяна Барыс.
А затым пачалася перабудова з усімі яе наступствамі. У 1993 годзе Даўкшышскі КПП быў зачынены, будынак перадалі пад жыллё.
У 2009 годзе была спроба рэанімаваць службу быту ў Дайлідках: побач з калгаснай канторай пабудавалі новы комплексны прыёмны пункт. Яго загадчыкам прызначылі Вольгу Лазоўскую, затым тут працавалі Наталля Маркун, Алена Барташэвіч.
У 2022 годзе «бытоўку» ў Дайлідках зачынілі, будынак аддалі ў арэнду прадпрымальніку, які адкрыў там магазін.
Як у кроплі вады…
Кропля марской вады, вядома, не з’яўляецца морам, але яна захоўвае ўсе якасці і ўласцівасці таго вадаёма, адкуль яе ўзялі. Гэтаксама ў гісторыі дайлідскай «бытоўкі», пра якую расказаў Казімір Варановіч, адлюстроўваюцца ўсе працэсы, што адбываліся ў той час у раённай службе быту.
Новы тыповы будынак райбыткамбіната – той, дзе затым размясціўся раённы суд і іншыя юрыдычныя службы. Але ўжо ў 80-я гады вырашылі, што райцэнтру патрэбен новы Дом быту, які павінен быў стаць (і стаў!) дамінантай, упрыгожаннем цэнтральнай часткі тады яшчэ гарадскога пасёлка.
– Ужо быў праект, стала паступаць абсталяванне, а займацца такой маштабнай будоўляй не было каму, – успамінае Ганна Варэйка, былы дырэктар райбыткамбіната. – Тады мне і прапанавалі ўзначаліць раённую службу быту.
Прыгожы чатырохпавярховы будынак узвялі ў сціслыя тэрміны. Рабочым мясцовай ПМК дапамагалі работнікі камбіната: у першую палову дня выконвалі свае непасрэдныя абавязкі, пасля абеду фарбавалі, клеілі шпалеры, мылі, чысцілі… І нарэшце справілі наваселле!
Дарэчы, не толькі ў галоўным будынку. Пабудавалі яшчэ 7 гаражных блокаў: тэхнікі было шмат, 10 аўтамабіляў трэба было недзе захоўваць. А калі ўзніклі праблемы з палівам, то і сваю запраўку зрабілі. (Старэйшыя жыхары Астравеччыны памятаюць, што ў тыя часы адзіная заправачная станцыя ў раёне была ў Міхалішках, а ўсе арганізацыі і прадпрыемствы выкручваліся, як маглі: ці будавалі ведамасныя – тады гэта было магчыма, ці арандавалі).
– Пазней прывялі ў парадак сельскія комплексныя прыёмныя пункты – іх у раёне было больш за 20, у кожнай вялікай вёсцы, – расказвае Ганна Мікалаеўна. – Найбольш паспяховыя: Клюшчанскі КПП, якім загадвала Юзэфа Валуевіч, Страчскі – Альдона Валуевіч, Міхалішкаўскі – Надзея Коўзан, Дайлідскі – Ганна Барткевіч. Зрэшты, на ўсіх аказваўся комплекс паслуг. На кожным было па некалькі швачак і краўчых. У кожны па графіку раз на тыдзень выязджаў цырульнік. Прымалі абутак у рамонт, рэчы ў хімчыстку – іх адпраўлялі ў Ліду, бялізну на мыццё – пральня была свая і працавала яна кругласутачна – столькі было заказаў…
Каб уся гэтая вялікая гаспадарка дзейнічала зладжана і без збояў, патрабавалася добрая дыспетчарская служба. Тры чалавекі збіралі заяўкі з вясковых КПП, камплектавалі маршруты, перадавалі заказы на Гродна і Ліду… Кіравала ўсім працэсам загадчык дыспетчарскай Галіна Базюк.
– У нас працаваў вялікі калектыў, каля 80 чалавек, – успамінае Ганна Варэйка. – У большасці сваёй – добрасумленныя, старанныя працаўнікі. Мая апора – Соф’я Кляпцова, інжынер швейнага цэха, Марыя Дубень, намеснік галоўнага бухгалтара – у абедзвюх адзін запіс у працоўнай кніжцы: прынята на работу… З удзячнасцю ўспамінаю сумесную работу з майстрам швейнага цэха Сабінай Паршутовіч, галоўным тэхнолагам Зінаідай Радзевіч, бухгалтарам Галінай Субач…
Асаблівай папулярнасцю карысталіся вязаныя вырабы, якія выпускалі ў трыкатажным цэху. Яшчэ да развалу Саюза тут закупілі японскія вязальныя машыны. Наконт пражы і якаснай фурнітуры, якія, як і ўсё ў той час, былі ў дэфіцыце, таксама трэба было дамаўляцца з вытворцамі, але якасць радавала. Астравецкі трыкатаж ахвотна набывалі (жадаючыя заказвалі) не толькі мясцовыя модніцы – яго прадавалі на рынках ў многіх гарадах Беларусі і нават Літвы, якая тады яшчэ не лічылася замежжам.
