Чым касілі збожжа ім траву нашы продкі

14:00 / 17.07.2025

Другі этап конкурсу «Дзедаў­ская прылада» гэтаксама, як і першы, не выклікаў цяж­кас­цей у чыта­чоў (ці тыя, у каго выклікаў, не ад­гук­­ну­ліся?). Усе, хто напісаў ці патэлефанаваў, правільна адказалі, што на фота нават не дзе­даўская прылада, а ста­ра­даўні механізм: конная касілка. 
Некаторыя канкурсанты, у пры­ват­нас­ці, Генрых Лукашэвіч, Іры­на Яновіч, Наталля Блахіна пра­віль­на заў­важылі, што на здымку – мадэрніза­ваны варыянт касілкі, які пры­чапляўся да трактара, а не да коней. Многія ўспомнілі, што такімі ж былі і жняяркі. Напачатку і ў сярэдзіне мінулага стагоддзя яны моцна аблягчалі працу селяніна: шырыня пракосу ў такой касілкі, як паведамляе Анастасія Юшкявічус, – 1,1 метра: паспрабуй ручной касой ці сярпом столькі скасіць ці зжаць!
Таццяна Бразевіч да пераваг такіх касілак аднесла іх экалагічнасць, нізкі кошт эксплуатацыі, магчымасць пра­цаваць на складаных рэльефах і цяжка­даступных месцах (для работы на невялікіх палянках, балоцістых ці ўзго­рыстых мясцінах конную касілку выка­рыстоўвалі яшчэ і на памяці некаторых нашых канкурсантаў, у прыватнасці, Ларысы Гаваноўскай).
Вядома, былі ў яе і недахопы, пра якія таксама нагадала Таццяна. Асноўны з іх – абмежаваная прадукцыйнасць у параўнанні з сучаснымі машынамі.
Аляксандра Працута не толькі падрабязна расказала пра прын­цып дзейнасці механізма (гэта зрабіла большасць кан­курсантаў), але і даслала малюнак, дзе касілка паказана ў «ра­забраным» выгля­дзе. А яшчэ паведаміла гісторыю яе эва­люцыі. 
Дзякуючы Аляксандры, мы даве­даліся, што ў Расіі першую сена­касілку пры­думаў селянін Анд­рэй Хітрын. Попыт на гэтыя механізмы асабліва ўзрос пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе.
Канструкцыя касілак з цягам часу ўдасканальвалася, але прынцыпова не мянялася ажно пакуль коней не замянілі трактары: тады знікла сядушка для возчыка і прыстасаванні для запрагання. 
У СССР конныя касілкі з 1936 года вы­пускаліся на «Растсельмашы», а з 1949 года – на Любярэцкім заводзе імя Ухтомскага.
Прынцып работы касілкі быў максі­мальна просты. Чалавек, які сядзеў на сядушцы, адначасова кіраваў коньмі і касілкай: апускаў, падымаў ці зусім адключаў нажы, якія прыводзіліся ў дзеянне ад кручэння колаў. У нерабочым стане, калі касілка пераязджала з месца на месца, нажы падымалі, на полі апускалі і, пакуль касілка рухалася, зразалася трава ці збожжа.
«Я ўжо і прызабылася трохі, але здымак нагадаў, – расказала Леанарда Якель. – Запрагалі ў каня, садзіўся возчык, ехаў – і нажом касілкі зразалася трава і клалася ў пракосы. Гэтак жа касілі і збожжа. Мне было гадоў 14, калі ў калгасе за жняяркай звязвалі жыта ў снапочкі. На такую работу ха­дзілі мы са старэйшай сяст­рой. А яшчэ раней сярпамі жалі. Памя­таю, бры­гадзір ушчуваў, што надта высокае іржышча пакідаем, смяяўся, што мяне, малодшай, нават не відаць, а сястра адказала, што знарок так робіць, каб людзям яшчэ было што касіць. Некалі ж іржышча касілі, гэта цяпер і трава нікому непатрэбна».
Пра тое, як працавалі касілкі і як ім самім часам шанцавала пася­дзець на сядушцы, успомнілі Ген­рых Лукашэвіч і Рэгіна Дрэма, а  Аляксандры Працуце расказаў пра свае дзіцячыя ўспаміны бацька. 
Прыемна, што сярод нашых канкурсантаў людзі не толькі сталага веку, якія самі карысталіся дзедаўскімі прыладамі ці, па меншай меры, бачылі іх і тое, як з імі ўпраўляліся старэйшыя, але і людзі маладыя, нават школьнікі, як, да прыкладу, Мацвей Сакалоўскі. Для іх гэта лішняя нагода распытаць бабуль і дзядуль пра ранейшае жыццё-быццё ці пашукаць у інтэрнэце адказы на пытанні і больш даведацца пра мінуўшчыну.
У гэтым этапе конкурсу найбольшую колькасць балаў – 5 – атрымала Аляксандра Працута, якая даслала падрабязны адказ і нават праілюстравала яго. Я ўжо маўчу пра тое, як Аляксандра афармляе свае адказы на пытанні: гэта заслугоўвае дадатковага заахвочвання.
Чатыры балы мы аддалі Таццяне Бразевіч за яе падрабязны адказ. Па тры балы атрымалі Генрых Лукашэвіч, Анастасія Юшкявічус, Наталля Блахіна, Ірына Яновіч, Леанарда Якель, Рэгіна Дрэма; па 2 у Ларысы Гаваноўскай і Пятра Станкевіча, па аднаму – у Мацвея Сакалоўскага, Віктара Мізея і natali242 (у чарговы раз просім таямнічую Наталі паведаміць сваё прозвішча).  
Текст: Нина Рыбик