Вынікі апытання: што чытаюць нашы людзі? І чаму не чытаюць?

10:00 / 06.09.2025


Фото Pexels

Фото Pexels

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, каб высветліць, якім кнігам аддаюць перавагу нашы падпісчыкі і ці чытаюць увогуле, мы закінулі апытанку на сайт газеты і ў групы «АП» у сацыяльных сетках.

Варыянтаў адказу на пытанне «Ці чытаеце вы кнігі і якім аўтарам аддаяце перавагу?» было прапанавана некалькі: «Чытаю класіку: яна не старэе»; «Чытаю сучасных замежных аўтараў»; «Чытаю сучасную расійскую літаратуру»; «Сачу за навінкамі беларускай літаратуры»; «Чытаю пераважна мясцовых аўтараў»; «Чытаю ўсё, што закранае мае думкі і пачуцці», «Не чытаю нічога, акрамя стужкі навін».

Здагадайцеся, які адказ нашы рэспандэнты выбіралі найчасцей? Думаеце, яны не чытаюць нічога, акрамя навін? А вось і памыляецеся! Гэты варыянт на другім месцы: так адказалі 19 чалавек з 97-мі чытачоў, якія прынялі ўдзел у апытанні. Хоць і гэта, вядома, засмучальна шмат…

А найбольш – трэцяя частка – выбралі варыянт «Чытаю ўсё, што закранае мае думкі і пачуцці». Гэта заканамерна: мы выбіраем тую ці іншую кнігу, каб знайсці сугучнасць са сваімі струнамі душы. І, калі пашанцуе, з дапамогай пісьменнікаў і прапанаваных імі сюжэтаў, падслуханых думак, пачутых разваг, падгледжаных інтэрпрэтацый у ёй народзіцца новая мелодыя – веданне, адчуванне, разуменне.

На трэцім месцы ў нашай апытанцы аказаліся аматары нестарэючай класікі: гэты варыянт адказу выбралі 18 рэспандэнтаў.

Амаль што пароўну – 10, 8 і 7 чалавек адпаведна – аддаюць перавагу сучасным расійскім, замежным і мясцовым аўтарам.

А найбольш засмуціла апошняе месца, якое занялі ў інтарэсах нашай чытаючай публікі навінкі сучаснай беларускай літаратуры: такі адказ выбрала толькі 2 (!) чалавекі з амаль сотні рэспандэнтаў.

Так, вядома, наша апытанка не прэтэндуе на грунтоўнае сацыялагічнае даследаванне. Тым не менш, яе вынікі пацвярджаюць тэндэнцыі, якія сёння існуюць у грамадстве і якія бачны, што называецца, няўзброеным вокам. Значная частка людзей не чытае кніг увогуле. Тыя ж, хто чытае, выбіраюць найперш замежных і расійскіх аўтараў. З беларускіх, як нам сказалі ў раённай бібліятэцы, аддаюць перавагу класікам: Уладзіміру Караткевічу, Васілю Быкаву, Івану Шамякіну, Уладзіміру Гніламёдаву, Георгію Марчуку, Леаніду Левановічу… 

Чаму так адбываецца? На гэтае пытанне цяжка адказаць. Здаецца, і аўтары цікавыя ў Беларусі ёсць, і кнігі выходзяць – а не чытаюць іх. Не ведаюць? Няма граматнай піяр-кампаніі? Забыліся беларускую мову? Дык і тых, хто піша на рускай, не асабліва ведаюць і чытаюць – пакуль яны, да слова сказаць, як Влада Альхоўская, не пачнуць друкавацца ў вядомых расійскіх выдавецтвах.

Я не вазьму на сябе смеласць адказаць на сваё ж пытанне. Хоць праблему разумею.

Магчыма, на Дні беларускай пісьменнасці ў Лідзе, дзе ў бліжэйшыя выхадныя збярэцца цвет беларускай літаратуры, знойдуць на яго адказ? 

Ці хоць бы паспрабуюць знайсці…

Текст: Нина Рыбик