Падлеткі Астравеччыны загадзя паклапаціліся пра занятак летам

Чым заняцца моладзі на канікулах, калі да запланаванага падарожжа яшчэ шмат часу, ад ляжання на канапе баляць бакі, а хочацца яшчэ і грошай падзарабіць? Адказ на гэта ведаюць у раённай маладзёжнай арганізацыі.

– Канешне ж, загадзя запісацца ў студатрады! – адразу патлумачыла першы сакратар райкама Віялета Алексеявец. – Ужо з зімы мы праводзім акцыі па прапагандзе студатрадаўскага руху. Хоць, шчыра кажучы, цяпер яны не вельмі патрэбныя – падлеткі ўжо добра ведаюць, што гэта такое і становяцца ў чаргу, каб туды запісацца, – жадаючых шмат. Сёлета плануецца працаўладкаваць 330 чалавек. Будзе створана 16 атрадаў – экалагічныя і сельскагаспадарчыя. Юных памочнікаў прымуць на падпрацоўку ўсе КСУПы, саўгас, лясніцтвы і РУП ЖКГ.

– Дзейнічаць студатрады будуць на працягу ўсяго лета: адны – у чэрвені, іншыя – у ліпені і жніўні, – расказала маладзёжны лідар. – Спадзяюся, усе застануцца задаволенымі. У любым выпадку, гэта будзе для падлеткаў карысны вопыт і магчымасць самім зарабіць грошы. Дарэчы, як і ў папярэднія гады, кожны дзень студатрадаўцаў будуць чакаць спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы, а таксама валанцёрская работа.


Текст: