Главная→Новости→Новости→Астравецкая бібліятэка прадставіла цікавую праграму на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе
Астравецкая бібліятэка прадставіла цікавую праграму на Дні беларускага пісьменства ў Лідзе
11:16 / 06.09.2025
Сёння ў Лідзе праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства. Здзівіць гасцей свята, парадаваць сувенірамі і расказаць пра наш край сюды прыехалі астравецкія бібліятэкары. І ў іх гэта атрымалася.
Кожная раённая бібліятэка Гродзеншчыны прадставіла ў Лідзе адметнасці свайго краю. Астравец вырашыў зацікавіць гасцей урачыстасці скарбамі і традыцыямі нашага краю – бібліятэкары сустракалі наведвальнікаў нашай пляцоўкі ў прыгожых касцюмах, самаробным лялечным тэатрам для дзяцей і, канешне, кавай з жалудоў – брэндавым напоем нашага раёна.
– Для ўдзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства мы падрыхтвавалі сувеніры – у іх таксама наша кава, каб ужо дома яны пачаставаліся ёй і ўспомнілі нас, – расказала дырэктар Астравецкай раённай бібліятэкі Наталля Ачарэтава.
Яшчэ адной адметнасцю астравецкай пляцоўкі стала не зусім звычайная кніга рэцэптаў. Незвычайнасць яе ў тым, што ўсе рэцэпты страў, занатаваныя ў ёй, можна зрабіць з жалудоў.
– У кнізе не толькі кава з жалудоў, але і ўсё, што звязана з нашым раёнам. Дарэчы, рэцэпт напою быў запісаны на Астравеччыне ў вёсцы Спонды. З таго часу мы яе варым і прапануем нашым гасцям, – адзначыла Наталля Ачарэтава.
На пляцоўцы падрыхтаваны забавы і для самых маленькіх чытачоў. Спецыяльна для іх бібліятэкары стварылі лялечны тэатр, акцёры якога паставілі “Легенду пра дуб”.
– Акрамя таго, мы прапануем дзецям самім стаць лялькаводамі. А таксама паспрабаваць прыдумаць верш, апавяданне ці легенду пра сімвал нашага раёна, – гаворыць Наталля Ачарэтава.
Цудоўныя імгненні можна атрымаць і любуючыся карцінамі нашых мастакоў. Выстава карцін, напісаных у сядзібе Мар’яна Богуша-Шышкі ў Трокеніках падчас правядзення штогадовых пленэраў мастакоў “Лета ў правінцыі”, нікога не пакідае раўнадушным.
#НАШЕ ЛУЧШЕЕ #НАШАЛЕПШАЕ
Текст:
Елена Ярошевич
Фото:
Елена Ярошевич
Поделиться: