У Астравецкім райкаме прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму новы лідар

16:00 / 03.10.2025

У шматфункцыянальным комплексе прайшоў пленум Астравецкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Падчас яго абралі новага прафсаюзнага лідара.

Напачатку прысутных прывітаў старшыня абласнога галіновага абкама Дзяніс Малевіч, а таксама павіншаваў актывістаў з 35-годдзем з дня ўтварэння Федэрацыі прафсаюза Беларусі, а работнікаў дзіцячай школы мастацваў – з надыходзячым прафесійным святам, Днём настаўніка.


– Жыццё не стаіць на месцы і ўносіць карэктывы ў нашу дзейнасць, але разам з тым нашы задачы застаюцца ранейшымі. Самае галоўнае – абарона інтарэсаў членаў прафсаюза. Безумоўна – гэта аб’ёмнае і шырокае паняцце, але разам з тым мы працуем у многіх накірунках: аказваем прававую дапамогу, цесна супрацоўнічаем з сацыяльнымі партнёрамі, агранізоўваем культурна-масавую работу, садзейнічаем фарміраванню здаровага клімату ў калектывах і аздараўленню работнікаў, – адзначыў Дзяніс Віктаравіч. – У апошні час актыўна праводзім маніторынгі па пытаннях прыцягнення працаўнікоў да работы ў выхадныя і святочныя дні і аплаты працы.

Дзяніс Малевіч падрабязна спыніўся на асноўных аспектах прафсаюзнай работы: ахове працы, арганізацыі і правядзенні турыстычных мерапрыемстваў і паездак, аздараўлення і многага іншага.


– Па аб’ектыўных прычынах пост старшыні райкама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму пакінула Таццяна Ермолава, якая хоць і не працяглы час узначальвала райком, але ўнікала ва ўсе пытанні, за што ёй вялікая ўдзячнасць, – адзначыў Дзяніс Малевіч і ўручыў Падзяку былому лідару.


Для абрання новым старшынёй райкама лідар абласной прафсаюзнай арганізацыі прапанаваў прысутным кандыдатуру загадчыка аддзела кінавідэаабслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці Іны Кавалеўскай. Удзельнікі пленума адзінагалосна падтрымалі гэтую прапанову. Казначэем стала адміністратар гэтага аддзела Марына Коўшык.


Віншаванні Іне Іванаўне адрасавалі загадчык сектара культуры Ангеліна Навасельская і калегі па прафсаюзным цэху.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич