Сеюць азімыя, убіраюць бульбу, буракі і кукурузу на палях КСУП “Гудагай”
Восень – адзін з самых напружаных перыядаў для аграрыяў. У гэтую пару яны шчыруюць па многіх накірунках: завяршаюць сяўбу азімых збожжавых культур, капаюць бульбу і буракі, убіраюць кукурузу на сілас. Карэспандэнт “раёнкі” на мінулым тыдні даведаўся, як з гэтым фронтам работ спраўляюцца ў адным з самых паспяховых сельгаспрадпрыемстваў раёна – КСУП “Гудагай”.
СЯЎБА
Плошча збожжавых 2 800 га.
Прыярытэтная задача раслінаводства заключаецца ў стварэнні асновы для паспяховага развіцця жывёлагадоўлі. Да слова, гэты год для хлебаробаў гаспадаркі выдаўся хоць і не рэкордным, але ўраджайным. У бункернай вазе валавы намалот збожжавых і зернебабовых у бункернай вазе дасягнуў больш за 23 тысячы тон – гэта 35% ад агульнараённага каравая.
Як і ў мінулыя гады ў КСУП “Гудагай” стаўку робяць на азімыя культуры, якія на нашых глебах даюць большы ўраджай за яравыя.
– Мы набліжаемся да фінішу пасяўной кампаніі: на сённяшні дзень засеяна звыш 70-ці працэнтаў азімага кліна. Укладваемся ў аптымальныя тэрміны, – расказаў галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Ненартовіч. – Структура пасяўных плошчаў азімых з году год застаецца з большага нязменнай: на зіму сеем трыцікале, пшаніцу, ячмень, жыта. Не толькі мы, але і іншыя гаспадаркі будучы ўраджай бачаць у закладцы ў глебу насення ранняй восенню. Практыка паказвае, што азімыя збожжавыя даюць большую ўраджайнасць. Сёлета яны, напрыклад, сыпаліся за 65 цэнтнераў з гектара. Але і яравыя няблга ўрадзілі – ячмень на круг даваў 73 цэнтнеры.
У КСУП “Гудагай” робяць стаўку не толькі на якасны насенны матэрыял, але і на паўнавартасную падрыхтоўку глебы і правядзенне самой сяўбы – гэта немагчыма без сучаснай тэхнікі. Сельгаспарк у гаспадарцы абнаўляецца часта, “густа” і спраўна. Як прыклад, новы энерганасычаны трактар “Беларус-3522” і пнеўматычная ўніверсальная сеялка “Амега 6 000 Ферці” вытворчасці “Біякам тэхналогія”. Іх сёлета даверылі перадавому механізатару Віталю Мілэйшу.
– У гэтага агрэгата ўмяшчальны бункер – 5 тысяч літраў. Трэба менш траціць часу, каб спыняцца для яго запаўнення. Яшчэ адна з неаспрэчных пераваг – адначасовае ўнясенне мінеральных угнаенняў з прыкрываннем у глебу насення. Па-першае, гэта зручна, па-другое – эканоміць час. За праход адначасова засяваю 48 радкоў, – падзяліўся сейбіт. – Сеялка ўстойлівая, дзякуючы шахматнаму размяшчэнню калёс. Акрамя гэтага, ёсць дыскі, што дазваляе сеяць літаральна па ржышчы.
– Машына ва ўсіх сэнсах харошая, – дапоўніў механізатара галоўны аграном. – Сістэма PSP дазваляе ўносіць насенне на вызначаную тэхналагічную глыбіню і выдатна капіраваць няроўнасці рэльефа ва ўсіх накірунках. Усе налады гэтага пасяўнога комплексу і яго характарыстыкі толькі станоўча ўплываюць на якасць і тэмпы сяўбы.
Лічба
На раніцу 1 кастрычніка засеяна 95% азімага кліна.
БУЛЬБА
Плошча вырошчвання – 55 га.
Знаўцы сцвярджаюць, што вырошчванне другога хлеба затратнае і не вельмі прыбытковае для сельгаспрадпрыемства. Тым не менш, думаецца, гэту аксіёму сёлета можна аспрэчыць: попыт на бульбу, у прыватнасці у жыхароў Астравеччыны, небывалы! Відаць, з-за таго, што яна дрэнна ўрадзіла на сотках вяскоўцаў. У адрозненне ад людской, “калгасная” бульба ў гэтым годзе добрая.
Нагадаю, што па традыцыі крухмалістую вырошчваюць толькі ў КСУП “Гудагай” і “Гервяты” (35 га). Дарэчы, мінулі тыя часы, калі бульбу капалі ўручную: цяпер гэта выконваюць спецыяльныя механізаваныя агрэгаты.