У цырульні працавалі дзве залы: мужчынская і жаночая.
Папулярнасцю карысталіся паслугі фатаграфіі: для кожнай сям’і справай гонару з’яўляўся штогадовы партрэт. Ды і ўвогуле было модна абменьвацца з сябрамі фотакарткамі з наіўнымі надпісамі кшталту «Если встретиться нам не придётся, то жестокая наша судьба. Пусть на память тебе остаётся фотокарточка эта моя».
Абутак не толькі рамантавалі, але і заказвалі яго індпашыў – заказы выконвалі ў Гродна.
У час усеагульнага дэфіцыту вялікім попытам карыстаўся выраб мэблі – так званых сценак і мяккіх куткоў. Рабілі яе ў Смаргоні, на Астравец па разнарадцы выдзялялі некалькі набораў і за імі запісваліся ў чаргу.
У сталярным цэху працавала 4 чалавекі, якія выконвалі заказы на вырабы трун (яшчэ не было рытуальных службаў і ўсе клопаты па пахаванні нябожчыка; ад вырабу труны і да «дамовіцца з машынай» клаліся на плечы родзічаў – не хочацца ўспамінаць, які гэта быў жах!). Акрамя таго, быткамбінатаўскія сталяры рабілі крэслы, сталы, лаўкі.
Прымалі ў бытоўцы і заказы на выраб металічных агароджаў, надмагільных помнікаў.
Адрамантаваць тут можна было ўсё што заўгодна: ад штаноў і ботаў да гадзіннікаў і складанай бытавой тэхнікі.
Вяскоўцы і жыхары прыватнага сектара маглі заказаць пераворванне агародаў і прысядзібных участкаў.
Раённыя бытавікі ціснулі сок (якой запатрабаванай была б гэтая паслуга ў сёлетні ўраджайны на яблыкі год!), капалі калодзежы, здавалі на пракат дарагія і патрэбныя непрацяглы час рэчы і бытавую тэхніку.
Што, не верыцца, што ўсё гэта было ў нашым Доме быту? Вось і мне, якая яшчэ застала гэты шматаблічны калейдаскоп бытавых паслуг, – з цяжкасцю…
– За час маёй работы ў «бытоўцы» змянілася шэсць кіраўнікоў, – гаворыць Галіна Субач, шматгадовы галоўны бухгалтар камбіната бытавога абслугоўвання. – Пачынала яшчэ пры Ганне Мікалаеўне Варэйцы, затым непрацяглы час дырэктарам працаваў Мікалай Мікалаевіч Ялоўскі – менавіта ён і прызначыў мяне галоўным бухгалтарам. Яго на гэтай пасадзе змяніла Галіна Іванаўна Зянюк, вельмі моцны кіраўнік, якая шмат зрабіла для раённай службы быту. Пасля яе «бытоўку» ўзначальвалі Наталля Анатольеўна Селівон, Валянціна Міхайлаўна Ляцкая. Апошнім дырэктарам раённага камбіната бытавога абслугоўвання была Святлана Юр’еўна Фалевіч, цяпер ужо Дзятко. У 2022 годзе арганізацыя перастала існаваць: у выніку рэарганізацыі яна была далучана да РУП ЖКГ.
…Ад раённага камбіната бытавога абслугоўвання сёння засталася толькі прыгожая шыльда на фасадзе ды з паўдзясятка бытавых паслуг, якія ў арэндаваных памяшканнях аказваюць прыватныя прадпрымальнікі.
Але не трэба стагнаць: «няма таго, што раньш было» і ўспамінаць, што некалі і цукар быў саладзейшы, і вада макрэйшая. Ва ўсім свеце бытавыя паслугі аказваюць прыватнікі. Будзем спадзявацца, што яны, гнуткія да патрабаванняў і хістанняў рынку, змогуць задаволіць патрэбы спажыўцоў – вось і на вёску, як паведамляла наша газета, некаторыя з іх ужо паехалі. Не намі сказана: новае – гэта добра забытае старое. Можа, і вясковыя КПП адродзяцца, хай сабе і ў новым выглядзе.
Але, вітаючы новае, давайце помніць былое…