Пра свайго дзеда ветэрана вайны Мікіту Багачова расказвае Таццяна Нешытая
Мой дзед Мікіта Іванавіч Багачоў былы настаўнік Быстрыцкай базавай школы.
Нарадзіўся ў 1915 годзе ў невялікай беларускай вёсцы Смолькі Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Незабыўныя ўражанні дзяцінства. Прыгожыя мясціны вакол роднай вёскі. Дрымотны яловы бор, які суседнічае з расійскай Браншчынай. На жаль, у час фашысцкай акупацыі быў знішчаны: баяліся ворагі бранскіх партызанаў.
І на ўсё жыццё запомніліся вузенькія шнуры сялянскай зямлі, пакрыўленыя, пахілыя, як старыя бабулі, хаціны са стрэхамі, зарослымі зялёным мохам, і з падслепаватымі акенцамі. З аўтабіяграфіі дзядулі даведалася, што толькі пра кавалак хлеба і былі размовы. Невялікія надзелы неўрадлівай зямлі не маглі пракарміць сялянскія сем’і – толькі дзяцей было сямёра.
З малых гадоў Мікіта Іванавіч пасвіў гусей, пасля авечак, а пазней – кароў. Вадзіў коней на начлег.
У памяці чатырохгадовага хлапчука назаўсёды засталіся самотныя жніўныя песні адзінокіх салдатак, на плечы якіх ляглі клопаты аб сям’і. Ішла грамадзянская вайна, якая не абышла і вёску Смолькі. Галасілі жанчыны, адпраўляючы мужоў, старэйшых сыноў на вайну. Бацьку, Івана Давыдавіча, прасілі пісаць лісты мужыкам на фронт.
Лягчэй стала жыць, калі раздалі панскую зямлю.
У Смольках пабудавалі пачатковую школу. Запаветнай марай бацькоў было даць дзецям адукацыю. Самі яны не мелі магчымасці вучыцца. Бацька крыху пісаў, чытаў, а маці была неадукаваная. Закончыўшы пачатковую школу, старэйшы сын Мікіта накіраваўся ў Саматэвіцкую сямігодку. Жыў на кватэры. Штосуботу прыходзіў дамоў, а ў нядзелю з мяшком за плячыма крочыў назад. Мікіта расказваў сваім вясковым сябрам пра тое, што даведаўся на ўроках: пра міжнароднае становішча, дзікія плямёны, моры, вулканы.
У 30-я гады ў вёсцы арганізавалі камсамольскую ячэйку, членам якой стаў і мой дзед.
У хуткім часе, паспяхова здаўшы ўступныя экзамены ў Ленінградскі медыцынскі інстытут, стаў студэнтам першага курса. Навучанне патрабавала вялікіх сродкаў, стыпендыі не плацілі. Дапамогі чакаць не было ад каго. Малодшыя браты і сёстры яшчэ вучыліся ў школе, бацькі-калгаснікі не маглі даць сыну грошай. У гэты час у Рагачове адкрыўся настаўніцкі інстытут, дзе давали стыпендыю. Юнак паступіў туды, у 1940 атрымаў прафесію выкладчыка гісторыі ў першых сямі класах НСШ і паехаў працаваць настаўнікам на Копыльшчыну.
1940 год. Багачоў М.І.– студэнт Рагачоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута
А праз год пачалася вайна . Мікіта Іванавіч быў прызваны па мабілізацыі Копыльскім РВК 23 чэрвеня 1941 года і залічаны мінамётчыкам у 398-мы лёгкі артылерыйскі полк. Неаднойчы даводзілася дзеду быць і перакладчыкам, калі разведчыкі дастаўлялі “языка”.
1940г. Багачоў М.І.– настаўнік гісторыі Крывасёлкаўскай НСШ Копыльскага раёна
А вось кантузія, атрыманая ў адным з баёў, заставіла пахвалявацца не толькі байца, але і камандзіра палка, які ганарыўся, што лепшы знаўца нямецкай мовы – у яго палку. 5 красавіка 1945 года Мікіта Іванавіч атрымаў раненне ў паясніцу.
Пасля выхаду са шпіталя быў залічаны мінамётчыкам у 67-ю цяжкую мінамётную брыгаду. Прымаў удзел у штурме Берліна.
Узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэнам Чырвонай Зоркі.
Ваенны білет Багачова М.І.
Узнагарода «За взятие Берлина»
Звольнены ў запас 25 лістапада 1945 года.
Ішоў восьмы месяц пасля вайны. Кожны дзень вярталіся дамоў салдаты. На пачатку снежня на парозе бацькоўскай хаты з’явіўся ў вайсковым шынялі баец – сын вярнуўся дамоў.
Старонка са школьнага музейнага пакоя былой Быстрыцкай базавай школы, прысвечаная ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх Багачоў М.І. (трэці рад, 5-ы справа).
І ўжо ў студзені 1946 года настаўнік у вопратцы вайскоўца ўзначаліў Сямашкінскую НСШ. З верасня 1947 года быў школьным інспектарам у Ашмянскім раёне, там сустрэў будучую жонку.
1947 г. Багачоў М.І. (у цэнтры) з настаўнікамі і вучнямі Граўжышскай НСШ Ашмянскага раёна.
Сям’я Багачовых прыехала ў вёску Быстрыцу Астравецкага раёна. У мясцовай школе працаваў з 1951 года па 1975 год. Завочна закончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, вучыўся на гістарычным факультэце. У школе выкладаў розныя прадметы: гісторыю, хімію, біялогію, беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову, геаграфію.
1959 год. Багачоў М.І. (першы справа)з настаўнікамі і вучнямі Быстрыцкай сямігадовай школы
Мікіта Іванавіч вучыў сваіх выхаванцаў любіць родную мову, прыроду, паважаць чалавека, быць патрыётам сваёй Радзімы.
Таццяна НЕШЫТАЯ.