Подведены итоги конкурса на лучшую частушку про "Астравецкую праўду"
Лета ў нас з вамі, шаноўныя чытачы, выдалася не толькі плённае (спадзяюся, што дароў палёў-лясоў-агародаў усе назапасілі ўдосталь, каб увосень ды ўзімку не надта перажываць з-за сусветнага крызісу і курсу долара), але і вясёлае – бо мы з вамі не толькі грады палолі, ягады збіралі, марынады закатвалі, варэнні варылі, але і вясёлыя прыпеўкі прыдумвалі ды спявалі. І прысвячалі іх нашай агульнай сяброўцы, дарадцы, суразмоўцы – раённай газеце “Астравецкая праўда”.Пастараліся вы, даражэнькія, на славу: у конкурсе прыпевак прынялі ўдзел 10 нашых чытачоў, прычым не толькі з Астравецкага раёна, але і з-за яго межаў, дзе таксама нямала прыхільнікаў нашай “раёнкі”. На конкурс было даслана 76 куплетаў і нават цэлы спектакль прыпевак – і ўсё лета вы маглі іх чытаць на старонках газеты і спяваць – сяброўкам, суседкам, мужу, дзецям, унукам… Ці хоць самім сабе – дзе ж яшчэ знойдзеш такога ўдзячнага і прыхільнага чытача? Такі вось у нас атрымаўся шматгалосы і вясёлы канцэрт!
Дарэчы, пра канцэрт – гэта не дзеля чырвонага слоўца. Канцэрт з вашых прыпевак і сапраўды адбыўся. І нават не канцэрт, а цэлы спектакль у чатырох дзеях – ідэю яго падказаў у сваім конкурсным варыянце (за гэта яму – асобная і асаблівая падзяка!) Станіслаў Курыла.
І ў гэтага спектакля былі свае ўдзячныя і захопленыя слухачы і гледачы. Прычым не дзе-небудзь, а на Дне беларускага пісьменства ў Шчучыне, дзе “Астравецкай праўдзе” было прапанавана прадставіць сваю газету. Мы і прадставілі, даўшы слова вам, нашы чытачы: гэта ж вы ў сваіх прыпеўках дзе падхвалілі газету і журналістаў, а месцамі і солі-перцу падсыпалі – усё, як належыць… Аснову спектакля склалі прыпеўкі Нічыпара Шэранькага, Станіслава Курылы, Рэгіны Дрэма, Ганны Трубіцкай, Соф'і Багдановіч, Францішкі Дзятловіч. Дапамаглі нам агучыць творчасць нашых чытачоў і ўвасобіць спектакль прыпевак у сапраўдны сцэнічны нумар работнікі культуры Юрый Інаровіч, Вікторыя Касцюк, Анастасія Мажэйка. Ну а рэп па-запраўску прачытаў наш фотакарэспандэнт Антон Мальшэўскі. “На падтанцоўцы” ў дызайнерскіх сукенках, па-майстэрску пашытых са старых выпускаў “Астравецкай праўды” народным майстрам Валянцінай Віннічак, выступілі нашы таленавітыя і прыгожыя журналісткі Марына Мацкевіч і Святлана Фёдарава. Усім вялікі дзякуй!
Спектакль, скажам без залішняй сціпласці, атрымаўся што трэба і выклікаў захопленыя водгукі і гучныя авацыі гледачоў. Зрэшты, вы можаце і самі яго пабачыць: на сайце “Астравецкай праўды” зараз размешчаны відэаролік гэтага выступлення.
І заканамерна, што, падводзячы вынікі конкурсу прыпевак, мы знаходзіліся пад уражаннем гэтага спектакля – таму і прызавыя месцы вызначалі, зыходзячы з укладу таго ці іншага канкурсанта ў агульную справу.
Такім чынам, гран-пры было вырашана аддаць Станіславу Курылу – за цудоўную ідэю прыпевачнага спектакля ў чатырох дзеях. Да таго ж у спектакль былі ўклю-чаны многія прыпеўкі Станіслава: адна з дзей, “Прыпеўкі ў стылі рэп”, цалкам належыць яго пяру.
Першую прэмію рэдакцыйнае журы вырашыла аддаць Нічыпару Шэранькаму з Перавознікаў – дасланыя ім на конкурс прыпеўкі амаль што цалкам былі ўключаны ў наш спектакль.
Другая прэмія паляціць у вёску Ліпкі да Рэгіны Дрэма – яна таксама нямала пастаралася. А гледачы дзякуючы яе старанню – нямала пасмяяліся.
А трэцюю прэмію мы адпраўляем за межы раёна, Францішцы Дзятловіч з аграгарадка Граўжышкі Ашмянскага раёна: дзякуй ёй і за ўвагу да нашай газеты, і за прыпеўкі. Спадзяемся, што гэта не апошняя перамога Францішкі Сцяпанаўны ў рэдакцыйных конкурсах.
Зрэшты, апошняе спадзяванне-пажаданне тычыцца ўсіх. Конкурсы рэдакцыя праводзіць часта, самыя розныя. Так што стаць іх пераможцам ёсць шанс у кожнага.
Ну а зараз віншуем пераможцаў.
Астатнім жа нагадваем: працягваецца падпіска на газету “Астравецкая праўда” на чацвёрты квартал. Так што выпісвайце, чытайце, падтрымлівайце нас, спрачайцеся ці крытыкуйце – словам, будзьма разам.
І будзем сябраваць і надалей!
---------------------------------------------------------------
Старшыня рэдакцыйнага журы Ніна РЫБІК.