Не першы год у КСУП “Гудагай” гэтым займаецца вопытны і адказны механізатар Аляксандр Замара. Дапамагаюць яму на ўборцы другога хлеба паляводы, якія, стоячы на спецыяльнай пляцоўцы камбайна, адбіраюць камяні з транспарцёра. Пасля таго, як вялізны механізаваны “капач” набіў бункер, бульба выгружаецца ў кузаў машыны, якія адвозяць яе на сховішча ў Малі. Там праводзяць сарціроўку бульбы: размяркоўваюць, што пойдзе на насенне, а што – на продаж.
– Добра сёлета яна ўрадзіла. Наша гаспадарка прадае бульбу сорту “Лель” усім ахвочым па 77 капеек за кілаграм. Хвалявацца не варта, упэўнены, што другога хлеба хопіць усім, – зазначыў механізатар. – Работнікі КСУП “Гудагай”, у тым ліку і пенсіянеры, маглі ўвогуле ў выпісаць соткі – у такім выпадку за кілаграм трэба было аддаць усяго 13 капеек.
Лічба
На 1 кастрычніка выкапана 73% бульбы ўраджайнасцю 380 ц/га. Накапана 1 521 т.
БУРАКІ
Плошча вырошчвання – 350 га.
Дарэчы, старт уборцы ў раёне менавіта гэтай культуры далі ў КСУП “Гудагай”. Да слова, цукровікі вырошчваюць усе гаспадаркі, у тым ліку сельгастэхніка і “Аграсервіс-ССК” Слуцкага цукроварафінаднага камбінату.
У апошнія гады буракі аграрыі ўбіраюць не ўласнай тэхнікай, а ўзятай у арэнду. Па словах спецыялістаў, эканамічна абаснавана і больш выгадна скарыстацца паслугамі старонняй арганізацыі. Другі сезон на гудагайскіх палях працуе энерганасычаны буракаўборачны камбайн нямецкай вытворчасці “Рэксор-6300”, які належыць фірме “Аграфінансы”.
Як адзначыў Андрэй Ненартовіч, перавагі гэтага капача ў высокапрадукцыйнасці, вялізным 30-тонным бункеры, сістэме ачысткі і разгрузцы кузава, адметнага бацвінневыдаляльніка і многага іншага.
Да слова, камбайн не толькі выкопвае, але і “буртуе” салодкія караняплоды. На змену яму заступае іншы буракаўборачны агрэгат “Кляйн”, які механізатары між сабой называюць “Мыш”. З поля буракі адвозяць у Гудагай, дзе яны па чыгунцы адпраўляюцца на перапрацоўку ў Слуцк і Жабінку.
Лічба
На 1 кастрычніка буракі ўраджайнасцю 477 ц/га выкапаны на 63% плошчаў. Накапана 10 500 т, вывезена – 10 000 т.
КУКУРУЗА
Плошчы вырошчвання на сілас – 1 560 га, на зерне – 571 га.
Да 70-80% прыбытку гаспадарцы прыносіць рэалізацыя прадукцыі жывёлагадоўлі, таму на яе патрэбы “заточана” раслінаводства. Цяпер па важнасці задача нумар адзін – убраць кукрузу на сілас, пакуль яна знаходзіцца ў фазе малочна-васкавой спеласці. Акрамя гэтага, у КСУП “Гудагай” плануюць назапасіць каля 1 500 тон плюшчаных зярнят гэтай культуры.
Адно задавальненне было назіраць за зладжанай, хуткай і спрытнай работай аднаго з кормаўборачных звёнаў непадалёк Дравянік.
Літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад новага малочна-таварнага комплекса, які тут будуецца, на “Ягуары” Сяргей Урлік жаў кукурузу. Побач з камбайнам па чарзе “ішлі” машыны, якія на ўсіх парах адвозілі здробненую масу на МТК, дзе яе закладвалі ў адносна нядаўна ўзведзеную траншэю. За працэсам сачылі не толькі мясцовыя спецыялісты, у прыватнасці заатэхнік-селекцыянер Ірына Валадзько, але і раённыя, з ветэрынарнай станцыі.
– На месцы вызначаем тэмпературу, вільготнасць кукурузы. Штодзённа адбіраем пробы будучага корма з усіх тэхналагічных ёмістасцей. У лабараторыі праводзім яго аналіз, – расказала лабарант-таксіколаг Юлія Афоніна. – Зазначу, што сілас нарыхтоўваецца з выкарыстаннем кансервантаў, тэхналагічныя ёмістасці закладваюцца згодна з рэгламентам, таму нараканняў не ўзнікае.
Лічба
На 1 кастрычніка кукуруза, ураджайнасцю 384 ц/га, на сілас ўбрана на 45% га. Валавы збор склаў 26 700 тон.